Аляксандар Усьцінаў і пэрспэктыва беларускага прафэсійнага боксу

Алег Дашкевіч

Учора позна ўвечары адбыўся бой за тытул рэгулярнага чэмпіёна сьвету паводле адной з асноўных прафэсійных баксэрскіх арганізацый WBA паміж Аляксандрам Усьцінавым і Мануэлем Чарам.

Аляксандар Усьцінаў, які нарадзіўся на расейскім Алтаі, выхаванец беларускага трэнэра Ўладзімера Задзірана і доўгі час прадстаўляў Беларусь, але на галоўны бой у сваёй кар'еры супраць немца Чара выйшаў пад расейскім сьцягам.

Па словах Уладзімера Задзірана, беларускія спартовыя арганізацыі не праяўлялі ніякай зацікаўленасьці ў тым, каб Усьцінаў і надалей выступаў за Беларусь, і яны вымушаныя былі шукаць іншыя варыянты разьвіцьця яго баксэрскай кар'еры.

Цікава было слухаць камэнтатараў БТ, якія стараліся хоць як далучыць Усьцінава да Беларусі, нягледзячы на «Alexander Ustinov from Russia», якое штораз гучала пры прадстаўленьні баксэраў, і на ўсю красамоўную расейскую атрыбутыку.

З часоў Сяргея Ляховіча Беларусь у цяжкой вазе ў тытульных баях за пасы асноўных баксэрскіх арганізацый ня мела свайго байца. Што да Ўсьцінава, дык у ягоную пэрспэктыву як магчымага топавага баксэра паверылі не беларускія функцыянэры, а дасьведчаны расейскі прамоўтар Уладзімер Хруноў.

Чаму так адбываецца?

Першая прычына, на маю думку, у тым, што ў Беларусі ўвесь вялікі бізнэс, які можна назваць прыватным (а прафэсійны бокс перадусім сілкуецца прыватным капіталам), завязаны на адміністрацыю прэзыдэнта, дзе свае спартовыя прыярытэты.

Па-другое, у Беларусі, можна сказаць, адсутнічае інстытут спартовых прамоўтараў. Мы адстаем у гэтай галіне на такую адлегласьць ад іншых, на якую наша эканамічная сыстэма адстае ад эканомік цывілізаваных краін.

Па-трэцяе, усе гэтыя міністры спорту й іншае спартовае чынавенства абцяжараныя плянамі па мэдалях і сіюмінутнымі спартовымі вынікамі, і выпадкі, калі нейкая фэдэрацыя мае магчымасьць працаваць на пэрспэктыву і стабільнае фінансаваньне, як, скажам, у хакеі ці, у меншай меры, у гандболе, адзінкавыя.

Да таго ж няма дасьведчаных спартовых функцыянэраў, нават савецкага кшталту, якім быў, прыкладам, Віктар Лівенцаў, што адказваў за беларускі спорт пры Машэраве. Менавіта пры яго ўдзеле падняўся беларускі спорт 1970-80-ых. Лівенцаў бачыў пэрспэктыву й пэрспэктыўных і мог адстаяць сваю пазыцыю перад кіраўніцтвам.

Вяртаючыся да бою Усьцінаў — Чар, дзе пераканаўча перамог немец, варта зазначыць, што бой быў цікавы, перадусім той тактычнай схемай, якую выбудавала каманда Чара.

Так і не рэалізаваўшы сваю перавагу ў фізычных дадзеных, Усьцінаў прайграў тактычна. Спарынг-партнэр Віталя Клічко ня здолеў правесьці бой так, як той, каму ён дапамагаў у трэнінг-кэмпах.

Відавочны дэфіцыт баксэрскае школы (Усьцінаў прыйшоў у бокс позна), кампэнсаваць фізычнай сілай не атрымалася. Мануэль Чар і яго каманда аказаліся больш дасьведчанымі й спрактыкаванымі.

На інтэрнэт-форумах беларускіх спартовых выданьняў было напісана нямала кпінаў з тае нагоды, што Ўсьцінаў выйшаў на гэты бой пад расейскім сьцягам, але, на маю думку, гэты баец іх не заслугоўвае. Пра прычыны зьмены сьцягу было напісана вышэй, і Аляксандар усё ж паходзіць з Расеі.

Цікава было б паглядзець, што пісалі б на форумах і як бы разважалі, чый баскэр Усьцінаў у выпадку ягонай перамогі.

Больш вартым заняткам было б прааналізаваць зьмест гэтага бою і пэрспэктывы нашых байцоў цяжкавагавікоў.

Што тычыцца беларускага спорту і боксу ў прыватнасьці, то застаецца пажадаць яму насуперак усяму разьвіць інстытут спартовых мэнэджэраў і прамоўтараў, бо збольшага ўсе спартовыя посьпехі здабываюцца насуперак, як і амаль усё талковае, пасьпяховае і свабоднае, што існуе ў Беларусі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.