У Жыткавіцкім раёне паблізу вёскі Чэрнічы прасеў аўтамабільны мост праз раку Прыпяць. На ім зьявілася расколіна.
Гэта стала нечаканасьцю, кажа галоўны інжынэр «Гомельаўтадара» Сяргей Канакоў.
«Яшчэ ўранку па ім ішоў транспарт. А палове на дванаццатую зьявілася расколіна. Рух праз мост спынены. Цяпер там працуе камісія зь „БелдарНДІ“, Міністэрства надзвычайных сытуацый. Па выніках яе й будзе прынятае канчатковае рашэньне наконт таго, што рабіць з мостам», — распавёў спэцыяліст.
Незадоўга да сёлетнік «Дажынак» на мосьце рабілі капітальны рамонт. Але тычыўся ён стыкаў і дарожнага пакрыцьця — галоўны пралёт не чапалі, удакладняе Сяргей Канакоў.
Галоўны інжынэр лічыць, што сама па сабе канструкцыя трэснуць не магла.
«Быў там дынамічны ўдар ці вялікая нагрузка, невядома… Давядзецца новую апору ставіць ці нешта іншае рабіць — вырашыць камісія. Сродкі спатрэбяцца немалыя. І часу на аднаўленьне моста таксама спатрэбіцца шмат, можа нават цэлы год. Усё будзе залежаць ад вызначанага камісіяй аб’ёму працы», — дадае Канакоў.
Мост цераз Прыпяць пабудавала ў 1985 годзе ААТ «Мастабуд». Субпадрадчыкам быў Гомельскі дарожна-будаўнічы трэст № 2. Сёньняшні намесьнік генэральнага дырэктара гэтага трэсту Сяргей Лузай кажа, што тэрмін службы моста залежыць і ад якасьці будаўніцтва і ад эксплюатацыі.
«Можна мост дабіць і за дзесяць гадоў, калі эксплюатаваць яго неабачліва», — мяркуе Сяргей Лузай.
Мост праз Прыпяць у Чэрнічах зьвязвае зарэчную зону Жыткавіцкага раёну, у тым ліку Тураў, а таксама Століншчыну, з цэнтральнай Беларусьсю. Суседнія масты вельмі далёка: уніз па цячэньні Прыпяці — у Мазыры, уверх — ажно ў Пінску. Калі ехаць па іх у абʼезд, дарога павялічыцца больш як на 250 км.