Падзеі 15 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.
Дата дня
15 сьнежня 1991 году выйшла ў эфір першая перадача Польскага радыё на беларускай мове. Сама Беларуская служба Польскага радыё была заснаваная толькі празь месяц, 13 студзеня 1992 году. У першы пэрыяд дзейнасьці Беларуская служба Польскага радыё інфармавала слухачоў пра польска-беларускія ўзаемадачыненьні і пра сытуацыю нацыянальных меншасьцяў: беларускай у Польшчы і польскай у Беларусі. Пэўная частка эфіру адводзіцца таксама дасягненьням беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе.
Таксама ў гэты дзень
1595 — адбылася бітва войска Вялікага Княства Літоўскага з казацкімі загонамі Севярына Налівайкі на Буйніцкім полі каля Магілёва.
1862 — на тэрыторыі Беларусі пачалася эксплюатацыя першай чыгункі, якая зьвязала Горадню з Парэччам і была часткай Пецярбурска-Варшаўскай чыгункі.
1922 — у Менску заснаваная Беларуская дзяржаўная і ўнівэрсытэцкая бібліятэка.
1961 — у Ерусаліме Адольфу Эйхману зачыталі сьмяротны прысуд, прызнаўшы яго вайсковым злачынцам, вінаватым у злачынствах супраць габрэйскага народу і супраць чалавечнасьці.
1985 — у Беларусі нарадзіўся 10-мільённы жыхар.
1990 — Вярхоўны Савет Кіргізіі прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце.
2000 — ва Ўкраіне канчаткова спынілася праца Чарнобыльскай АЭС.
У гэты дзень нарадзіліся
1859 — Людвік Лазар Замэнгоф, стваральнік мовы эспэранта.
1908 — Апанас Кавалёў, кіраўнік ураду БССР у 1937–1939 гадах.
1921 — Сьцяпан Александровіч, беларускі літаратуразнаўца і краязнаўца. Надаваў прынцыповае значэньне мэтадалёгіі дасьледаваньняў, палемізаваў зь некаторымі расейскімі і польскімі аўтарамі за іхні антыгістарычны падыход да паняцьцяў «Русь», «рускі», «Літва», «літоўскі», за штучнае атаясамліваньне з расейскай («рускай») або літоўскай культурай здабыткаў уласна беларускай культуры, дасягнутых пад гэтымі назвамі ў розныя эпохі.
1934 — Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня, навуковец.
1937 — Герман Кірылаў, беларускі пісьменьнік, ляўрэат літаратурнай прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча за кнігу «Гарт», прысьвечаную гісторыі паваеннага беларускага моладзевага супраціву.
1940 — Браніслаў Плотнікаў, беларускі мовазнавец.
1967 — Алег Рыжанкоў, беларускі біятляніст, трэнэр.
У памяці
1862 — памёр Уладзіслаў Сыракомля, беларуска-польскі паэт, пісьменьнік, публіцыст, перакладчык.
1954 — памёр Язэп Драздовіч, беларускі мастак, археоляг, пісьменьнік, этнограф і фальклярыст.
1966 — памёр Уолт Дыснэй, амэрыканскі аніматар.
1993 — памёр Уладзімер Калесьнік, беларускі літаратар.