Лідэр сацыял-дэмакратаў Берасьця сабраў подпісы для ўдзелу ў выбарах за адзін дзень

Ігар Маслоўскі

Ігар Маслоўскі зьбіраецца вылучацца кандыдатам у дэпутаты гарсавета.

Подпісы, неабходныя для вылучэньня (75), Ігар Маслоўскі зьбіраў 16 сьнежня на працягу адной акцыі. Акрамя абласной структуры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Маслоўскі таксама зьяўляецца кіраўніком мясцовай грамадзянскай кампаніі «За наш горад».

Як паведаміў БелаПАН Маслоўскі, спачатку ён са сваёй ініцыятыўнай групай правёў гадзінны пікет у мікрараёне Паўднёвы, затым збор подпісаў прадоўжыўся ў бліжэйшых жылых дамах.

«Рэакцыя берасьцейцаў на маё вылучэньне кандыдатам у дэпутаты была станоўчай. Я абышоў кватэры ў адным пад’ездзе дома па вуліцы Гвардзейскай. Усе жыхары, якія былі дома, паставілі подпісы за маё вылучэнне кандыдатам у дэпутаты. Большасьці мне нават не прыходзілася распавядаць сваю біяграфію», — сказаў Маслоўскі.

Мясцовыя выбары пройдуць у Беларусі 18 лютага 2018 года.