У Радзе Бясьпекі ААН ініцыявалі экстранае паседжаньне праз рашэньне Трампа прызнаць Ерусалім сталіцай Ізраілю

Пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН, архіўнае фота

Восем зь 15 сяброў Рады Бясьпекі ААН ініцыявалі правядзеньне 8 сьнежня экстранага пасяджэньня, каб абмеркаваць рашэньне прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа прызнаць Ерусалім сталіцай Ізраілю.

З адпаведнай просьбай да генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша зьвярнуліся Францыя, Балівія, Эгіпет, Італія, Сэнэгал, Швэцыя, Вялікая Брытанія і Ўругвай.

«Я пасьлядоўна выступаў супраць любых аднабаковых захадаў, якія паставілі пад пагрозу пэрспэктыву міру для ізраільцян і палестынцаў», — сказаў генэральны сакратар ААН.

«У гэты трывожны момант я хачу даць зразумець: альтэрнатывы рашэньню пра дзьве дзяржавы няма, няма пляну Б», — сказаў ён.

Прэзыдэнт Дональд Трамп у сваёй прамове 6 сьнежня сказаў, што гэты крок быў усяго толькі «прызнаньнем рэальнасьці». «Сёньня мы нарэшце прызнаем відавочнае, што Ерусалім зьяўляецца сталіцай Ізраілю», — сказаў ён.

Трамп даручыў Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША пачаць падрыхтоўку да пераводу амбасады ЗША з Тэль-Авіву ў Ерусалім. Як кажуць экспэрты, гэта можа заняць ад трох да чатырох гадоў.

Гэтая заява зьмяніла палітыку ЗША некалькіх дзесяцігодзьдзяў, згодна зь якой статус гораду павінен вырашацца на перамовах з палестынцамі.

Краіны Блізкага Ўсходу асудзілі такое рашэньне Трампа, а эўрапейскія лідэры, баючыся ўспышкі гвалту, заклікалі да спакою усе бакі.