Заўтра тыя ж пэрсанажы на расейскіх тэлеканалах будуць даводзіць публіцы, што расейскія спартоўцы, якія паедуць на Алімпіяду пад нэўтральным сьцягам — гэта сапраўдныя героі Расеі, якія адстаялі яе гонар, якія далі адпор яе ворагам, у іх сьцяг у сэрцы і гэтак далей.
Як у 1941-м годзе
Як у старым анэкдоце — «А як дыхаў, як дыхаў». Як заходзіліся ўдзельнікі ток-шоў на расейскіх тэлеканалах пасьля таго, як Міжнародны алімпійскі камітэт адхіліў Расею ад удзелу ў зімняй Алімпіядзе-2018: «У нас яшчэ ракеты ёсьць», «Усе спартоўцы, якія паедуць на Алімпіяду пад алімпійскім сьцягам, будуць здраднікамі». Уражвала нават не палітычная пазыцыя, а напал, градус жарсьцяў — 41-ы год, немец пад Масквой, апошні і рашучы бой.
Прычым, Уладзімер Пуцін амаль адразу адрэагаваў даволі стрымана, паскардзіўшыся на палітычную подбіўку рашэньня, але ніяк не ганячы тых спартоўцаў, якія захочуць паехаць на Алімпіяду пад нэўтральным сьцягам. Цяжка ўявіць сабе, якой была б вакханалія нянавісьці, калі б ён абвясьціў, што Расея будзе байкатаваць Гульні, што гонар патрабуе адмовіцца ўдзельнічаць у іх без сьцягу сваёй краіны.
А можа, і нават хутчэй за ўсё, рэакцыя была б дакладна такой жа: тыя ж словы, тыя ж жарсьці. Гэта насамрэч розныя сфэры — рэальная палітыка і эмацыйнае «джакузі» для народу.
Прарыў рэальнасьці
Праўда, быў адзін кароткі момант, калі рэальнасьць прарвалася ў гэты віртуальны сьвет. Чытаем паведамленьне ТАСС : «Алімпійскі сход Алімпійскага камітэту Расеі падтрымаў заяву расейскіх спартоўцаў, якія гатовыя выступаць на Алімпійскіх гульнях 2018 гадоў у нэўтральным статусе. Рашэньне было прынятае аднагалосна».
Упс! Апошні радок — асабліва красамоўны. А як жа гонар Расеі, а як жа «хто паедзе пад нэўтральным сьцягам — здраднік радзіме», а як жа — «памром за сьцяг»? «Здраднікаў» аказалася ня тое што багата, «здраднікамі» аказаліся дакладна ўсе, як адзін чалавек.
І цікава: вось нехта з тых удзельнікаў «пяціхвілінак нянавісьці» заўтра, праз тыдзень ці хоць калі, неяк суаднясе свае патасныя піліпікі з вынікам, хоць адзін засмуціцца, адрэфлексуе відавочную супярэчнасьць — «нешта я не дадумаў», «можа яны і не здраднікі»? Упэўнены, што не.
Беларускі аналяг
Дарэчы, памятаю пару гадоў быў падобны «упс» і ў Беларусі. Расея дамагалася разьмяшчэньня ў Беларусі сваёй вайсковай авіябазы, Пуцін нават падпісаў адпаведнае распараджэньне. На ток-шоў на БТ запрасілі парачку незалежных экспэртаў, якія тлумачылі, чаму ідэя з базай няўдалая, чым, на іх погляд, не адпавядае інтарэсам Беларусі. У адказ ад публікі ток-шоў — вадаспад эмоцыяў: Расея родная, апанэнты — ворагі, абаронім супольную зямлю ад натаўскіх драпежнікаў і г. д.
Неўзабаве Лукашэнка кажа: «Якая база? Нічога ня ведаю, да мяне не зьвярталіся. Нам гэта ня трэба».
Ну і? І дзе апынуліся тыя вядучыя ток-шоў і яго ўдзельнікі?
А ўсё ў парадку зь імі. І тады — на БТ, і зараз — на расейскіх тэлеканалах. Для іх словы ня маюць літаральнага сэнсу. Гэта рытуал. Калі вы чуеце адрасаванае вам «Як справы?», толькі неадэкватны чалавек палічыць, што суразмоўца і сапраўды цікавіцца хадою яго справаў.
Так і на тэлешоў: «абаронім Расею», «хто паедзе — тыя здраднікі» — гэта ж не літаральна, гэта наагул не пра тое.
Рытуалы рэдка бываюць пустыя
Слоўца «рытуал» як бы вымагае прыметніка «пусты». Насамрэч рытуалы рэдка бываюць зусім ужо пустымі. Яны могуць страчваць першапачатковы сэнс, страчваць літаральны сэнс, але захоўваць сымбалічны.
Працягнуць ці не працягнуць руку, адмовіцца паціснуць працягнутую руку — гэтыя жэсты ў сучасным грамадзтве поўныя сэнсу. Праўда, не маючага ніякай сувязі са старажытным, першапачатковым — дэманстрацыяй таго, што ў руцэ няма зброі.
Гэтак жа і крыкі на БТ ці на расейскай тэлевізіі — яны не пра базу і не пра Алімпіяду. Гэта прысяга сыстэме, так паложана казаць. Рытуал выкананы, усё правільна. А па сутнасьці — ці трэба тая база, ці варта расейскім спартоўцам ехаць на Алімпіяду пад алімпійскім сьцягам, а ўжо тым больш наколькі справядлівае рашэньне МАК адносна Расеі — а гэта тут пры чым?
Заўтра акажуцца героямі
На «Як справы?» трэба адказваць «Дзякуй, нармальна, нішто сабе». Калі пачнеш падрабязна адказваць — палічаць за вар’ята.
Праўда, часам варʼяцтвам аказваецца самы рытуал, прынамсі для вонкавага назіральніка. Але ўнутры, у сыстэме — усё лягічна і разумна.
У Джорджа Оруэлла ў «1984» у фантастычнай будучыні газэты і тэлебачаньне Істазіі падчас яе вайны з Акеаніяй пішуць пра тое, што яны ваявалі вечна. Пасьля замірэньня заднім лікам перапісваюцца, перарабляюцца ўсе інфармацыйныя носьбіты, уносіцца новы запіс — мы заўсёды былі ў міры з Акеаніяй.
Насамрэч гэта лішняя і марная праца. Ня трэба нічога перапісваць. Заўтра, дарэчы, тыя ж пэрсанажы на расейскіх тэлеканалах будуць даводзіць публіцы, што расейскія спартоўцы, якія паедуць на Алімпіяду пад нэўтральным сьцягам — гэта сапраўдныя героі Расеі, якія адстаялі яе гонар, якія далі адпор яе ворагам, у іх сьцяг у сэрцы і гэтак далей.
Вось убачыце, так і будзе.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.