Лінгвіст: назвы месяца «сьнежань» няма ў ніводнай эўрапейскай мове, акрамя беларускай

Ніводная дзяржаўная эўрапейская мова ня мае назвы месяца, падобнай да беларускага «сьнежня».

Гэта вынікае з дасьледаваньня чэскага лінгвіста і матэматыка Якуба Марыяна. Ягоная мапа моваў паказвае, што беларуская назва месяца «сьнежань» ня мае аналягаў у іншых эўрапейскіх мовах.

У большасьці моваў сьвету апошні месяц году называюць словамі, вытворнымі ад лацінскага decem, што азначае «дзесяць». Паводле рымскага календара год пачынаўся ў сакавіку, а сьнежань быў дзясятым месяцам.

Польскі grudzień, украінскі «грудень» і сылескі grudźyń утвораныя ад агульнага славянскага кораню — таго самага, што ў слове «груда»: куча, гузак. Маецца на ўвазе, трэба думаць, мерзлая зямля. Падобнага паходжаньня і літоўскае слова gruodis. А вось беларускі "сьнежань" азначае «сьнежны месяц».

Штопраўды, падобная да сьнежня назва — «снежник» — сустракаецца ў македонскай мове, але, як правіла, у фальклёрных або царкоўных тэкстах; звычайна ж апошні месяц году македонцы называюць «декември».