3 лістапада 2017 году Віцебскі абласны суд задаволіў апэляцыйную скаргу жанчыны на вырак суду Чыгуначнага раёну, у якім там Вольгу Сьцяпанаву прызналі вінаватай у прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці. Справу, распачатую супраць яе паводле артыкулу 144 Крымінальнага кодэксу, накіравалі на паўторны разгляд, і цяпер гэта зробіць ужо не раённы, а Віцебскі абласны суд.
Чаму паўторны разгляд не даверылі Чыгуначнаму райсуду, дзе справа разьбіралася раней, не патлумачылі.
Суд пачаўся. Судзьдзя абласнога суду Галіна Бондал адразу абвясьціла, што працэс закрыты, бо падчас яго будуць агучаныя зьвесткі з асабістага жыцьця падсуднай. Самой Вольгі Сьцяпанавай на працэсе няма ( ажуць, яна напісала хадайніцтва, каб справу разглядалі безь яе), яе інтарэсы прадстаўляе адвакат Надзея Бірукова. Адвакатка сказала, што нешта камэнтаваць будзе толькі па выніках. Тэрміны, калі завяршыцца разгляд справы, прадказваць не бярэцца.
Падчас першага разгляду справа Вольга Сьцяпанава настойвала на тым, каб суд быў адкрытым. Яна не лічыла сябе вінаватай у сьмерці народжанай дома дзяўчынкі і цяпер трымаецца той самай пазыцыі.
19-га лютага 2017 году ў віцебскай кватэры маці жыхарка Санкт-Пецярбургу Вольга Сьцяпанава нарадзіла сваю малодшую дачку, але не змагла даць рады, калі заўважыла, што дзіця ня дыхае. Паводле сваякоў, выкліканая хуткая дапамога прыехала несвоечасова, і дзіця ўратаваць не змаглі. Менавіта мэдыкаў Вольга Сьцяпанава вінаваціць у сьмерці дзіцяці. Пра гэта яна адкрыта заявіла ў відэазвароце да Аляксандра Лукашэнкі, дзе прасіла спыніць распачатую супраць яе крымінальную справу ды пакараць лекараў, якія, на яе думку, неналежным чынам выканалі свае прафэсійныя абавязкі.
7-га верасьня Чыгуначны райсуд Віцебску прызнаў Вольгу Сьцяпанаву вінаватай у сьмерці нованароджанай дачкі. Ёй было прысуджана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 6 месяцаў з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах калёніі-пасяленьня. Жанчына скарысталася сваім правам на абскарджаньне прысуду і пасьля працэсу ў раённым судзе знаходзілася ў Віцебску пад падпіскай аб нявыезьдзе. 3-га лістапада калегія абласнога суду разгледзела скаргу жанчыны і адмяніла вырак.
Неўзабаве пасьля адмены прысуду, выступаючы перад зьездам акушэраў-гінэколягаў і нэанатолягаў Беларусі, міністар аховы здароўя Валеры Малашка адзначыў, што ня лічыць вінаватымі ў сьмерці немаўляці ні хатнюю парадзіху, ні лекараў. Хоць адзначыў, што ў беларускіх радзільнях створаны добрыя ўмовы і ён не прыхільнік таго, каб выбіраць у якасьці альтэрнатывы хатнія роды. Выказваньні міністра аховы здароўя далі падставы тым, хто ня лічыць Вольгу Сьцяпанаву вінаватай, спадзявацца на скасаваньне крымінальнай справы з прычыны адсутнасьці складу злачынства.