7 сьнежня населеныя пункты за лічаныя хвіліны сталі далей адзін ад аднаго на некалькі соцень кілямэтраў — па адзіным мосьце праз Прыпяць, які злучаў Жыткавічы з Туравам, пайшла вялікая расколіна. Мост закрылі спачатку для руху транспарту, потым і для пешаходаў. Для надзейнасьці яго перакрылі мэталічнай агароджай і шыльдамі з надпісам «Асьцярожна, сьмяротная небясьпека». Часовую пераправу арганізавалі ў той жа дзень — людзей перапраўлялі праз раку на адмысловых катэрах супрацоўнікі МНС. Да вечара 10 сьнежня ратавальнікі арганізавалі пантонную пераправу.
Your browser doesn’t support HTML5
Паміж Жыткавічамі і Туравам каля 30 кілямэтраў. Жыхары першых працуюць на сучасным Тураўскім малочным камбінаце. Для тураўцаў праз Жыткавічы ляжыць самы просты і хуткі шлях да «Вялікай зямлі» — у Гомель і Менск. Там жа вялікі шпіталь, чыгуначная станцыя, некалькі вялікіх крамаў і іншыя выгоды.
«Будавалі яшчэ за саветамі»
«Вы толькі ня лезьце туды. Пакуль няма вынікаў экспэртызы, ніхто ня ведае, што далей будзе з мостам», — кажа адзін з інжынэраў, якія на месцы спрабуюць ацаніць важнасьць аварыі.
Мост паміж Жыткавічамі і Туравам пабудавалі ў сярэдзіне 1980-х. Для мясцовых жыхароў ён стаў сапраўдным паратункам.
«Да таго, як збудавалі мост, людзі на пароме пераплаўляліся праз раку, — расказвае Пётра Бахун, які ў 80-х працаваў аграномам у адной зь вёсак ля Турава. — Вядома, гэта марудна было. Людзі чакалі, што мост будзе. Праз Прыпяць жа проста так не пераправісься, а бліжэйшыя масты вельмі далёка на той час былі».
Далёка яны і сёньня. Адзін у Пінску, другі ў Мазыры. Да абодвух каля 130 кілямэтраў, альбо дзьве гадзіны на аўтамабілі. Такім чынам, дарога з Турава ў Жыткавічы пасьля аварыі 7 сьнежня павялічылася з 30 кілямэтраў і 15 хвілінаў да 260 кілямэтраў і чатырох гадзін у дарозе. А для тых, хто ня мае ўласнага аўтамабіля, яшчэ больш.
«Ня вытрымаў мост, — гаворыць інжынэр. — Яго за саветамі яшчэ будавалі, тады „КамАЗы“ максымум па 10 тон тут езьдзілі, нічога цяжэйшага проста не існавала. А цяпер фуры і самазвалы па 40 тон возяць, чаго вы яшчэ хацелі?».
Паводле інжынэра, расколіна ў цэнтральным пралёце моста больш не павялічваецца, аднак аднаўляць хаця б пешаходны рух па ім па-ранейшаму небясьпечна.
«Як доўга мост будзе перакрыты? Думаю, год мінімум»
У першыя дні пасьля закрыцьця моста МНС арганізавала пераправу на маторных лодках. Людзей падбіралі на адным беразе і перапраўлялі на другі. Увесь транспарт адпраўлялі ў аб’езд. Гэта стала вялікай праблемай для Тураўскага малочнага камбінату ды іншых прадпрыемстваў па абодва бакі Прыпяці. Перастаў хадзіць грамадзкі транспарт, на прадпрыемствах праз праблемы зь лягістыкай зьмяніўся рэжым працы, зьмены пачыналіся пазьней на некалькі гадзінаў.
«Пачалі рабіць пад’язную дарогу яшчэ ў чацьвер, сыплем сумесь пяску са шчэбенем, раўняем, — расказвае адзін з рабочых, заняты на будаўніцтве часовай дарогі, што вядзе ад пачатку моста да пантоннай пераправы. — Як доўга мост будзе закрыты? Адкуль жа я ведаю. Але кажуць, што год мінімум».
Мост праз Прыпяць закрыты ад самага яго пачатку. Даехаць да ракі і пантоннай пераправы празь яе можна па спэцыяльна насыпанай дарозе. Рух марудны, дарога спускаецца да Прыпяці, пятляючы паміж дамбамі і апорамі моста. Удзень аўтамабіляў параўнальна няшмат, аднак бліжэй да вечара ўтвараюцца чэргі. Адначасовы рух па вузкай пераправе магчымы толькі ў адзін бок, праезд рэгулюецца сьвятлафорамі і рэгуліроўшчыкамі.
