Скандальны чэмпіён скандальнага чэмпіянату

Алег Дашкевіч

Скончыўся, бадай, самы неадназначны за апошнія гады футбольны чэмпіянат Беларусі. Шэраг папярэдніх гадоў чэмпіён вызначаўся датэрмінова, і гэта быў клюб БАТЭ.

Сёлета інтрыга трывала да самае рэшты, дый невядома, ці згасла яна з апошнім фінальным сьвістком матча БАТЭ — Гарадзея, бо спартовыя выданьні намякаюць на юрыдычны працяг.

Рэвалюцыі не атрымалася, але гэты турнір яскрава вызначыў заганы беларускай футбольнай гаспадаркі, менавіта гаспадаркі, дзе правілы, як паказала хада падзеяў, можна інтэрпрэтаваць па рознаму.

Чэмпіянат як люстэрка паказвае атмасфэру, у якой мы жывем, дзе заміж празрыстых законаў нейкая шэрая зона, зь якой найбольш спрытныя і ўплывовыя вылоўліваюць свае дывідэнды. І калі ў краіне гэты спрытнюга — дзяржаўная ўлада, то ў футболе — той, хто мае большы ўплыў у фэдэрацыі футболу.

Сытуацыя з тэнісным перакіданьнем трох балаў у плюс ці ў мінус БАТЭ паводле «справы Верамко» ў матчы Барысава са Слуцкам, безумоўна, паўплывала на канчатковы вынік, бо бязь іх чэмпіёнам быў бы не БАТЭ.

«Прэсбол» на сваім сайце правёў апытаньне: ці рады футбольныя заўзятары за БАТЭ альбо ім шкада «Дынама»?

Шчыра прызнаюся, мне шкада ўсіх, і БАТЭ, і «Дынама», але перадусім заўзятараў, за тое, што яны вымушаныя назіраць паддывановыя разборкі футбольных функцыянэраў, што належаць да розных футбольных кланаў. А тым часам нацыянальны футбол апускаецца ўсё ніжэй у міжнародным рэйтынгу, што на ўзроўні нацыянальных камандаў, што клюбаў.

На адбор чэмпіянату сьвету зборная займае апошняе месца у сваёй групе сьледам за Люксэмбургам, клюбы вылятаюць з эўрапейскіх кубкаў, так і не дабраўшыся да стадыі плэй оф, і маюць адны з самых горшых вынікі ў Эўропе.

Што тычыцца нутранога першынства Беларусі, то тут трэба прызнаць, што барысаўскі клюб, ня гледзячы на скандальную перамогу ў чэмпіянаце, усё ж выглядае лепшым з горшых, бо даціскаў сваё не адно ў паддывановых гульнях, але й на футбольным полі.

Напрыклад, у гульнях паміж прызэрамі чэмпіянату БАТЭ безальтэрнатыўна першы. І ў гульнях на фінішы турніру, якія наўпрост уплывалі на вынік і вырашалі якасьць мэдалёў, як у выпадку матча з Гарадзеяй, на маральна валявых, на апошніх сэкундах, але здабыў такую неабходную для першага месца ў табліцы нічыю 3–3.

Ні менскае «Дынама», ні пагатоў салігорскі «Шахтар» трошкі раней гэтага зрабіць ня здолелі.

Рэвалюцыя ў турнірнай табліцы, на якую спадзяваліся многія, па выніку абярнулася скандалам. Постсавецкі футбольны герой застаўся на сваім першым месцы дванаццаты раз запар.

Але пытаньне: ці магла рэвалюцыя адбыцца, і хто намагаўся яе зьдзейсьніць?

Ні «Дынама» Юрыя Чыжа, ні «Шахтар» Беларуськалія ня цягнуць на ролю рэвалюцыянэраў у айчынным чэмпіянаце, бо паводле сваёй філязофіі, стылю кіраваньня і арганізацыі ёсьць квазісавецкімі клюбамі.

БАТЭ клюб усё ж постсавецкі і ў гэтым ягоная асноўная перавага, ён больш мадэрны, пры ўсім сваім укладзе 1990-х, які выклікае аскому. 1990-ыя ўсё ж не 1980-ыя.

Пакуль менавіта БАТЭ, разам са сваім скандалам, увасабляе найноўшую беларускую футбольную гісторыю. Мае найлепшы вынік ад удзелу ў міжнародных кубках і арганізацыі футбольнай гаспадаркі.

Яшчэ адна прычына перамогі БАТЭ, як мне падаецца, у тым, што Анатоль Капскі больш любіць футбол і футбалістаў, чым гаспадары іншых прызэраў чэмпіянату, якім, такое ўражаньне, навязалі футбольныя клюбы «ў нагрузку».

Можна згадаць неадназначныя параўнаньні Юрыем Чыжом футболу й футбалістаў з роднай яму барацьбой ды барцамі, рэгулярныя штосэзонныя зьмены трэнэраў «Дынама». Альбо абсалютна дапатопную арганізацыю дамашніх гульняў «Шахтара» на салігорскім стадыёне, дзе матчы аднаго з прэтэндэнтаў на золата, паводле рэпартажу Івана Караічава, не выклікаюць ніякага ажыятажу.

Нават пры відавочным крызісе БАТЭ ні другі, ні трэці прызэр ня скочылі ня тое што праз галаву, але нават не даціснулі з сваёй сярэдзіны такое, здавалася б, блізкае сваё шчасьце.

Сытуацыя гаворыць за тое, што рэвалюцыю ў беларускім чэмпіянаце будуць зьдзяйсьняць іншыя клюбы. Можа быць берасьцейскае «Дынама», дзе зьявіліся новыя адпаведныя часу гаспадары. Можа быць «Крумкачы», якія на жылах, без капейкі за душой, але з голай верай у сваю будучыню ўсё ж засталіся ў элітным дывізіёне. А можа і нехта іншы. Час прысьпешвае новага героя.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.