Кожны саміт «Усходняга партнэрства» пакідае панылае ўражаньне. Да яго рыхтуюцца як да сьвяткаваньня Новага году, а ён трывае імгненьне і нараджае на раніцу толькі адну рэфлексію — «а што гэта было».
Я працаваў як журналіст на трох самітах. Дзясяткі ўрадавых дэлегацый, аўтамабілі са сьцяжкамі, сотні журналістаў. Гэта стварае ўражаньне, што адбываецца сапраўды нешта вельмі важнае. Але напрыканцы дня ты бачыш, што ўся інтрыга сустрэчы — гэта ўсяго толькі дэклярацыя, пра якую празь некалькі дзён ніхто ня будзе памятаць.
Саміты «Усходняга партнэрства» пачынаюць нагадваць паседжаньні СНД
«Усходняе партнэрства», якое стваралася для паглыбленьня супрацы Эўразьвязу і шасьці краін былога СССР, канчаткова ператварылася ў шырму. Эўрапейскія палітыкі пра яго ўзгадваюць толькі тады, калі трэба давесьці, што ЭЗ цікавіцца Ўсходняй Эўропай. Але гэта перастае працаваць. Асноўнае і так вырашаецца ў двухбаковых адносінах.
Кожны чарговы саміт будзе прыносіць толькі больш расчараваньня. Яны ўжо цяпер пачынаюць нагадваць паседжаньні СНД.
Нараканьні эўраскептыкаў Ўсходняй Эўропы «а каму мы там патрэбныя» хутка будуць успрымацца як справядлівыя. Бо без яснага абяцаньня, што хаця б некалькі постсавецкіх краін маюць шанец некалі далучыцца да ЭЗ, ніводнае партнэрства ня будзе працаваць.
На ўсё гэта можна знайсьці процьму адгаворак. І што сам ЭЗ ня ў найлепшай форме, ды і постсавецкія краіны паводзяць сябе як сонныя мухі і ня робяць імклівых рыўкоў. Гэта заганнае кола. І яно не перарвецца да таго часу, пакуль з Брусэлю не прагучыць адзін сказ: «Мы разглядаем вас як кандыдатаў».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.