«Тут любы транспарт можа праехаць, — расказвае адзін зь іх. — Вось толькі што прапусьціў фуру вагой 38 тон, так у дакумэнтах кіроўцы было пазначана. Больш за 40 тон мы не пускаем, хоць пантоны і 60 могуць вытрымаць. Што тут вясной будзе, калі рака разьліецца? Ня ведаю. Вады тут будзе да той дамбы (паказвае рукой далёка ўбок). Відаць, трэба будзе новую пераправу рабіць».
Акрамя грузавікоў і асабістага транспарту, праз пантонную пераправу езьдзяць «хуткія», аўтамабілі інкасатараў, фургоны з прадуктамі, маршруткі зь Менску і аўтобусы мясцовых ліній. Аўтобусы з маршруткамі праяжджаюць праз пантонную пераправу па асобных правілах — спачатку высаджваюць пасажыраў, якія ідуць па пантонах пешшу, толькі тады едуць самі.
12 сьнежня пантонны мост на некалькі гадзінаў закрылі для замены зьвёнаў. Калі раней у ім выкарыстоўваліся элемэнты МНС, то цяпер часовай пераправай апякуюцца інжынэрныя войскі. Спыненьне руху моцна ўсхвалявала мясцовых жыхароў.
«Пантонны мост толькі да маразоў»
Расколіна ў закрытым для руху стацыянарным мосьце добра відаць зь берага ракі. Калі ў першыя дні яна была даволі невялікай, то цяпер працінае цэнтральны пралёт наскрозь. Неафіцыйна экспэрты гавораць, што мост можа абрынуцца ў любы момант.
Падобная гісторыя здарылася ў 2013 годзе з мостам той жа канструкцыі празь Бярэзіну ля Бабруйску. Тады прычынай аварыі прызналі канструкцыйныя памылкі, а аварыйны мост аднаўлялі каля году. Віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін на нарадзе з прадстаўнікамі МНС расказаў, што ўсяго ў Беларусі пяць такіх мастоў. Таму цалкам верагодна, што яшчэ тры зь іх могуць быць патэнцыйна небясьпечнымі.
Асноўнае пытаньне, якое цяпер хвалюе жыхароў Жыткавічаў, Турава і ваколіц, — як доўга будзе дзейнічаць часовая пантонная пераправа?
«Што гавораць пра аварыйны мост? Пакуль нічога, камісія павінна скончыць працу да канца тыдня, — расказвае Свабодзе загадчыца спраў Тураўскага гарвыканкаму Тацьцяна Скрыгалоўская. — Калі Прыпяць замерзьне, то пантонны мост будуць здымаць. Пра гэта гаварылі на агульнай плянёрцы ў Жыткавіцкім райвыканкаме. Старшыня райвыканкаму паведаміў, што будуць рабіць часовы жалезабэтонны мост. А пакуль пантонны ёсьць. Ён будзе, пакуль лёд не зьявіцца. А потым іншы часовы. Людзей ня кінуць».
Часовы жалезабэтонны мост, пра які расказваюць у Тураўскім гарвыканкаме, павінен фактычна прадубляваць пашкоджаны стацыянарны. Вясной Прыпяць у раёне Турава і Жыткавічаў моцна разьліваецца, яе рэчышча можа павялічвацца нават утрая. Калі пачнуць будаваць часовы мост, пакуль невядома.
«Рашэньне аб гэтым цяпер прымаецца ў міністэрстве, — гаворыць старшыня Жыткавіцкага райвыканкаму Дзьмітры Гайкевіч. Да канца тыдня можа стаць зразумела, што рабіць з аварыйным мостам, наколькі моцна ён пашкоджаны. Пасьля гэтага вырашыцца, ці трэба будаваць часовы жалезабэтонны. Пантонная пераправа ня зможа існаваць, калі пачнуцца маразы».
Мясцовыя ўлады абяцаюць, што часовы жалезабэтонны мост можна пабудаваць праз Прыпяць прыкладна на працягу тыдня. Калі маразы ўдараць у самы бліжэйшы час, то Тураў з ваколіцамі зноў будзе адрэзаны ад Жыткавічаў.