Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мадэрновая архітэктура занядбанага краю «на Крэсах»


Валожын, у былым доме старасты 1920-х гадоў цяпер знаходзіцца краязнаўчы музей. Фота: Уладзімір Садоўскі
Валожын, у былым доме старасты 1920-х гадоў цяпер знаходзіцца краязнаўчы музей. Фота: Уладзімір Садоўскі

Уладзімір Садоўскі

Архітэктура Беларусі ХХ стагодзьдзя цікавая тым, што на працягу двух перадваенных дзесяцігодзьдзяў наша краіна знаходзілася пад уплывам двух, як раней пісалі, ідэалягічна чужых архітэктурных школ: савецкай і польскай. Па выніках Рыскай дамовы 1921 году Беларусь была падзелена — заходняя частка адышла ў склад Польшчы, на ўсходняй была ўсталявана савецкая ўлада. У БССР 1920-х гадоў спачатку разьвіваўся агульнасавецкі архітэктурны стыль канструктывізм, які зь сярэдзіны 1930-х у адміністрацыйным парадку быў заменены на сацрэалізм. На заходняй частцы Беларусі зьмены архітэктурнай парадыгмы адбываліся натуральным чынам, але і там таксама можна абазначыць некалькі характэрных этапаў. У 1920-я ў новаадроджанай Польшчы панаваў рамантычны нацыянальны мадэрнізм, які абапіраўся на гістарычную і народную архітэктуру паўднёвых рэгіёнаў краіны. З пачатку 1930-х у польскую архітэктуру прыйшлі агульнаэўрапейскія павевы архітэктуры функцыяналізму, а напрыканцы дзесяцігодзьдзя Польшча, як і яе суседзі — Нямеччына і СССР — узялася за манумэнталізм, які спалучаў рысы нэаклясыцызму і імпэрскі размах.

Міжваенны асабняк у Горадні. Фота: Уладзімір Садоўскі
Міжваенны асабняк у Горадні. Фота: Уладзімір Садоўскі

Нягледзячы на разбурэньні вайны і наступствы пасьляваеннага аднаўленьня беларускіх гарадоў, значная частка пабудоў 1920-30-х гадоў захавалася да нашага часу. І калі даваенныя будынкі ўсходняй часткі Беларусі заўжды былі пад пільнай увагай гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў, то дасьледаваньне архітэктуры захаду краіны доўгі час амаль не вялося. У савецкія часы тэма «заходняй» архітэктуры з ідэалягічных прычын разглядалася аднабока і павярхоўна. Напрыканцы ХХ стагодзьдзя з-за пэўнай інэрцыйнасьці вывучэньне архітэктурнай спадчыны Другой Рэчы Паспалітай усё яшчэ знаходзілася ў зародкавым стане. З польскага боку да нядаўняга часу тэма міжваеннай архітэктуры «былых усходніх ваяводзтваў» таксама разглядалася вельмі слаба: праз ідэалёгію і аддаленасьць для польскіх дасьледчыкаў беларускіх крыніц. У ХХІ стагодзьдзі сытуацыя паступова стала зьмяняцца да лепшага, як у Беларусі, так і ў Польшчы. У нашай краіне можна назваць, прынамсі, двух гісторыкаў-мастацтвазнаўцаў, якія шчыльна займаюцца вывучэньнем міжваеннай архітэктуры, гэта Ала Шамрук і Яўген Марозаў. Шамрук у 2007 годзе выдала кнігу — «Архітэктура Беларусі ХХ-пачатку ХХI ст.», у якой, бадай, упершыню ў беларускай навуковай практыцы былі разгледжаны асаблівасьці міжваеннай архітэктуры заходніх абласьцей краіны. Яўген Марозаў у тым жа 2007 годзе абараніў кандыдацкую на тэму: «Стылі і накірункі ў беларускай архітэктуры 1920–1930-х гг.», дзе параўнаў польскую і савецкую архітэктурныя школы, разгледзеў іх асаблівасьці і адзначыў пэўнае падабенства мастацкіх падыходаў. Гэтыя працы заклалі падмурак для далейшага вывучэньня архітэктурнай спадчыны міжваеннага пэрыяду ў Беларусі. Паступова цікавасьць да міжваенных пабудоў захапіла і беларускіх краязнаўцаў, напрыклад, у інтэрнэце быў створаны блог, удзельнікі якога зьбіраюць фотаздымкі і інфармацыю пра міжваенную архітэктуру захаду Беларусі, Украіны і Вільнюскага павету: http://kresy-arch.livejournal.com/ .

