Сучасны генэрал разважае аб сёньняшнім дні дзедаўшчыны. Нельга не прыслухацца да чужога меркаваньня. Тым больш зазначае, што глебай для злоўжываньняў цяпер стала наяўнасьць мабільных тэлефонаў і банкаўскіх картак, чаго раней быць не магло. Словам, назіраньні камандзіра цікавыя. Але я не пагаджуся зь ім што да сутнасьці праблемы.
Чалавек лічыць, што «махровая дзедаўшчына» ў савецкія часы «была заснаваная на нацыянальнай варажнечы». Але гэта справядліва толькі часткова. Гэта магло быць праўдай толькі там, дзе былі, дапусьцім, у адной казарме славяне і каўказцы. Ці нехта іншы. А дзе не было? Значыць, калі з такой лёгікі зыходзіць, і дзедаўшчына ня мела глебы? Але яна была.
Другое: генэрал прызнаецца, што некалі думаў: калі служыць будуць адны беларусы, калі ня стала СССР, дык і «праблема зь “дзедаўшчынай” зьнікне сама сабой». А гэтага, маўляў, ня здарылася.
Калі шчыра, мне гэта здалося даволі наіўным. Чаму? Зараз патлумачу.
У нашай казарме (глыбокія савецкія часы) былі амаль адныя беларусы. А дзедаўшчына была. Ну, можа, не такая «махровая», як паверхам вышэй, дзе жыла будаўнічая рота. Але зусім не таму, што ў адным памяшканьні сабралі амаль спрэс землякоў. А хутчэй таму, што будоўля — служба грубая, а сувязь — «нэрвы арміі», больш інтэлігенцкая, і набіраць маглі розных салдат. Напрыклад, улічваць школьны атэстат. У будбат двоечнікаў, у сувязь — больш здольных.
Трэцяе, як разважае генэрал: дзедаўшчына вярнулася таму, што «ўсе дзейнічалі паводле прынцыпу: зь мяне зьдзекваліся, і я буду». І вось тут ён трапіў, бадай, у мішэнь, але не ў яблычак. Таму што ня «ўсе», а толькі некаторыя. Большасьць звычайна нармальныя.
Трапіўшы некалі ў СА, я назіраў, разважаў. Над парадкамі, над дзеяньнямі людзей навокал, над характарамі. І стараўся для сябе сфармуляваць: што такое дзедаўшчына, адкуль яна, навошта? Няўзброеным вокам было відно: частка тых, хто цярпеў разам са мной, цярпіць толькі дзеля таго, каб самому потым ціснуць іншых. І нацыянальнасьць тут ні пры чым.
Галоўнае — узровень чалавека. Маральны, як любілі тады гаварыць, «духоўны багаж» і гэтак далей. Дык вось: так званыя «дзяды» — гэта тыя, каго любіць армейскае начальства, на каго абапіраецца. Ім вядома, як быць адначасова бліжэй і да яго, і да кухні, як жыць у казарме, каб было і ўежна, і ўлежна. Яны ведаюць, як падлізнуць начальству, як пралезьці пішчом. Як атрымаць лычкі.
І гэта абсалютна ўнівэрсальная рэч. Гэтыя ж людзі потым пралазяць «на гражданцы» ў начальнікі, расьпіхваюць локцямі, лезучы ў палітыкі, каб ужо камандаваць тысячамі, мільёнамі.
Усходнікі і заходнікі ў казарме
Але вернемся ў нашу казарму ў Савецкай арміі. Як я ўжо казаў, пераважна беларускую паводле нацыянальнага складу. Дык вось: на першым месцы быў узровень чалавека. Адукацыйны таксама, хаця ўсе пераважна былі пасьля школы толькі. Але менавіта самае галоўнае ў арміі — чалавечы ўзровень. Калі перад табою гад, то для цябе ня мае ніякага значэньня нацыянальная прыналежнасьць.
Дапусьцім, сяржанты ды астатнія ў нас былі пераважна з Гомельскай вобласьці і зь Берасьцейскай. Усходнікі і заходнікі. І я вам скажу, што было прыблізна пяцьдзясят на пяцьдзясят. Зацятых гадкіх «дзядоў» было наогул няшмат, і мог сярод іх трапіцца гамяльчук, а мог берасьцейскі. Самы дрэнны быў адзін заходнік. Тупы і гадкі. Сапраўдны «дзед». А сярод гомельскіх, калі шчыра, большасьць сяржантаў выклікалі ў мяне нават станоўчыя пачуцьці. Быў яшчэ старэйшы сяржант Пільвінскі, які паходзіў зь Мядзельскіх ваколіц, грунтоўны справядлівы чалавек, як мне запомнілася. Былі два магілёўскія, з выразна шляхецкімі прозьвішчамі, ганарлівыя, але бадай што ня брыдкія людзі.
