У Бішкеку мітынгавалі ля амбасады Беларусі, патрабавалі выдачы паплечніка Бакіева

Грамадзкае аб’яднаньне «Айкол Ала-Тоо» правяло 14 сьнежня мітынг у Бішкеку каля будынка амбасады Беларусі ў Кіргізстане, агучыўшы свой зварот да прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

У сваёй заяве прадстаўнікі арганізацыі адзначылі, што прадстаўляюць інтарэсы пацярпелых і сем’яў загінулых у красавіцкіх падзеях 2010 году на галоўнай плошчы Кіргізстану ў Бішкеку.

«Калі Вам дарагі народ Беларусі, то не пускайце казла ў агарод. Аддайце Кыргызстану Даніяра Ўсенава — Данііла Ўрыцкага, які павінен сядзець пажыцьцёва ў турме», — гаворыцца ў звароце «Айкол Ала-Тоо». Мітынгоўцы выказалі надзею, што Аляксандар Лукашэнка пачуе іх голас і адзначылі, што спадзяюцца на яго «разважлівасьць», паведамляе кіргізская служба Радыё Свабода.

Ніхто з прадстаўнікоў амбасады Беларусі ў Кіргізстане да ўдзельнікаў акцыі ня выйшаў, але прысутныя пакінулі на кантрольна-прапускным пункце дыппрадстаўніцтва тэкст звароту. Усяго ў акцыі, паводле дадзеных «Айкол Ала-Тоо», прынялі ўдзел каля 50 чалавек.

Раней у сацыяльных сетках і некаторых СМІ распаўсюдзілася інфармацыя аб тым, што грамадзянін Кіргізстану Даніяр Усенаў, які ў мінулым займаў высокія пасады ў краіне, а ў 2010 годзе ўзначальваў урад Кіргізстану, нібыта пражывае ў Беларусі, зьмяніў свае імя і прозьвішча на Данііла Ўрыцкага.

Паводле кіргізскай газэты «Вечерний Бишкек», Даніяр Усенаў (Данііл Урыцкі) узначаліў Беларускую нацыянальную біятэхналягічую карпарацыю, якой нібыта нават дадзены шэраг ільготаў у пакрыцьці выдаткаў вытворчасьці сельскагаспадарчай і лясной гаспадаркі, падатках, мытных пошлінах і іншым. Мяркуецца, што за ёй могуць стаяць структуры зьбеглага экс-прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева.

Судом Кіргізстану Даніяр Усенаў прысуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня ў сувязі з красавіцкімі падзеямі 2010 году.