Шматкватэрны жылы дом у Маладэчна, пабудаваны ў другой палове 1920-х. Фота: Уладзімір Садоўскі
Шматкватэрны жылы дом у Маладэчна, пабудаваны ў другой палове 1920-х. Фота: Уладзімір Садоўскі

Сярод польскіх дасьледчыкаў варта адзначыць працы дацэнта Акадэміі выяўленчых мастацтваў у Гданьску Міхала Пшчулкоўскага (польск. Michał Pszczółkowski, старонка на ФБ https://www.facebook.com/mipszcz). Ён — аўтар вялікай колькасьці артыкулаў прысьвечаных міжваеннай польскай архітэктуры, у тым ліку і будынкам, якія ўзводзіліся на тэрыторыі захаду Беларусі. У 2016 годзе выйшла кніга Пшчулкоўскага «Kresy nowoczesne. Architektura na ziemiach wschodnich II Rzeczypospolitej 1921–1939» («Сучасныя Крэсы. Архітэктура на ўсходніх землях Другой Рэчы Паспалітай 1921–1939») у якой падрабязна разглядаюцца 70 архітэктурных аб’ектаў абазначанага пэрыяду, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі, Украіне і Літве, а таксама зроблены аналіз архітэктурных стыляў і плыняў, што панавалі ў Другой Рэчы Паспалітай у той час.

Вокладка кнігі Міхала Пшчулкоўскага
Вокладка кнігі Міхала Пшчулкоўскага

Варта адзначыць, што спрэчны для беларусаў, ўкраінцаў і літоўцаў тэрмін «Крэсы», які абазначае ўсходнія ўскраіны даўняй Рэчы Паспалітай, у сучаснай польскай гістарыяграфіі мае афіцыйны статус. Тэрмін быў уведзены ў гістарычную літаратуру яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя і найчасьцей ужываўся ў гады Другой Рэчы Паспалітай у дачыненьні да ўсходніх ваяводзтваў краіны. Пшчулкоўскі ў сваёй кнізе піша, што ў сёньняшнім польскім грамадзтве склаўся збольшага ідэалізаваны вобраз міжваеннай Польшчы і «Крэсаў», як натуральнай часткі «польскага сьвету». Папулярныя публікацыі на тэму міжваеннай гісторыі Польшчы стараюцца не закранаць цёмных старонак жыцьця Другой Рэчы Паспалітай. Але, як адзначае гісторык: «міжваенныя Крэсы — гэта ня толькі львоўскі дыялект польскай мовы, „балак“, і смаргонскія абаранкі, але і татальная палянізацыя, пагромы габрэяў і Бяроза-Картуская».

Цэнтар Наваградку ў 1920-я гады. Ілюстрацыя з кнігі «Kresy nowoczesne»
Цэнтар Наваградку ў 1920-я гады. Ілюстрацыя з кнігі «Kresy nowoczesne»

