Раней Трамп абвясьціў, што Злучаныя Штаты прызнаюць Ерусалім у якасьці сталіцы Ізраіля і перанясуць сваю амбасаду з Тэль-Авіву ў Іерусалім. Пра гэта Трамп паведаміў падчас тэлефонных размоваў з лідэрамі Ізраілю, Палестынскай аўтаноміі, Саудаўскай Арабіі, Эгіпту і Ярданіі.
Пераезд з прычыны тэхнічных і арганізацыйных праблемаў адбудзецца не раней. чым праз шэсьць месяцаў.
Лідэры арабскіх краінаў рэзка скрытыкавалі рашэньне Дональда Трампа. Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах Федэрыка Магерыні заявіла, што неабходна ўстрымацца ад любога кроку, які б мог падарваць будучыню мірнага пагадненьня паміж палестынцамі і ізраільцянамі. Францускае міністэрства замежных спраў падкрэсьліла, што статус Ерусаліму павінен быць вызначаны ў выніку ізраільска-палестынскіх перамоваў.
Пераважная большасьць заходніх краінаў не прызнае Ерусалім як сталіцу Ізраілю. Палестынцы настойваюць на тым, што Ўсходні Ерусалім, які ўключае ў сябе стары горад, дзе сканцэнтраваныя рэлігійныя сьвятыні мусульманаў, хрысьціянаў і габрэяў, будзе сталіцай іх дзяржавы.