У СБУ паведамілі, што яе супрацоўнікі суправаджаюць работнікаў Генэральнай пракуратуры Ўкраіны, праводзяць сьледчыя дзеяньні ў памяшканьні экс-кіраўніка Адэскай АДА, былога прэзыдэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі і лідэра партыі «Рух новых сілаў» ў Кіеве. Пра гэта паведаміла ў камэнтары Радыё Свабода прэс-сакратарка СБУ Алена Гітлянская.
Яна не сказала, у рамках якой менавіта справы адбываюцца сьледчыя дзеяньні.
У Генпракуратуры таксама не даюць камэнтароў наконт сьледчых дзеяньняў, толькі пацьвярджаюць факт іх правядзеньня.
Як перадае карэспандэнт «Інтерфакс-Україна», прыхільнікі Саакашвілі спрабуюць трапіць у ягоны дом у Кіеве, але праваахоўнікі нікога не пускаюць. Пэрыядычна каля дома ўзьнікае штурханіна і сваркі.
Раней сёньня паплечнік Саакашвілі Давід Сакварэлідзэ на старонцы ў Facebook паведаміў, што ў доме Саакашвілі праводзяць ператрус.
У канцы ліпеня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ аб спыненьні грамадзянства Ўкраіны Міхэіла Саакашвілі, як паведамляюць, празь сьвядомую падачу лжывых зьвестак пры набыцьці ўкраінскага грамадзянства.
Саакашвілі 10 верасьня трапіў на тэрыторыю Ўкраіны, не прайшоўшы памежнага кантролю. Суд прызнаў вінаватым Міхэіла Саакашвілі ў незаконным перасячэньні дзяржаўнай мяжы і абавязаў выплаціць штраф — 3400 грыўняў.
Супраць Саакашвілі распачаты шэраг крымінальных спраў у яго роднай Грузіі, якая ўжо працяглы час дамагаецца ад Украіны яго выдачы.