Па спасылцы між 49'29 і 50ʼ44 гучаць зьвязаныя адна з адной наступныя рэплікі вядоўцаў перадачы НТВ «Место встречи»:
— Лукашэнка кожны раз выстаўляе рахунак Маскве. Гэта нават ня жонка. Гэта першая старажытная (прафэсія — СК);
— «Уладзімер Уладзімеравіч, мяне атакуюць. Я, канешне, абарону буду трымаць, але вы нам скіньце цану на газ, яшчэ штосьці»;
— «Гэта завецца нізкая сацыяльная адказнасьць» (сьмех у залі).
Наўпроставыя абразы адрасаваныя менавіта Лукашэнку. А не Беларусі як палітычнаму арганізму ці наагул уладзе, як можна было пабачыць у шэрагу СМІ, у тым ліку на ток-шоў ОНТ. Слова «Лукашэнка» выразалася, там дзе ішло цытаваньне НТВ.
Толькі пэрсанальнай абразай Лукашэнкі я магу патлумачыць, чаму афіцыйныя СМІ ўжо тыдзень рэагуюць на перадачу, якая выйшла ў эфір 30 лістапада.
Спачатку ў «Советской Белоруссии» публікуецца карыкатура з абураным, але малаінфармацыйным камэнтаром да карцінкі. Таксама выходзіць у эфір амаль пяціхвілінны камэнтар ад ОНТ. І нарэшце цэлае ток-шоў на тым самым ОНТ, дзе «дэпутат Марзалюк прапанаваў абвясьціць супрацоўнікаў расейскага НТВ пэрсонамі нон-грата ў Беларусі».
Супрацоўнікі НТВ тут маюць другасную ролю. Прапагандысцкія матэрыялы, тым больш адносна суседняй дзяржавы, а пагатоў з абразамі на адрас галавы суседняй дзяржавы, робяць тэлевізійнікі фізычна, але ідэйна трэба глядзець на іншыя адрасы.
У любой таталітарнай дзяржаве ёсьць ідэалягічныя службы. Яны такія самыя пірамідальныя паводле структуры як сама ўлада. Напрыклад, у расейскім варыянце – Крэмаль, сталіца, рэспубліка, вобласьць, раён. У беларускім – Дразды, сталіца, вобласьць, раён.
Сцэнар падобных шоў распрацоўваецца дэталёва. Месца для імправізацыі мінімальнае. З кожным удзельнікам прагаворваецца яго роля. Самі вядоўцы імправізуюць згодна пляну. Параўнаньне з прастытуцыяй, паўторанае двойчы, ня можа быць выпадковым.
Што значыць гэтая кропкавая прапагандысцкая атака на Лукашэнку? Абразы — гэта прамацваньне глебы ці ўжо чорная метка, маўляў, рыхтуйся, мы пачалі? Пачалі інфармацыйную вайну? Далей будзе эканамічная ці нават палітычная?
За рэдкім выключэньнем удзельнікі шоў на ОНТ узрушаныя ці разгубленыя. «Як жа так, што ж вы робіце? Мы ж свае! Але самастойныя. Але свае...», «Мы не дармаеды адносна Расеі», «Мы на зьнешнепалітычнай арэне выступаем за яе», «У нас расейская мова больш, чым дзяржаўная», «Куды ўжо больш саюзьніцтва»?
У фінале перадачы дэманструюць кадры НТВ са скептычнымі ці нават нэгатыўнымі выказваньнямі на адрас Беларусі, а пасьля кадры, дзе на параалімпійскіх гульнях над беларускай камандай лунае расейскі сьцяг. Маўляў, мы саюзьнікі! Праўда, не сказаўшы што за той саюзьніцкі жэст аўтару пэрфомансу пасьля далі кватэру ў Маскве і пасаду ў Беларусі.
Усё ток-шоў ОНТ — гэта пераказ рознымі галасамі выказваньня Лукашэнкі, на відэа ад 40ʼ12.:
«Мы заўжды будзем ісьці насустрач інтарэсам эўрапейскіх дзяржаваў, заўжды. Ня грэбуючы нашымі інтарэсамі. Калі перад намі ня будуць ставіць пытаньне «ці вы з Расеяй, ці вы з Эўропай?». Я на такія пытаньні не адказваю і не вяду дыялёг. У Расеі жывуць нашы браты....Мы будзем працаваць з Эўропай, але Расея для нас – сьвятое».
У сухім астатку па-за пэрыядычнымі нагадваньнямі пра сяброўства з простым расейскім народам гледачы ток-шоў на ОНТ пабачылі некалькі разоў пракручаныя варыянты нэгатыву з боку Расеі на адрас Беларусі;
Шмат разоў пачулі што Беларусь незалежная, самастойная, ніхто ня можа дыктаваць Беларусі як сябе паводзіць;
Пабачылі два апытаньні, дзе людзі хорам адказвалі, што Беларусь не сядзіць на шыі ў Расеі, а ў другім — што толькі з Расеяй сябраваць нельга.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.