Актывісты АГП у судзе: «Рыхтуецца новая фальсыфікацыя выбараў»

Старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі АГП Мікалай Казлоў у судзе

9 студзеня суд Цэнтральнага раёну не задаволіў пазоў Менскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі да адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску адносна фармаваньня выбарчых камісій на выбарах у гарсавет, якія адбудуцца 18 лютага. Сталічная арганізацыя АГП патрабавала адмяніць рашэньне адміністрацыі, якая не ўключыла прадстаўнікоў АГП у склад выбарчых камісій 41-й Старавіленскай выбарчай акругі.

Па гэтай акрузе ў выбарах у Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў балятуецца старшыня гарадзкой арганізацыі АГП, былы міліцыянт Мікалай Казлоў. Паводле Мікалая Казлова, ва ўсе 13 выбарчых камісій гэтай акругі АГП прапанаваў сваіх прадстаўнікоў, але ніводзін зь іх ня быў уключаны ў камісіі.

«Гэта палітычная дыскрымінацыя. Такі падыход пры фармаваньні выбарчых камісій наносіць шкоду ўсім выбарцам, вось з прычыны такіх дзеяньняў людзі зьняверыліся ў выбарах», — заявіў суду Мікалай Казлоў і падрабязна расказаў пра свой досьвед назіраньня за выбарамі.

«Чаму большасьць сябраў камісіі — з аднаго прадпрыемства?»

Мікалай Казлоў вядомы тым, што яшчэ ў 2008 годзе, калі служыў міліцыянтам, выкрываў фальсыфікацыі на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Ён асабіста «схапіў за руку» сябраў выбарчай камісіі, якія падкідвалі бюлетэні ў скрыні падчас датэрміновага галасаваньня. Паводле былога міліцыянта, падобная фальсыфікацыя рыхтуецца і цяпер. Пра гэта сьведчыць, на ягоную думку, тое, як сфармаваныя выбарчыя камісіі.

«З году ў год у акружной камісіі адны і тыя ж людзі, якія і робяць гэтыя фальсыфікацыі. Мы прапанавалі іншых людзей — дасьведчаных, палітычна актыўных. Гэта старшыня партыі Анатоль Лябедзька, юрыст Антаніна Кавалёва, былы дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандар Дабравольскі, іншыя сябры АГП. Але адміністрацыя Цэнтральнага раёну не захацела іх уключаць у камісіі. Чаму?»

Мікалай Казлоў прысутнічаў на паседжаньні ў адміністрацыі, якое прайшло 3 студзеня, і расказаў, як праходзілі выбары ў камісіі.

«Былі раней падрыхтаваныя сьпісы. Старшыня называў чалавека, і калі ён ёсьць у гэтым сьпісе, дык за яго галасавалі, а калі не, дык не галасавалі. У мяне склалася ўражаньне, што мяне там дурылі».

Паводле Мікалая Казлова, у выбарчыя камісіі падбіраюць людзей пераважна з аднаго працоўнага калектыву, якіх запісваюць як сябраў розных праўладных партый і арганізацый.

«Але гэта ўсё людзі з адной палітычнай калоды, іх проста тасуюць, як карты. Потым яны закрываюць вочы на любую фальсыфікацыю ўладаў», — лічыць Мікалай Казлоў.

Прадстаўнік АГП паведаміў, што прасіў у адміністрацыі Цэнтральнага раёну паказаць яму дакумэнты, дзе бачна, зь якіх працоўных калектываў людзі, абраныя ў выбарчыя камісіі, але яму адмовілі. Запатрабаваць такія дакумэнты Мікалай Казлоў прасіў і суд, але і суд не пажадаў гэтым займацца.

«Усё праходзіла паводле закону ў вызначаны тэрмін»

Прадстаўніца адміністрацыі Цэнтральнага раёну Вольга Гурыновіч, якая прымала заяўкі на ўключэньне ў выбарчыя камісіі, расказала, як праходзіла паседжаньне выканкаму.

Прысутнічалі, зь яе слоў, 9 з 11 сябраў выканкаму — значыць, «кворум быў». Парадак паседжаньня быў зацьверджаны праз галасаваньне, а інфармацыя папярэдне была зьмешчаная на сайце. Прымаліся дакумэнты аж з 18 сьнежня, і ў выніку на 654 месцы сябраў камісій было пададзена 725 заявак, а таму «па некаторых, калі была канкурэнцыя, праходзіла абмеркаваньне».

Напярэдадні, паводле Вольгі Гурыновіч, яны «абзванілі большасьць кандыдатур.

