Лябедзька і Губарэвіч пагаварылі зь міністрам абароны пра дзедаўшчыну і расейскія базы

Дзедаўшчына ў арміі стала галоўнай тэмай дыскусіі, якую правялі ў Наваградку зь міністрам абароны Беларусі Андрэем Раўковым старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч. Апазыцыйныя палітыкі скарысталіся магчымасьцю паразмаўляць зь міністрам на асабістым прыёме, які адбыўся ў Наваградку.

Расейскіх вайсковых баз ня будзе

Цяпер у Беларусі дзейнічаюць два расейскія вайсковыя аб’екты ў Ганцавічах і Вілейцы, зьяўленьне іншых не плянуецца, заявіў міністар абароны Андрэй Раўкоў, адказваючы на пытаньне старшыні руху «За свабоду» Юрыя Губарэвіча.

Дзедаўшчына — самае страшнае

«Чырвонай ніткай праз усю размову праходзіла пытаньне дзедаўшчыны ў беларускім войску. Мы нагадалі міністру трагічны выпадак у Печах і выказалі свае прапановы, як можна пазьбегчы падобнага і надалей», — сказаў Свабодзе Юрась Губарэвіч.

«І тут міністар пачаў нам казаць, што ў гэтым віна ня толькі Міністэрства абароны. Маўляў, адносіны паміж маладымі людзьмі пачынаюць фармавацца пад уплывам агульнага выхаваньня, якое пачынаецца яшчэ зь дзіцячага садку. І ідзе далей праз школу і сям’ю. І, як мне падалося, Раўкоў ня верыць, што гэтую праблему можна выкараніць цалкам. Яна была, ёсьць і будзе. Але змагацца зь ёй, прызнаў міністар, неабходна», — перадае свае ўражаньні лідэр руху «За свабоду».

Вучэбны цэнтар у Печах

Што прапанавалі міністру

Ад імя правацэнтрысцкай кааліцыі Губарэвіч і Лябедзька перадалі міністру абароны некалькі прапановаў. У прыватнасьці, яны хочуць бачыць пры абмеркаваньні вайсковых пытаньняў на сталай правацэнтрысцкай дыскусійнай пляцоўцы прадстаўнікоў вайсковага ведамства Беларусі.

«Мы згадалі пра абмеркаваньне праблемаў рэгіянальнай бясьпекі на нашым форуме з экспэртамі зь Беларусі, Літвы і Польшчы. На яго запрашалі і прадстаўнікоў Міністэрства абароны. На жаль, яны не прыйшлі. А сёлета тэма дыскусіі — як эфэктыўна змагацца зь дзедаўшчынай. Таму, карыстаючыся выпадкам, мы запрашаем экспэртаў Мінабароны прыйсьці і выказаць сваё бачаньне праблемы», — сказаў Свабодзе Анатоль Лябедзька.

Яшчэ адна прапанова — раіцца з грамадзкасьцю перад тым, як на сэсію Палаты прадстаўнікоў выносяцца вайсковыя законапраекты. Апазыцыя прапануе ўключыць у закон аб статусе ваеннаслужачага дадатковыя параграфы, якія зробяць казарму больш празрыстай і адкрытай.

Лідэры апазыцыі падкрэсьлілі, што яны ня супраць патрыятычнага выхаваньня ў беларускім войску. Аднак, на іх думку, акцэнты ў гэтым працэсе трэба перанесьці са спадчыны Расейскай імпэрыі на спадчыну вядомых беларускіх палкаводцаў, пачынаючы зь Вялікага Княства Літоўскага. А каб не памыліцца, трэба правесьці з удзелам Міністэрства абароны і навукоўцаў-гісторыкаў супольныя канфэрэнцыі.

Лябедзька: Чаканьні былі горшыя

Анатоль Лябедзька таксама сказаў Свабодзе, што чакаў ад сустрэчы горшага. Асабліва пасьля таго, як у апазыцыянэраў забралі мабільныя тэлефоны і іншыя электронныя прыстасаваньні.

«Але атрымалася нармальна. Размова была вельмі напружаная напачатку. Можа, Раўкоў і яшчэ 8 палкоўнікаў і падпалкоўнікаў, якія былі зь ім, думалі, што мы расшпілім гузікі, дастанем плякат „Раўкова — у адстаўку!“ Але пакрыху насьцярожанасьць адышла. І тут маё ўражаньне і Юрася Губарэвіча супадаюць. Яны пабачылі, што мы гаворым нармальныя рэчы. І чым далей мы гаварылі, тым болей яны ківалі галавой, што з гэтым яны пагаджаюцца. Можа, пакуль яшчэ не на вайсковым роўні, але на сваім, чалавечым», — кажа лідэр АГП.

А старшыня руху «За свабоду» дадаў: «У цэлым мы не перабольшваем. Ведаем, што можа адбыцца добрая размова, а пасьля яе нічога ня зьменіцца. Галоўнае, мы пакінулі канкрэтныя прапановы. Паглядзім, што з гэтага вырасьце далей».