ВІЧ і СНІД не адно і тое ж. Усё, што трэба ведаць пра вірус і хваробу

1 сьнежня адзначаецца Ўсясьветны дзень барацьбы са СНІД. Свабода сабрала самуж важную інфармацыю пра хваробу.

У Беларусі 5740 хворых на СНІД

CНІД — сындром набытага імунадэфіцыту. Захворваньне выклікаецца вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ). Ён аслабляе імунную сыстэму, і арганізм перастае супрацьстаяць розным захворваньням. Тэрмінам СНІД называюць канчатковую стадыю ВІЧ-інфэкцыі, калі імунная сыстэма чалавека перастае даваць рады інфэкцыям, а на фоне гэтага разьвіваюцца спадарожныя захворваньні лёгкіх, органаў страўнікава-кішачнага тракту, галаўнога мозгу. Хвароба заканчваецца сьмерцю.

У Беларусі хворых на СНІД 5740 чалавек. За ўвесь час назіраньня з 1987 году ў краіне з дыягназам СНІД памерла больш за 5 тысяч чалавек.

У Беларусі больш за 18 тысяч чалавек зь ВІЧ-станоўчым статусам

Усяго ў сьвеце пражываюць каля 40 мільёнаў ВІЧ-інфікаваных. Кожны год рэгіструецца каля 2 мільёнаў новых выпадкаў заражэньня, то бок кожны дзень ВІЧ-інфэкцыяй заражаюцца больш за 5 тысяч чалавек.

Вірус імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ) паражае жывыя клеткі (лімфацыты) і разьвіваецца ў іх. Жывыя клеткі выкарыстоўваюцца як «інкубатар», у якім вірусы дзеляцца і размножваюцца. Памеры ВІЧ вельмі малыя: па лініі даўжынёй 1 сантымэтар можа разьмясьціцца каля 100 тысяч вірусных часьцінак. Вірус выклікае павольнае захворваньне з доўгім інкубацыйным пэрыядам (ад заражэньня да зьяўленьня прыкмет хваробы). Могуць прайсьці гады, перш чым разаўецца захворваньне СНІД.

Вірус ВІЧ пад электронным мікраскопам на клетцы-лімфацыце

Тры стадыі хваробы

Падступнасьць ВІЧ якраз у тым, што вірус, трапіўшы ў арганізм, доўгі час ніяк не дае пра сябе знаць, і выявіць яго можна толькі пры лябараторным дасьледаваньні. Хвароба, выкліканая вірусам імунадэфіцыту чалавека, праходзіць некалькі стадый.

Першая стадыя — калі няма клінічных праяваў ВІЧ-інфэкцыі. Гэтая стадыя можа доўжыцца ад 2 да 15 гадоў. Яна называецца асымптомнай інфэкцыяй. Чалавек можа выглядаць і адчуваць сябе здаровым, а пры гэтым перадаваць інфэкцыю іншым людзям.

Другая стадыя — прэ-СНІД. Характарызуецца зьяўленьнем першых сымптомаў хваробы. Гэта павелічэньне лімфатычных вузлоў, страта масы цела, ліхаманка, слабасьць.

Трэцяя стадыя — СНІД. Працягваецца ад некалькіх месяцаў да 2 гадоў, заканчваецца сьмерцю хворага.

Шляхі перадачы ВІЧ-інфэкцыі

ВІЧ не жыве ў арганізьме жывёлаў. Для сваёй жыцьцядзейнасьці і размнажэньня ён мае патрэбу ў клетках чалавека, таму ад жывёл чалавеку перадацца ня можа. У экспэрымэнтах на малпах, пацуках, мышах, паўлінах і катах ні разу не ўдалося дабіцца заражэньня. Такім чынам, заразіцца вірусам, які выклікае СНІД, можна толькі ад чалавека — носьбіта ВІЧ-інфэкцыі.

У ВІЧ-інфікаванага чалавека ўтрыманьне віруса ў розных вадкасьцях неаднолькавае. Найбольшая колькасьць віруса, дастатковая для заражэньня іншага чалавека, у ВІЧ-інфікаванага зьмяшчаецца ў крыві, спэрме, вагінальным сакрэце, сьпіннамазгавой вадкасьці, грудным малацэ. Таму мэдыкі кажуць пра тры шляхі перадачы ВІЧ-інфэкцыі:

  1. палавы;
  2. парэнтэральны (калі вірус трапляе ў кроў);
  3. вэртыкальны (ад ВІЧ-інфікаванай маці — дзіцяці падчас цяжарнасьці, родаў, кармленьня).

Шляхі, якімі ВІЧ-інфэкцыя не перадаецца

  • Пры сяброўскіх абдымках і пацалунках;
  • праз поціск рукі;
  • пры карыстаньні школьнымі прыладамі, кампутарам, сталовымі прыборамі, верхняй вопраткай;
  • пры карыстаньні басэйнам, душам;
  • у грамадзкім транспарце;
  • насякомымі (казуркамі), у тым ліку і кровасысучымі;
  • паветрана-кропельным шляхам.

Ад заражэньня ВІЧ-інфэкцыяй засьцерагае наяўнасьць сталага палавога партнэра, выкарыстаньне прэзэрватыва пры сэксуальным кантакце. Нельга заразіцца, даглядаючы хворага.