Ва ўступнай частцы кнігі «Kresy nowoczesne» Пшчулкоўскі робіць агляд эканамічнага, палітычнага і нацыянальнага стану «ўсходніх ваяводзтваў» у міжваенны пэрыяд: «Крэсы» прадстаўляюцца ў ім як вялікія тэрыторыі з слаба разьвітай інфраструктурай, да таго ж разбуранай Першай сусьветнай і савецка-польскай войнамі, амаль цалкам аграрнай эканомікай і зь пераважна беларускім, украінскім і габрэйскім насельніцтвам, над якім цэнтралізавана ажыцьцяўлялася палітыка палянізацыі. Інструмэнтам гэтай палітыкі, паводле меркаваньня аўтара, зьяўлялася таксама архітэктура. Нацыянальны мадэрнізм, які панаваў у польскай архітэктуры 1920-х гадоў, меў на мэце паказаць трываласьць польскай улады на новых землях праз зварот да гістарычных элемэнтаў і стылістыкі польскай народнай архітэктуры, а таксама даказаць перасяленцам з цэнтральных рэгіёнаў Польшчы, якія ехалі на ўсход у якасьці службоўцаў і вайскоўцаў, што яны будуць жыць не ў глушы, а ў краі, дзе польская архітэктурная думка разьвіваецца гэтак жа спрытна як і на захадзе краіны. Яскравым прыкладам такога падыходу Пшчулкоўскі лічыць пабудову ўрадавых кварталаў у Наваградку, Берасьці, Нясьвіжы і інш. Жылыя дамы для польскіх асаднікаў мелі выгляд спрошчаных шляхецкіх сядзіб і павінны былі давесьці перасяленцам, што яны не выгнаньнікі, а гаспадары на гэтых землях.

Урадавы квартал у Наваградку. Фота: Уладзімір Садоўскі
Урадавы квартал у Наваградку. Фота: Уладзімір Садоўскі

Зрэшты, як адзначае гісторык, ужо напрыканцы 1920-х гадоў польскія архітэктары пачалі адыходзіць ад нацыянальных матываў і пераймаць агульнаэўрапейскія плыні авангарднай архітэктуры. Пачатак 1930-х характарызуецца пераходам да архітэктуры функцыяналізму, які стылістычна быў роднасны савецкаму канструктывізму. Яскравым прыкладам гэтай плыні зьяўляецца дом афіцэраў у Горадні, у кнізе Пшчулкоўскага яму прысьвечана асобны разьдзел. Манумэнталізм і нэаклясыцызм быў уласьцівы адміністрацыйным будынкам Польшчы, якія ўзводзіліся на «ўсходніх землях» — гэты стыль павінен быў таксама служыць прыкладам трываласьці польскіх уладаў на «Крэсах». У якасьці ўзору такой архітэктуры аўтар прыводзіць будынак адміністрацыі Палескага ваяводзтва ў Берасьці. Пабудаваны ў 1935–38 гадах гмах шмат у чым падобны на аналягічныя адміністрацыйныя будынкі Нямеччыны ці Савецкага Саюзу, якія ўзводзіліся ў той жа час. Міхал Пшчулкоўскі адзначае, што будаўніцтва ва ўсходніх ваяводзтвах вялося ў нашмат меншых аб’ёмах, чым у цэнтральнай Польшчы, і маштабных пабудоваў было вельмі мала, тым ня менш, па тых аб’ектах, што захаваліся ў Беларусі, Украіне і Літве, можна назіраць усе стылі і характэрныя этапы ў разьвіцьці міжваеннай польскай архітэктуры.

Былы Дом афіцэраў у Гродна. Фота: Уладзімір Садоўскі
Былы Дом афіцэраў у Гродна. Фота: Уладзімір Садоўскі

Кніга Пшчулкоўскага — прыклад аб’ектыўнай ацэнкі стану беларускіх земляў у часы Другой Рэчы Паспалітай, а таксама грунтоўнага падыходу да вывучэньня асобных захаваных архітэктурных аб’ектаў міжваеннага пэрыяду. З 70 апісаных у кнізе аб’ектаў 22 знаходзяцца ў Беларусі: у цэнтры ўвагі аўтара забудова Берасьця і Наваградку — былых ваяводзкіх цэнтраў, а таксама пабудовы Горадні, Браславу, Баранавічаў, Пінску і Ліды. Інфармацыя пра гэтыя будынкі будзе цікавай ня толькі беларускім дасьледчыкам архітэктуры, але і шырокаму колу чытачоў, а таксама можа стаць асновай для распрацоўкі турыстычных маршрутаў па Беларусі. Дарэчы, Міхал Пшчулкоўскі 7–8 верасьня будзе ўдзельнічаць у міжнароднай канфэрэнцыі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе выступіць з дакладам на тэму турыстычнага патэнцыялу архітэктурнай спадчыны Другой Рэчы Паспалітай ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG