Абаронца Юрыя Паўлаўца: «Ён не называў беларускую мову мёртвай»

Архіўнае фота. Суд над аўтарамі расейскага сайту Regnum. На лаве падсудных грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка. Менск, 18 сьнежня 2017 году

У судовых спрэчках на працэсе над аўтарамі пракрамлёўскага агенцтва «Рэгнум» выступіла абаронца Юрыя Паўлаўца Крысьціна Марчук.

Адвакат заявіла, што ў дзеяньнях Юрыя Паўлаўца не было складу злачынства па 3 частцы 130 артыкулу (распальваньне варожасьці ў складзе групы) і таму просіць яго апраўдаць і вярнуць маёмасьць.

Пра сьледчага Мацкевіча

Адвакатка Марчук пачала сваю прамову з заявы, што ў дзеяньнях сьледчага па справе «Рэгнум» Мацкевіча нібыта ёсьць прыкметы злачынства, бо ён прыцягнуў да крымінальнай адказнасьці заведама невінаватых асобаў, у тым ліку Юрыя Паўлаўца.

Марчук заявіла суду, што ў тэкстах Паўлаўца не было ані заклікаў да нянавісьці і варожасьці, ані прапаганды нянавісьці і варожасьці па нацыянальнай і сацыяльнай прыкмеце, у чым ён быў абвінавачаны. Таксама, на думку абаронцы, ня быў высьветлены матыў падсуднага Паўлаўца. Свае артыкулы Юры Паўлавец пісаў з навуковай мэтай і каб зарабіць грошы, а ня дзеля распальваньня нянавісьці і варожасьці, гэтага яму ніхто не прапаноўваў і не загадваў, сказала суду Крысьціна Марчук.

Пра справу Юрыя Баранчыка, які схаваўся ў Маскве

Адвакатка Марчук лічыць адным з доказаў невінаватасьці падсудных тое, што ў Расеі адмовіліся перасьледаваць рэдактара «Рэгнум» Юрыя Баранчыка, які заказваў артыкулы Юрыю Паўлаўцу ды іншым беларускім аўтарам «Рэгнум». Супраць Баранчыка беларускія сьледчыя заводзілі справу, але цяпер спынілі. Рэдактар «Рэгнум» Юры Баранчык пасьля запыту зь Беларусі быў на пэўны час у Маскве затрыманы, але ў выніку маскоўскі раённы суд яго вызваліў. Дзе ён цяпер, беларускія сьледчыя, як яны сьцьвярджаюць, ня ведаюць, таму мусілі справу прыпыніць. У Расеі да аўтараў «Рэгнум» няма прэтэнзій, — заўважыла адвакатка Паўлаўца.

Юры Баранчык, архіўнае фота

Пра злачынства ў складзе групы

«Адзін плюс адзін плюс адзін ня ёсьць група», — сказала адвакатка. Паводле Крысьціны Марчук, сьледзтва ня высьветліла асобаў, зь якімі яе падабаронны Юры Паўлавец нібыта ўчыняў злачынства «ў складзе групы». Ня высьветленыя засталіся і матывы ўсіх чальцоў групы.

Пра экспэртызы

Экспэртызу артыкулаў Юрыя Паўлаўца адвакатка назвала неабгрунтаванай, супярэчлівай і палітычна ангажаванай. Крысьціна Марчук нагадала суду, што ў тэксьце экспэртызы была выяўленая памылка ў перадачы статыстычных дадзеных пра колькасьць грамадзянаў, якія прызналі беларускую мову роднай. Дадзеныя былі завышаныя, што прызнала і экспэртка, нагадала адвакатка. «Легкадумна яны там ставяцца да экспэртызы, на падставе якой людзей пазбаўляюць волі», — адазвалася яна пра экспэртаў.

Увогуле абаронца засумнявалася, што экспэртызу, на падставе якой 2 сьнежня 2016 году была заведзеная крымінальная справа супроць Юрыя Паўлаўца, правялі своечасова і паводле прызначанага парадку. Як мяркуе адвакатка, экспэртызу вывучылі ў сьледчых органах падазрона хутка. «Сьледчаму Мацкевічу давялося за 1,5 гадзіны прачытаць 47 старонак тэксту — хіба гэта магчыма?»

Паводле Крысьціны Марчук, экспэрты не ўлічылі розьніцу ў заканадаўстве Расеі і Беларусі, а таму былі зробленыя істотныя памылкі і ў псыхоляга-лінгвістычнай экспэртызе артыкулаў Юрыя Паўлаўца. «Увогуле экспэрты не нясуць за свае высновы абсалютна ніякай адказнасьці», — заўважыла абаронца Юрыя Паўлаўца.

Юры Паўлавец ў залі суду 18 сьнежня 2018 году

Пра ВКЛ

Падрабязна адвакатка прааналізавала заўвагі экспэртаў да тэкстаў Юрыя Паўлаўца і адзначыла моманты, дзе былі зробленыя неабгрунтаваныя высновы. «Паўлавец адкрытым тэкстам пісаў, што ВКЛ — аснова сучаснай беларускай дзяржавы. Чаму экспэрты вырашылі, што ён прапагандуе міты пра Беларусь?»

Пра беларускую мову

Паводле абаронцы, высновы экспэртаў адносна нэгатыўнага стаўленьня Юрыя Паўлаўца да беларускай мовы надуманыя. «Паўлавец сапраўды піша пра дрэнны стан беларускай мовы, у тым ліку згадвае ацэнку ААН, дадзеную беларускай мове, што яна ў небясьпечным становішчы. Але дзе тут дрэннае і зьняважлівае стаўленьне Паўлаўца да мовы?» — дзівіцца адвакатка. «Паўлавец не называў беларускую мову мёртвай», — абвергла экспэрта Гатальскую абаронца Юрыя Паўлаўца і дадала: «Невядома, якімі сьцежкамі экспэрты прыходзяць да супярэчлівых высноваў».

Адвакатка Крысьціна Марчук выступала 2,5 гадзіны і працягне выступ 24 студзеня. Чакаецца, што заўтра судовыя спрэчкі будуць скончаныя і стане вядома, калі прагучыць прысуд аўтарам агенцтва «Рэгнум».

Ці трэба саджаць за нелюбоў да Беларусі. 5 тэзаў Карбалевіча і Цыганкова