Дзеля павышэньня бясьпекі дзяцей на дзіцячым садку № 18 у Сьветлагорску ўсталявалі камэры відэаназіраньня.
Пасьля таго як 3 студзеня зь дзіцячага садку № 21 у Сьветлагорску ўцяклі трое хлопчыкаў, намесьнік старшыні Сьветлагорскага райвыканкаму Канстанцін Пятроўскі заявіў, што ў дзіцячых садках плянуюць усталяваць камэры відэаназіраньня.
Першым садком, які абсталявалі такім чынам, стаў дзіцячы садок № 18. Тры відэакамэры, відэарэгістратар набытыя за кошт спонсарскай дапамогі аднаго з індывідуальных прадпрымальнікаў.
Як патлумачыла мясцоваму тэлеканалу «Ранак» загадчыца дзіцячага садку Тацяна Акуліч, ва ўстанове больш за 200 выхаванцаў, і «за імі дагледзець вельмі складана».
«Вось гэтыя камэры нам дапамогуць у гэтым, і яшчэ збоку назіраць, чым займаюцца нашы дзеці», — сказала Тацяна Акуліч.
Відэаназіраньне за тэрыторыяй садку будзе весьціся дзень і ноч. Уся інфармацыя з камэр будзе захоўвацца цягам месяца. Відэа будзе паступаць на кампутар загадчыцы. Відэакамэры ўсталяваныя так, каб былі відаць весьнічкі, вароты і пляцоўкі для гульні, каб двор праглядаўся максымальна.
Паводле Тацяны Акуліч, у садку плянуецца таксама паставіць электронныя замкі. Тады вахцёр зможа не пакідаць сваё месца працы пры маніторы, каб адчыняць дзьверы, а бацькі атрымаюць адмысловыя карткі або чыпы.
Канстанцін Пятроўскі паведаміў БЕЛТА, што бліжэйшым часам камэры відэаназіраньня зьявяцца ў дзіцячых садках № 1, 22 і ў іншых буйных установах.
Увечары 3 студзеня са сьветлагорскага дзіцячага садку № 21 уцяклі трое хлопчыкаў 3–4 гадоў. Бацькі, якія прыйшлі забіраць дзяцей, не змаглі іх знайсьці. На пошукі ўцекачоў паднялі ўсю міліцыю раёну. Праз 40 хвілін дзяцей знайшлі ў дызэль-цягніку, які ехаў да Жлобіна. За гэтае здарэньне звольнілі загадчыцу садку № 21 і выхавацельку.