«Усё было падрыхтавана ў адпаведнасьці з законам», — сказала Вольга Гурыновіч і папрасіла суд пазоў АГП не задавальняць.

Таксама супрацоўніца адміністрацыі паведаміла, што ў камісіі, як і патрабуе закон, не вылучалі дзяржаўных службоўцаў, судзьдзяў альбо пракурораў, і што было 74% прадстаўнікоў партый і арганізацый, а астатнія 26% вылучаліся ад працоўных калектываў.

Ад якіх партый вылучаліся ў камісіі? Ад ЛДПБ, Рэспубліканскай партыі, Сацыяльна-спартыўнай партыі, — згадала чыноўніца і пацьвердзіла, што ўсіх вылучэнцаў ад АГП у камісіі не ўключылі. «Такія былі вынікі галасаваньня».

«Я таксама маральна ўстойлівы. Чаму мяне не ўключылі ў камісію?»

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька выступіў у судзе як сьведка. Яго вылучалі ў выбарчую камісію, але адбор адміністрацыі Цэнтральнага раёну ён не прайшоў, як і іншыя сябры АГП.

«Чаму? Хіба ў мяне недастаткова палітычнага і выбарчага досьведу? Але ж я двойчы абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету, у мяне вышэйшая адукацыя, ведаю францускую мову. Нарэшце, я маральна ўстойлівы — з жонкай жыву ўжо 35 гадоў. Чаму прадстаўнікоў Сацыяльна-спартыўнай партыі, якая не вылучае на выбарах нікога, бяруць у камісіі, а ад АГП не бяруць?» — абураўся Анатоль Лябедзька.

Паводле палітыка, апазыцыйныя партыі, як АГП, у Беларусі на выбарах увесь час дыскрымінуюць, прадстаўнікоў партыі не прапускаюць у выбарчыя камісіі, каб не зашкодзілі далей фальшаваць выбары.

«Гэтую сыстэму прыйшоў час мяняць», — заявіў суду Анатоль Лябедзька.

Палітык дадаў, што яму напярэдадні паседжаньня выканкаму ніхто не званіў і не інфармаваў, што патрэбная ягоная характарыстыка.

«Чамусьці з ГУМу — большасьць прадстаўнікоў камісіі»

Калі Анатоля Лябедзьку на гутарку не паклікалі, дык намесьніка старшыні АГП Антаніну Кавалёву знайшлі час прыняць нават увечары 31 сьнежня.

«Са мной размаўляла Вольга Гурыновіч і засталася задаволеная маімі адказамі на яе пытаньні пра паўнамоцтвы і працу камісіі», — засьведчыла суду Антаніна Кавалёва.

Чаму яе не ўключылі ў камісію і якія былі да яе прэтэнзіі, яна таксама ня ведае. «Нават не патлумачылі».

У судзе Антаніна Кавалёва выказала думку, што ў камісіі, у якую яе не ўключылі, большасьць сябраў — тыя, хто працуе ў ГУМе. Актывістка АГП мяркуе, што гэта невыпадкова. Але ці так гэта, суд праверыць адмовіўся.

Паводле Антаніны Кавалёвай, існуе загад не ўключаць прадстаўнікоў АГП у выбарчыя камісіі «ні ў якім выпадку».

Хто будзе лічыць галасы на мясцовых выбарах у Беларусі: 5 галоўных прыкметаў

Пасьля суду Мікалай Казлоў гэтак пракамэнтаваў пастанову судзьдзі Андрэя Дзенікевіча, які не задаволіў пазоў АГП:

«Становіцца сумна і трывожна за краіну, дзе насьміхаюцца ня толькі з выбараў, але і з закону».

Мікалай Казлоў прасіў суд адрэагаваць на ягоную заяву аб падрыхтоўцы злачынства — фальсыфікацыі будучых выбараў у Менскі гарсавет.

«Гэта ваша асабістая думка. Калі вы лічыце, што ёсьць злачынства, вы можаце зьвярнуцца да адпаведнага органа», — сказаў судзьдзя.

На пачатку паседжаньня судзьдзя Андрэй Дзенікевіч разглядаў хадайніцтва Мікалая Казлова аб вядзеньні онлайн-відэарэпартажу з суду. «Гэта трэба, каб людзі ведалі, што адбываецца», — тлумачыў неабходнасьць здымак Мікалай Казлоў. Аднак пракурор і прадстаўнікі адміністрацыі Цэнтральнага раёну Вольга Гурыновіч і Тацяна Кавалеўская выказаліся супраць, і судзьдзя здымкі забараніў.