Паводле дасьледаваньня (PDF) недзяржаўнага амэрыканскага Pew Research Center, у Беларусі лічаць сябе праваслаўнымі каля 5,9 млн чалавек (62% насельніцтва), але зь іх абсалютна ўпэўнена вераць у Бога толькі 22%.
Яшчэ 66% вераць у Бога, але маюць пэўныя сумневы, а 12% з тых, хто называе сябе праваслаўнымі, ня вераць у Бога або ня ведаюць, ці верыць.
Колькасьць «праваслаўных атэістаў» вышэйшая ў Расеі, Латвіі (па 13%), Баўгарыі і Эстоніі (па 22%), але меншая, напрыклад, у Сэрбіі і Ўкраіне (па 9%). Найбольш упэўненыя ў сваёй веры ў Бога праваслаўныя з Армэніі (цалкам упэўненыя 79%), Грузіі (72%) і Румыніі (64%).
Апытаньне ў Беларусі праводзіў незалежны расейскі Інстытут параўнальных сацыяльных дасьледаваньняў (CESSI), у ліпені-жніўні 2015 году ў Беларусі апыталі 1513 чалавек, статыстычная хібнасьць складае 3,5%.
Для бальшыні рэлігія ня важная ў жыцьці, мала хто рэгулярна ходзіць у цэрквы і моліцца, але амаль усе маюць абразы
Толькі 17% беларускіх праваслаўных кажуць, што рэлігія вельмі важная ў іхным жыцьці (супраць 20% ва Ўкраіне, 52% у ЗША, 53% у Армэніі, 59% у Грузіі і 98% у Этыёпіі). Каля 4% з тых, хто лічыць сябе праваслаўнымі, няхрышчаныя.
Пры гэтым 31% беларускіх праваслаўных лічаць, што існуе толькі адна праўдзівая вера, што вядзе да вечнага жыцьця. 30% перакананыя, што ёсьць толькі адзіная магчымая інтэрпрэтацыя іхнай рэлігіі.
Рэлігійнасьць беларусаў: вера ці рытуал
Сярод апытаных 12% наведваюць царкву кожны дзень, толькі 22% штодзень моляцца. Ахвяруюць на царкву 14%, выконваюць пасты 27%, прычашчаюцца 34%. Але 61% носяць рэлігійную сымболіку, 76% запальваюць сьвечкі ў царкве, 88% беларускіх праваслаўных маюць дома абразы.
Шмат хто верыць і ў эвалюцыю, і ў магію
63% беларускіх праваслаўных вераць у эвалюцыю, 44% — у натуральны адбор. Толькі 15% лічаць, што існаваньне чалавека як віду кіруецца найвышэйшай сілай, 24% лічаць, што чалавек існаваў ад пачатку часу.
43% беларускіх праваслаўных вераць у цуды, 68% — у рай, 65% — у пекла. У існаваньне душы верыць 71%, у існаваньне лёсу — 68%. У сурокі вераць 44%, у магію і вядзьмарства — 40% (вера ў магію і сурокі звычайна ня лічацца зьвязанымі з праваслаўем), у рэінкарнацыю — 29% (вера ў гэта больш уласьцівая будыстам і індуістам).
Беларусы хутчэй за аб’яднаньне цэркваў
За тое, каб Праваслаўная і Каталіцкая цэрквы аб’ядналіся, выступаюць 51% беларускіх каталікоў і 31% праваслаўных, а супраць 28% праваслаўных і 29% каталікоў. Але 70% праваслаўных і 75% каталікоў лічаць, што ў Царквы і Касьцёла ёсьць шмат агульнага. Па 20% праваслаўных і каталікоў лічаць, што Царква і Касьцёл вельмі розныя.
76% праваслаўных беларусаў лічаць, што Папа Рымскі Францішак паляпшае стасункі Каталіцкай і Праваслаўнай цэркваў, 57% ставяцца да папы станоўча.
Жанчыны, шлюб, сэкс і прастытуцыя
65% беларускіх праваслаўных за тое, каб сьвятары маглі жаніцца, супраць — 24%. 65% падтрымліваюць тое, каб сьвятарамі маглі станавіцца ўжо жанатыя мужчыны, супраць — 24%. За тое, каб сьвятарамі маглі быць жанчыны, 28%, а супраць — 56%. 70% за тое, каб праваслаўным можна было разводзіцца, 17% — супраць. За дазвол абортаў 42% беларускіх праваслаўных, за забарону — 54%.
84% беларускіх праваслаўных мяркуюць, што царква не павінна ўхваляць гомасэксуальнасьць, толькі 9% так ня лічаць. 82% праваслаўных беларусаў за тое, каб царква забараняла аднаполыя шлюбы, але 10% з гэтым не пагаджаюцца.
Большасьць беларускіх праваслаўных лічаць маральна заганнымі ўжываньне наркотыкаў (88%), гомасэксуальныя паводзіны (85%) і прастытуцыю (81%), але параўнальна мала лічаць заганнымі аборты (37%), ужываньне алькаголю (32%), сэкс да шлюбу (26%), разводы (16%) і кантрацэпцыю (14%).
58% мяркуюць, што жанчына адказная перад грамадзтвам за выношваньне дзяцей. 40% кажуць, што жонка павінна падпарадкоўвацца мужу. Таксама 40% лічаць, што пры браку працы мужчыны мусяць мець перавагу ў працаўладкаваньні. 24% пагаджаюцца з тым, што «ідэальны шлюб — гэта такі, дзе мужчына зарабляе грошы, а жанчына даглядае дзяцей і дом».
Лукашэнка — «праваслаўны атэіст», але яго «няправільна зразумелі»
Аляксандар Лукашэнка казаў пра сваю веру, што ён «атэіст, але праваслаўны атэіст». У 2014 годзе беларускі мітрапаліт Павел заявіў, што размаўляў з Лукашэнкам на тэму рэлігіі, і Лукашэнка «не зусім дакладна выказаўся»:
«Ён проста спрабаваў сказаць, што не штонядзелю ходзіць у царкву, — тлумачыў мітрапаліт Павел выказваньне Лукашэнкі. — Што ён не такі праваслаўны, як вы, якія кожны дзень ходзяць у храм, да споведзі, на прычасьце.
У каталікоў ёсьць добры выраз: у іх ёсьць каталікі, якія практыкуюць,і ёсьць тыя, хто мала практыкуе. Ён ня вельмі практыкуе. Хоць ён веруючы праваслаўны чалавек».