Групы рызыкі

Існуюць людзі, у якіх верагоднасьць інфікаваньня ВІЧ вялікая. Гэта залежыць ад паводзінаў чалавека, якія вызначаюць ступень рызыкі: вялікая колькасьць сэксуальных партнэраў; палавыя кантакты без прэзэрватыва; кантакты пры наяўнасьці хваробаў, якія перадаюцца палавым шляхам; выкарыстаньне адных і тых жа іголак і шпрыцаў некалькімі людзьмі пры ўнутрывенным уводзе наркотыкаў.

Таму да групаў рызыкі адносяцца наркаманы, прастытуткі, асобы зь бязладнымі палавымі сувязямі.

Прафіляктыка ВІЧ

У сьвеце пакуль яшчэ ня вынайдзена ні лекаў, ні вакцынаў, якія маглі б вылечыць ад ВІЧ-інфэкцыі або папярэдзіць заражэньне. Толькі бясьпечныя паводзіны і адказнае стаўленьне да свайго здароўя абароняць ад заражэньня вірусам імунадэфіцыту чалавека.

Палавы шлях заражэньня

У чалавека, які ня мае выпадковых палавых кантактаў або выкарыстоўвае прэзэрватывы, ня ўводзіць наркотыкі ўнутрывенна, рызыка заражэньня ВІЧ роўная нулю.

Парэнтэральны шлях (калі вірус трапляе ў кроў)

Асноўны шлях перадачы ВІЧ-інфэкцыі — калі ўнутрывенна ўводзяць наркотыкі адным шпрыцам, які перадаюць адзін аднаму. Заражэньню ВІЧ спрыяюць выкарыстаньне інфікаванага наркотыку або агульных прадметаў пры яго падрыхтоўцы (тампонаў, посуду). Як толькі ў групе наркаманаў зьяўляецца хоць адзін заражаны ВІЧ, празь некаторы час большая частка такой групы (каля 70% на працягу 2–3 гадоў) становіцца ВІЧ-інфікаванай.

Вэртыкальны шлях заражэньня — дзіця ад ВІЧ-інфікаванай маці

Нараджаць дзіця ці не, вырашае сама ВІЧ-інфікаваная жанчына. Імавернасьць нарадзіць ВІЧ-інфікаванае дзіця — 30–45%. Прымяненьне мэдыкамэнтознай тэрапіі дазваляе значна зьменшыць такую рызыку — да 1–2%.

Статыстыка па Беларусі

Па стане па 1 лістапада 2017 году ў Беларусі пражывае больш за 18 тысяч чалавек зь ВІЧ-станоўчым статусам. Паказьнік захворвальнасьці — 20,5 на 100 тысяч насельніцтва.

За ўвесь пэрыяд назіраньня (прыкладна за 30 гадоў) у Беларусі зарэгістравана 24 164 выпадкі ВІЧ-інфэкцыі, за 10 месяцаў бягучага году — 1946 выпадкаў.

У Беларусі бясплатную антырэтравірусную тэрапію атрымліваюць 50% ВІЧ-інфікаваных — 9,2 тысячы чалавек.

Асноўны шлях заражэньня ВІЧ у Беларусі — палавы (77%, альбо 1,5 тысячы новых выпадкаў, зарэгістраваных сёлета).

З агульнай колькасьці ВІЧ-станоўчых 60% — мужчыны, 40% — жанчыны.

Дзеці

За 30 гадоў у Беларусі ад ВІЧ-станоўчых мацярок нарадзілася 3470 дзяцей. Дыягназ «ВІЧ-інфэкцыя» пацьверджаны 291 дзіцяці. Усяго ў краіне жыве 313 дзяцей ва ўзросьце да 14 гадоў зь ВІЧ-інфэкцыяй. За 10 месяцаў 2017 году нарадзілася толькі адно такое дзіця.

За ўвесь пэрыяд назіраньня (1987–2017 гг.) сярод ВІЧ-станоўчых пацыентаў памерла 5050 чалавек.

Прававыя аспэкты праблемы ВІЧ/СНІД

Крымінальны кодэкс (артыкул 157) прадугледжвае пазбаўленьне волі

  • да 3 за сьвядомае пастаўленьне іншай асобы ў небясьпеку заражэньня СНІДам;
  • да 7 гадоў за заражэньне iншай асобы СНІДам асобай, якая ведала пра наяўнасьць у яе гэтай хваробы.

Так, толькі ў Гомельскай вобласьці ад пачатку 2017 году за заражэньне ВІЧ заведзена 75 крымінальных спраў.

Закон «Аб дзяржаўных дапамогах семʼям, якія выхоўваюць дзяцей» прадугледжвае пэнсійную дапамогу для ВІЧ-інфікаваных і хворых на СНІД дзяцей да 16 гадоў.

Законамі «Аб ахове здароўя», «Аб санітарным дабрабыце насельніцтва» гарантуюцца бясплатныя лекі пры лячэньні СНІДу;

  • недапушчэньне звальненьня з працы, адмовы ў прыёме на працу, навучальную ўстанову, дзіцячы садок ВІЧ-інфікаваных асобаў;
  • права на ананімнае абсьледаваньне.

Зь ВІЧ можна дажыць да глыбокай старасьці

ВІЧ — захворваньне невылечнае, але гэта не прысуд. Калі праходзіць рэгулярныя мэдычныя агляды і прымаць антывірусную тэрапію, імунастымулюючыя лекавыя прэпараты, сачыць за здароўем, правільна харчавацца, весьці здаровы лад жыцьця — можна пражыць доўга.