Пэтыцыя супраць будаўніцтва была створаная 28 сьнежня, на дадзены момант (раніца 2 студзеня) яе падпісалі 1179 чалавек.
«Не дапусьцім узвядзеньня вельмі пасрэднага, несучаснага, залішне эклектычнага, недарэчнага і дысануючага з навакольнай забудовай будынка бізнэс-цэнтра ў самым цэнтры Менску», — гаворыцца ў пэтыцыі.
Аўтары пэтыцыі плянуюць сабраць дзьве тысячы подпісаў, пасьля чаго накіруюць іх у Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму.
Аб тым, што на месцы зьнесенага Музэю ВАВ плянуюць пабудаваць бізнэс-цэнтар, стала вядома напрыканцы сьнежня. Будаўніцтвам зоймецца кампанія «Белінета-Роба», якая ўваходзіць у «Дана-Холдынгс», паведамляе партал tut.by. Новы будынак разьмесьціцца паміж Палацам прафсаюзаў і сядзібай сотавага апэратара «Вэлком».
Стары будынак музэю ВАВ на Кастрычніцкай плошчы Менску пачалі дэмантаваць восеньню 2014 году. Першапачаткова на яго месцы зьбіраліся пабудаваць шматпавярховы гатэль, затым кіраўніцтва Менску заяўляла, што замест музэю будзе разьбіты сквер. Дата пачатку будаўніцтва шматфункцыянальнага бізнэс-цэнтру на месцы былога музэю пакуль не называецца.