Але заўтра, дакладней — у найбліжэйшай будучыні, такога замку ў Горадні больш ня будзе. Яго перабудуюць. Першы крок зроблены — новы драўляны мост, які перакінулі паміж двума пагоркамі, каб закрыць стары. Ён вядомы недзе з ХVІІ стагодзьдзя. Гэта мураваны, аркавы мост. Падобных у нас больш няма. Замак чакае перабудова, перш возьмуцца за ўязную браму. На дзядзінец можна будзе трапіць па часовым драўляным.
Стары замак застанецца толькі на здымках. Ня будзе больш цяперашняй суровасьці, крыху нават змрочнасьці, у ім ёсьць сёньня штосьці падспудна важкае, грунтоўнае, што вабіць, нібы замак Кафкі. Што яго нагадвае вонкавым выглядам. Кінэматаграфісты страцяць свой шанец зрабіць нашу экранізацыю славутага раману. Неўзабаве замак будзе выглядаць зусім інакш. Зь вежачкамі, ляпнінай, вялізным купалам. Як марцыпанавы торт.
Мы змагаемся самі з сабой. Мы заблыталіся ў сваіх пачуцьцях.
Для гарадзенцаў Стары замак самакаштоўны. Аднак ён адначасова не задавальняе аматараў даўніны. «Што ён зь сябе ўяўляе сёньня?» — хочуць быць яны шчырымі з самімі сабой. Шэрую пабудову бязь вежаў. Пасьля ранейшых разбурэньняў і пераробак яго прыстасавалі да патрэбаў гарнізону царскай арміі. І не цытадэль, і не казарма, а нешта сярэдняе.
Аднак мы яго любім такім, якім ён ёсьць, якім ведаем.
Чым вабіў Стары замак Уладзімера Караткевіча, Міхася Ткачова? Нарэшце, Вольгу Іпатаву, якая напісала гістарычны раман «Знак вялікага магістра»? Тым, што з Замкавай гары пачыналася гісторыя Горадні. Тым, што цьвержу пастаянна прагнулі ўзяць крыжакі, звычайна бяз выніку.
Замак Кафкі не пабудова сярод старых камяніц, а таямнічае месца за вёскай, наводшыбе, уласна кажучы — відарыс. Такім часам прадстае замак у Горадні, пастаўлены асобна, асабліва калі асмужаны туманам, што ўзьнімаецца зь нёманскай паверхні за ім.
У замку прысутнічае незавершанасьць. Палова ёсьць, паловы няма, сякія-такія толькі падмуркі. І мы доўга толкам ня ведалі, што зь ім рабіць, якую цукерку? Нанесьлі туды чырвоных сталінскіх сьцягоў, аўтаматаў ппш, зьмясьцілі ўсярэдзіне, нібы частку музэю Вялікай Айчыннай вайны, дастаўленую са сталіцы. І назойліва мроіліся драўляныя церамы над Нёмнам «часоў Кіеўскай Русі».
Нам хацелася трапіць у нашу гісторыю, але як, у якую? Мастак прапанаваў рэканструкцыю: строгі відарыс цытадэлі, сярэднія вякі, князь Вітаўт як гаспадар, які пасьля пажару драўлянага замка пабудаваў мураваны. Аднак штось муляла: а дзе церамы? Муляла начальству, якое адказвала за лінію партыі. Яно не магло гісторыкам і пісьменьнікам даверыць замак. Яно не разумела яго і не любіла. Чымсьці ён адпалохваў, цьмяныя выклікаў пачуцьці. Нібы ў сваім горадзе, але — ці свой? Нейкі ён не такі.
Эрых Фром калісьці пісаў, што ў «Замку» Кафкі адлюставанае бясьсільле чалавека. Каморніку хочацца трапіць у замак, уступіць у кантакт з таямнічымі насельнікамі, якія ўладараць. У яго спадзяваньне, што яны падтрымаюць яго, падкажуць, як жыць, дзе ягонае месца ў гэтым сьвеце. Адсюль пастаянныя, але безвыніковыя спробы спаткацца зь імі. Вынік: пачуцьцё суцэльнай безнадзейнасьці і пустэчы.
Польская пісьменьніца Анна Балецка напісала раман «Каханы Франц». На яе думку, Кафка баяўся сьвету і адначасова прагнуў яго. Так і бывае ў жыцьці. Рукамі свайго каморніка ён, можна сказаць, сам імкнуўся трапіць у недаступнае месца. Каб не сурочыць, ён не закончыў раман, меўшы думку аб гібелі каморніка пры канцы.
Кафка ўпершыню закрануў тэму сацыяльнай арганізацыі — лябірынта, дзе чалавек губляецца і рухаецца насустрач сваёй гібелі, напіша Мілян Кундэра, які па костках разабраў раман свайго земляка.
Што маем мы на сёньня? Спадзяваньне, што перабудаваны замак зробіць Горадню больш незвычайнай, што мы атрымаем ў рукі сапраўдны доказ, што горад быў рэзыдэнцыяй каралёў. Але ў душы не зьнікае цьмяны страх: што страцім гэты свой «замак Кафкі»? Прамяняем няхай на прыгожы, але муляж? У дылемах беларус адчувае кволасьць. Усё звычайна вырашае начальства.
Але горад напраўду вымагае рэстаўрацыі. Безь яе ён застанецца правінцыйным і савецкім, якім быў і застаўся. Дзе пастаянна руйнавалі старыя камяніцы, калі больш каштоўныя, калі менш. Мне толькі шкада, што закасаць рукавы сабраліся зноўку ня ўвесну, а напярэдадні сьнегападаў і маразоў. Але па савецкай традыцыі толькі так і можна займацца рэстаўрацыяй, інакш не атрымлівалася.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.