Біблейнае таварыства бярэцца за міжканфэсійны пераклад Бібліі

У Біблейным таварыства Беларусі створаная міжканфэсійная перакладчыцкая камісія.

Пра гэта, паводле агенцтва БелаПАН, паведаміў выканаўчы дырэктар гэтай арганізацыі Ігар Міхайлаў, выступаючы падчас экумэнічнага набажэнства ў менскім катэдральным касьцёле Найсьвяцейшай Панны Марыі.

«У кожнай з канфэсій ужо ёсьць свае пераклады Новага Запавету, але тэрміналёгія часта адрозьніваецца, — цытуе Міхайлава афіцыйны партал Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі catholic. by. — Міжканфэсійная камісія будзе рабіць пераклад са старажытнагабрэйскай мовы і параўноўваць яго з Сэптуагінтай (александрыйскі збор перакладаў Старога Запавету на старажытнагрэцкую мову III–I стагоддзяў да нашай эры). Спадзяюся, што з дапамогай дыялёгу нам удасца перавесьці ўсю Біблію цалкам. Калі ж не, то мы створым хаця б каркас, які кожная канфэсія зможа выкарыстаць, уставіўшы ў яго сваю тэрміналёгію».

Паводле слоў выканаўчага дырэктара Біблейнага таварыства, узяць удзел у працы камісіі ўжо пагадзіліся каталікі, грэка-каталікі і баптысты. Апрача іх у склад камісіі павінны ўвайсьці прадстаўнікі праваслаўнай царквы, а таксама адвэнтысты і пяцідзесятнікі.

З перакладам прадстаўнікам рэлігійных структур будуць дапамагаць філёлягі, гісторыкі і біблеісты.