«„Белсат“ выратаваны», — напісала ў Twitter дырэктарка каналу Агнешка Рамашэўска-Гузы.
Парлямэнцкая камісія зацьвердзіла папраўкі пасьля двух чытаньняў праекту бюджэту. Цяпер іх павінны зацьвердзіць дэпутаты на пленарным паседжаньні.
«Папраўкі, якія праходзяць праз Камісію фінансаў і маюць палітычную падтрымку, праходзяць на 99,9%». — сказала Свабодзе Агнешка Рамашэўска-Гузы.
Як раней паведамляла Свабода, папраўку, якая б гарантавала сродкі каналу праз Міністэрства фінансаў, прапанаваў адзін з дэпутатаў кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць» і яе падтрымлівае лідэр партыі Яраслаў Качыньскі.
Да 2016 году 16–20 млн злотых давала Міністэрства замежных справаў Польшчы, яшчэ частка грошай паступала зь іншых крыніцаў. Але ў сьнежні 2016 году МЗС Польшчы значна скараціла фінансаваньне «Белсату» — кіраўнік Польскай тэлевізіі казаў, што канал можа быць закрыты, калі МЗС не адновіць супрацу і фінансаваньне.
Кіраўніца «Белсату» у лістападзе 2017 году казала, што «існуе палітычная воля ўтрымаць «Белсат» і што «Міністэрства фінансаў працуе, каб гэта забясьпечыць фінансава».