«Хоць у Антарктыду, абы быў посьпех», — Макей пракамэнтаваў інфармацыю пра магчымы перанос перамоваў па Данбасе

Уладзімер Макей

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей пракамэнтаваў інфармацыю пра магчымы перанос перамоваў пра ўрэгуляваньне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны зь Менску ў іншае месца, паведамляе БЕЛТА.

«Наўрад ці што-небудзь залежыць ад месца правядзеньня перамоваў. Перамовы пра Ўкраіну можна перанесьці хоць у Антарктыду, калі будзе ўпэўненасьць у іх посьпеху. Але для зьяўленьня гэтай упэўненасьці трэба, каб усе ўцягнутыя ў гэты канфлікт бакі, а таксама нібыта „староньнія“, але вельмі зацікаўленыя дзяржавы былі шчыра нацэленыя на спыненьне кровапраліцьця», — сказаў міністар.

Макей заявіў, што, у адрозьненьне ад іншых, Беларусь за ляўрамі міратворцы ня гоніцца, «але гэта канфлікт у нашай сям’і, у нашым рэгіёне, і мы кроўна зацікаўленыя ў яго вырашэньні».

«Варта нагадаць: не Беларусь напрошвалася ў якасьці пляцоўкі для правядзеньня перамоваў па Ўкраіне, а кіраўнікі краінаў нармандзкай чацьвёркі выказалі просьбу да прэзыдэнта Лукашэнкі прыняць у сябе ўдзельнікаў сустрэч па ўрэгуляваньні ўкраінскага канфлікту», — адзначыў міністар.

Уладзімер Макей падкрэсьліў, што прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка неаднаразова прапаноўваў розныя варыянты ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу, у тым ліку гатоўнасьць забясьпечыць кантроль беларускімі міратворцамі ўкраінска-расейскай мяжы і лініі судакрананьня.

Назарбаеў: Трамп прапануе перанесьці перамовы пра Данбас зь Менску

18 студзеня прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, які наведаў ЗША з афіцыйным візытам, паведаміў па выніках перамоваў з Дональдам Трампам, што прэзыдэнт ЗША выступіў з прапановай перанесьці перамовы пра ўрэгуляваньне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны зь Менску ў іншае месца.

Апошні раўнд перамоваў трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе адбыўся ў Менску 18 студзеня. На ім бакі абмяркоўвалі прыняты Вярхоўнай Радай Ўкраіны закон аб рэінтэграцыі Данбасу.

Наступная сустрэча кантактнай групы ў Менску заплянаваная на 31 студзеня. Паводле інфармацыі Міністэрства замежных спраў, у 2017 годзе Беларусь арганізавала 26 сустрэч трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

«Казахстан, як і Беларусь, не нэўтральная пляцоўка», — ва Ўкраіне адрэагавалі на заяву Назарбаева