Працягваецца сэрыял, як цяпер высьвятляецца, доўгага беларуска-ўкраінскага шпіёнскага скандалу.
Варта нагадаць, што яшчэ 25 кастрычніка КДБ затрымаў у Менску грамадзяніна Ўкраіны, журналіста «Ўкраінскага радыё» Паўла Шаройку па абвінавачаньні ў шпіянажы.
Тады шмат пісалі, што, хутчэй за ўсё, гэта адказ Менску на затрыманьне ва Ўкраіне яшчэ 16 чэрвеня грамадзяніна Беларусі, у дачыненьні да якога ў той жа дзень распачалі крымінальную справу па падазрэньні ў шпіянажы. Прозьвішча яго не называецца. Але вядома, што завуць яго Юрыем, яму 32 гады, ён мянчук. Паводле ягонай маці, Юры паехаў ва Ўкраіну, каб уладкавацца на працу ў лягістычную кампанію, якую яму параілі ўкраінскія сябры. Быў затрыманы на мяжы пры вяртаньні на радзіму. Згодна з інфармацыяй, якая зьявілася ў СМІ, у ягоным тэлефоне нібыта знайшлі файл з сакрэтнымі матэрыяламі.
Як і ўкраінскі «шпіён» Павел Шаройка, беларускі «шпіён» Юры таксама прызнаўся ў сваёй шпіёнскай дзейнасьці. Але потым заявіў, што зрабіў гэта пад уплывам катаваньняў, якія да яго прымянілі супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны (СБУ). Украінскія афіцыйныя органы абвяргаюць факт катаваньняў, аднак больш падрабязнай інфармацыі не даюць.
Як і ў любой шпіёнскай гісторыі, тут вельмі шмат схаванага. Але тыя вельмі нешматлікія зьвесткі, якія зьявіліся ў мэдыях, спараджаюць некаторыя пытаньні.
Па-першае, пэўная блытаніна ўзьнікла ў пытаньні, на каго ж працаваў Юры. Спачатку зьявілася паведамленьне, што ён шпіёніў на карысьць Расеі. Але ў лістападзе Служба бясьпекі Ўкраіны на афіцыйны запыт Радыё Свабода адказала, што «сьледзтва не сьцьвярджае шпіёнства з боку грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на карысьць Расейскай Фэдэрацыі». Значыць, Юры ўсё ж шпіёніў на карысьць Беларусі.
Па-другое, з тлумачэньняў маці Юрыя вынікае, што затрыманы мужчына, калі казаць непаліткарэктна, — інвалід. Вядома, у жыцьці бывае ўсялякае, але неяк вобраз выведніка асацыюецца хутчэй з кімсьці накшталт Джэймса Бонда, чым з чалавекам, у якога абмежаваная дзеяздольнасьць.
Па-трэцяе, і тут найбольшая сэнсацыя. Як паведамілі TUT.BY у аддзеле інфармацыі Генпракуратуры Беларусі, «з боку ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў Чарнігаўскай вобласьці паступіла просьба аб аказаньні прававой дапамогі ў крымінальнай справе ў дачыненьні да грамадзяніна Беларусі, затрыманага летась у чэрвені ў Чарнігаве».
То бок СБУ просіць беларускі бок дапамагчы выкрыць «свайго» шпіёна! Вы калі-небудзь чулі нешта падобнае?! Такога дзіва дзіўнага яшчэ ня бачыў сьвет.
Нарэшце, па-чацьвёртае. Звычайна шпіёна хапаюць за руку на месцы злачынства, калі ён якраз зьбірае сакрэтную інфармацыю ці атрымлівае дадзеныя ад свайго агента. Юрыя затрымалі на мяжы, і, як можна разумець, адзіны доказ — гэта файл у тэлефоне. Ну, калі не лічыць прызнаньня. Нельга, зрэшты, выключаць, што яго выкарысталі «ўцёмную», ён мог і ня ведаць, што ў яго ў тэлефоне.
Але з гэтай вэрсіяй не стасуецца адказ беларускага боку, то бок затрыманьне Паўла Шаройкі. Зразумела, калі КДБ «упісваецца» за свайго чалавека і імкнецца яго абмяняць. Але калі Юры — чалавек выпадковы, то ўся схема ламаецца.
Увогуле, складаецца адчуваньне, што мы назіраем ня вельмі прыгожую, на першы погляд, няўклюдную і ня вельмі прафэсійную гульню спэцслужбаў з двух бакоў. І, як звычайна ў такіх выпадках, «пад замес» трапляюць выпадковыя людзі.