Былі іншыя «дзяды», шараговыя, часам мог трапіцца яфрэйтар, шаўкі бяз лычкі, якія мяне абзывалі Салжаніцыным. Беларусы. У нас зь іншых рэспублік было няшмат. Два літоўцы. Адзін, «чарпак», гадкі. Другі, «малады», Сайкявічус, вельмі сымпатычны хлопец.
А з кім я сам сябраваў? Зь Юзікам зь Мядзела, з Арнісам з Рыгі. Яны былі мае найлепшыя сябры. А з суседняга ўзводу Воўка Сухаў з гораду Віднае пад Масквой. Ён, можна сказаць, прафэсійна займаўся карцінгам. Разьвітаньне ў нас было даволі чульлівае. Ён вытачыў мне ў майстэрні інструмэнт для чаканкі і зрабіў пісьмовы прыбор, вельмі дбайна, з любоўю. Каб я «на гражданцы» пісаў.
Усё залежыць ад духоўнага ўзроўню чалавека, які трапляе ў армію, ад схільнасьцяў. Напрыклад, у вучэбцы мы сышліся адразу зь «дзедам» Валерам Рудневым. Ён быў з Горадні, якой я тады яшчэ ні разу ня бачыў. Мы сышліся на любові да Pink Floyd. У яго ў клясе сувязі быў магнітафон. Часам удавалася разам паслухаць музыку, а потым мы ішлі ў салдацкую чайную піць растваральную каву зь пірожнымі. І размаўлялі. Хто быў у вучэбцы, можа зразумець — які гэта для мяне быў падарунак лёсу. Альбо ў першы месяц мы так пасябравалі з сяржантам Зайцавым, што я стаў заўважаць, што пераймаю яго. Таксама — музыка, Deep Purple, агульныя тэмы для размовы. Калі яго адкамандзіравалі, у мяне проста драма была.
Нядрэнныя ў мяне адносіны склаліся з масквічамі. З адным сяржантам мы па чарзе хадзілі дзяжурнымі па роце, вырашылі, што ніколі ня будзем «дзядамі». Сталі выпускаць насьценгазэту і зачапілі «дзедаўство». Камузводу лейтэнант Грыцык (з Карпатаў) быў разьюшаны, сарваў. Яны ж, афіцэры, на «дзядоў» абапіраліся.
Дзедаўшчына была, ёсьць і будзе
І вось мы падышлі да маёй асабістай высновы адносна прычыны, каранёў дзедаўшыны ў цяперашніх узброеных сілах.
Як я разумею, ні генэрал, ніхто іншы не сумняваецца, што дзедаўшчына і Савецкая армія — гэта былі рэчы неразрыўныя. Карацей: дзедаўшчына, якая, як здавалася некаторым афіцэрам, цэмэнтавала армію, насамрэч яе разьядала, нібы іржа.
Паколькі ў Беларусі адмовіліся ствараць свае сапраўды нацыянальныя ўзброеныя сілы, а проста выкарысталі частку былой Савецкай арміі, якая знаходзілася на нашай тэрыторыі ў складзе Беларускай вайсковай акругі, нічога памяняцца само сабой не магло. Разам з партрэтамі Суворава, Пятра І, Кутузава забралі сабе і дзедаўшчыну.
Паўтараю: калі чалавек мае духоўны гарт, «дзедам» ён ня стане. Калі не — стане абавязкова.
Глыбей трэба капаць ваякам, у псыхалёгіі. Кнігі чытаць. Быкава. У яго ўсё на гэтым пабудавана. Паскуднік у Печах на перадавой тым больш будзе паскуднікам. І зусім ня важна было ў той арміі звычайна — якой ён нацыянальнасьці… Адным словам, дзедаўшчына была, ёсьць і будзе. Паколькі беларускага войска няма. А тое, што існуе, сьледам за маскоўскім генштабам рыхтуецца адзначаць цяпер стагодзьдзе Чырвонай гвардыі-Савецкай арміі-Расейскай арміі як сваё асабістае сьвята. Ці можа такая армія існаваць безь дзедаўшчыны? Пытаньне рытарычнае.
Так, нацыянальнасьць была б сапраўды важным стабілізуючым чыньнікам, каб армія грунтавалася на беларускіх духоўных каштоўнасьцях, на рыцарскім духу, на сярэднявечных традыцыях. А не на чужых пратэрмінаваных дражджах.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.