«Што б са мной ні адбывалася, я вешацца ня буду, здароўе ў мяне ў парадку», — перадаў на волю палітвязень Міхаіл Жамчужны. Праваабаронцы гэта расцанілі як тое, што Жамчужны адчувае рэальную пагрозу свайму жыцьцю.
Заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа», вязень горацкай калёніі Міхаіл Жамчужны зноў адбывае 10 сутак у карцэры. Гэта ўжо 14-е пакараньне зьмяшчэньнем у карцэр або ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу) за тры гады знаходжаньня ў калёніі ў Горках.
У 2014 годзе былы выкладчык Міхаіл Жамчужны быў асуджаны на 6,5 года паводле абвінавачаньня ў незаконным праслухоўваньні міліцыі і спробу даць міліцыянту хабар, што ён адмаўляе.
Паводле праваабаронцаў «Вясны» гэтым разам Міхаіла Жамчужнага пакаралі за «невыкананьне законнага патрабаваньня прадстаўніка адміністрацыі сьледаваць у атрад».
Жамчужны: Я вешацца ня буду
Між тым сапраўдныя прычыны перасьледу могуць быць іншымі, мяркуюць праваабаронцы.
Напярэдадні вязень змог перадаць на волю, што яго хочуць зьмясьціць у атрад зьняволеных зь «нізкім статусам», якіх сыстэматычна зьневажаюць, у тым ліку іншыя вязьні. Пры гэтым Міхаіл Жамчужны ня толькі адмаўляецца пераходзіць у такі атрад і выконваць пэўныя працы, якія традыцыйна выконваюць вязьні зь «нізкім статусам». Праваабаронца працягвае абскарджваць пакараньні, якія былі на яго накладзеныя раней. Вязень не выключае, што пасьля некалькіх карцэраў яго як злоснага парушальніка рэжыму зьмесьцяць у ПКТ, прычым у адзіночку.
«Што б са мной ні адбывалася, я вешацца ня буду, са здароўем у мяне ўсё ў парадку», — перадаў на волю напярэдадні чарговага карцэру Міхаіл Жамчужны, якога цытуе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Ці страшны «нізкі статус» у калёніі?
Ці слушна дзейнічае Міхаіл Жамчужны, калі адмаўляецца выконваць загады адміністрацыі, атрымліваючы за гэта чарговае спагнаньне? Што небясьпечнага для вязьня ў зьмяшчэньні ў групу зь «нізкім статусам»?
Камэнтар Свабодзе пра гэта даў былы палітвязень, праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які падчас апошняй трохгадовай адседкі таксама змагаўся супроць «нізкага статусу».
«Абсалютна падобна да майго прыкладу: калёнія адмыслова робіць усё, каб надаць Міхаілу гэты нізкі зьняважлівы статус і максымальна пагоршыць яму ўмовы. Гэта стары крымінальны мэтад нашых турэмшчыкаў: там няма ніякага перавыхаваньня, яны нічога іншага ня ўмеюць, як пагражаць і зьневажаць», — кажа Андрэй Бандарэнка.
Паводле Андрэя Бандарэнкі, Міхаіл Жамчужны мае рацыю, калі адмаўляецца пераходзіць у атрад, які яму прызначыла адміністрацыя. Праваабаронца перакананы, што вязьня насамрэч спрабуюць прылічыць да вязьняў зь «нізкім статусам» — чыё становішча ён называе «наколькі ганебным, настолькі і небясьпечным».
«Гэтых людзей можа пакрыўдзіць кожны, у іх няма правоў. Ім нельга сядзець за адным сталом зь іншымі, яны мусяць выходзіць з памяшканьня апошнімі, зь імі ніхто не вітаецца за руку, яны абавязаныя рабіць тое, ад чаго іншыя адмаўляюцца — прыкладам, мыць сарціры. Калі Міхаіл адмаўляецца гэта рабіць, дык правільна, бо такая згода — ужо прызнаньне твайго нізкага статусу ў вачах іншых вязьняў. Так, за гэтую адмову атрымаеш пакараньне карцэрам, і ён на гэта ідзе сьвядома, бо іншага шляху для яго няма», — лічыць Андрэй Бандарэнка.
З уласнага досьведу Андрэй Бандарэнка ведае пра ўмовы ў карцэры, што ў гэтую пару году там холадна, а харчаваньня, хоць яно і звычайнае для калёніі, недастаткова.
«Калі ты знаходзісься ў атрадзе, так ці інакш ты можаш падсілкавацца ці са сваёй перадачы, ці цябе пачастуюць іншыя вязьні. А ў адзіночцы гэтай падтрымкі няма — чаго і дамагаюцца ахоўнікі», — кажа Бандарэнка.
Праваабаронцы з арганізацыі абароны правоў вязьняў «Нью-плятформа інавэйшн» падрыхтавалі на імя спэцдакладчыка ААН Міклаша Харашці скаргу пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, у якой праінфармавалі пра справу Міхаіла Жамчужнага.
«Скарга будзе накіраваная ў ААН ужо на гэтым тыдні», — паведаміў Свабодзе Андрэй Бандарэнка.