Статкевіч паведаміў пра стварэньне аргкамітэту масавай акцыі на Дзень Волі

Мікола Статкеквіч

8 студзеня адбылася сустрэча грамадзкіх і палітычных дзеячоў, якія падтрымалі ідэю рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу стварыць аб’яднаны аргкамітэт па падрыхтоўцы масавага сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР 25 сакавіка ў Менску.

У паседжаньні працоўнай групы ўзялі ўдзел Яўген Афнагель, Уладзімер Някляеў, Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Мікалай Статкевіч і Генадзь Фядыніч.

«Рабочая група лічыць магчымай формай масавага сьвяткаваньня шэсьце ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Незалежнасьці з наведваньнем месцаў, зьвязаных з гісторыяй БНР — але ў той жа час адкрыта да абмеркаваньня іншых варыянтаў. Рабочая група лічыць мэтазгодным падаць заяўку на сьвяточнае шэсьце ў Мінгарвыканкам, каб даць магчымасьць і ўладзе пацьвердзіць дэкляраваную прыхільнасьць да незалежнасьці Беларусі», — гаворыцца ў паведамленьні, якое разьмясьціў Мікола Статкевіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

16 студзеня ў офісе прафсаюзу РЭП адбудзецца першае паседжаньне аргкамітэту дзеля сьвяткаваньня 25 сакавіка ў Менску. Створаная працоўная група запрасіла на пасяджэньне прадстаўнікоў арганізацый, якія падтрымліваюць ідэю супольнага сьвяткаваньня юбілейнага Дня Волі.

«Дзень Волі павінен прадэманстраваць моц і еднасьць беларускага народу», — гаворыцца ў паведамленьні.

«Яны проста спрабуюць сарваць публічную акцыю і схавацца за бутэлькай»

Мікалай Статкевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што сябры працоўнай групы вітаюць працу грамадзкага аргкамітэту пад кіраўніцтвам Радзіма Гарэцкага і могуць стаць яго структурнай часткай.

Архіўнае фота. Мікола Статкевіч падчас акцыі

«Аргкамітэт масавага сьвяткаваньня мы таксама будзем прапанаваць узначаліць вядомым людзям Беларусі. Але, вітаючы ўсе формы сьвяткаваньня, канцэрты і гэтак далей, мы гатовыя заняцца падрыхтоўкай масавага сьвяткаваньня, каб яно прайшло годна. Мы адразу гатовыя да кампрамісаў. Мы спыніліся на варыянце пачатку сьвяткаваньня на плошчы Якуба Коласа, а не на Кастрычніцкай, як звычайна. Мы гатовыя, хоць я ўстрымаўся пры галасаваньні, нават на тое, каб падаць заяўку».

Мікола Статкевіч сказаў, што кіраўніцтва грамадзкага аргкамітэту запрошанае на пасяджэньне 16 студзеня і яму будзе прапанавана надалей узначаліць супольную працу.

«Але тыя людзі, якія сёньня сабраліся, маюць пэўны досьвед, і яны лічаць, што патрэбная годная масавая акцыя. Мы не разумеем супрацьпастаўленьня пакаёвым мерапрыемствам мерапрыемстваў публічных. Мы за тое і за тое. Калі нехта прапануе абмежаваць сьвяткаваньне выпіўкай, то гэта, мабыць, не зусім тое, што мы падтрымліваем. Мы таксама разумеем тых, хто перажыў пэўныя стрэсы, меў непрыемнасьці з уладай і баіцца ўдзельнічаць у любым публічным сьвяткаваньні. Мы разумеем і не дакараем такіх людзей. Але мы не разумеем сытуацыі, калі людзі супрацьпастаўляюць гэтыя рэчы. Калі яны проста спрабуюць сарваць публічную акцыю і, як я кажу, схавацца за бутэлькай. Я не магу назваць гэта годнымі паводзінамі. Такія паводзіны выклікаюць толькі жаль».

«Словы „Статкевіч“ і „масавае“ — апошнім часам гэта неспалучальнае»

Лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч сказаў, што толькі ад карэспандэнта Свабоды даведаўся, «што нешта такое ствараецца».

Юрась Губарэвіч

«Словы „Статкевіч“ і „масавае“ — апошнім часам гэта неспалучальнае. Спроба манапалізаваць правядзеньне нейкіх акцый падчас рэальна значнага нацыянальнага сьвята і перавесьці іх у палітычны пратэставы фармат можа прывесьці да тых наступстваў, якія мы мелі на Дзень Волі ў 2017 годзе. Таму я зь вялікай насьцярогай стаўлюся да таго, што было створана сёньня».

Паводле Юрася Губарэвіча, год таму ўжо створаны грамадзкі аргкамітэт дзеля сьвяткаваньня стагодзьдзя БНР на чале з Радзімам Гарэцкім.

«Гледзячы па настроях людзей, якія зараз абмяркоўваюць у інтэрнэце падрыхтоўку да Дня Волі, яны перадусім хацелі б гэта бачыць у фармаце сьвяточнага мерапрыемства. А ня нейкай чарговай прынагоднай ці безнагоднай вулічнай пратэставай акцыі. У дадзенай сытуацыі лепшым выйсьцем было б аддаць справу правядзеньня мерапрыемства ў рукі тым, хто можа насамрэч забясьпечыць і арганізаваць сьвяточны фармат».

«Абсалютна няправільна спрабаваць прыватызаваць гэтую акцыю»

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сказаў, што ня бачыць сэнсу ўваходзіць у гэты «так званы аргкамітэт, бо ўжо ёсьць аргкамітэт, ганаровым старшынёй якога зьяўляецца Гарэцкі і ў якім ужо некалькі месяцаў працуе Партыя БНФ».

Аляксей Янукевіч

«Мы лічым, што абсалютна няправільна спрабаваць прыватызаваць гэтую акцыю, як робіць Мікола Статкевіч. Усё ж 100-годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці БНР — гэта агульнанацыянальная, надзвычай важная дата, і мы за тое, каб асноўны акцэнт быў зроблены ў ёй на нацыянальнай кансалідацыі і на моманце сьвяткаваньня, каб яно адбылося шырока, у тым ліку і на вуліцах Менску».

Паводле Янукевіча, рыхтуюцца розныя мерапрыемствы. Але ці будуць вулічныя акцыі?

«Я перакананы, што вулічнае адзначэньне павінна быць. Але гэта будзе супольнае рашэньне аргкамітэту. Мы супраць таго, каб нехта прымаў аднаасобныя рашэньні. Але той пасыл, зь якім і ў мінулым годзе спрабаваў выступаць Мікола Статкевіч — фактычна ён стаўся часткай сцэнару ўладаў, каб фактычна спляжыць адзначэньне чарговых угодкаў БНР у 2017 годзе, калі ён спрабаваў да гэтай даты, якая нясе для нас перадусім каштоўнаснае адценьне, яшчэ падвязаць нейкую „басту“, нейкі дармаедзкі пратэст. І мы супраць таго, каб зьмешваць гэтыя жанры, каб гэтая акцыя служыла чыімсьці палітычным амбіцыям, як гэта спрабаваў зрабіць у мінулым годзе Мікола Статкевіч».