Літоўскаму акту пра незалежнасьць ад Крамля не папярэднічала свая Плошча, за якой пасьледвала б зьмена ўраду, які, у сваю чаргу, распачаў працэс разрыву з афіцыйнай Масквой.
Хоць, зразумела, былі і верныя ленінцы сярод літоўскіх камуністаў, яны былі ў меншасьці. Большасьць выступала за незалежнасьць.
«Глядзі, — тлумачыў сваю візію Аўдрус, — як бы яны баранілі Літву ад Масквы, калі б не былі ў кампартыі? Сілы няроўныя, тут бы ўсіх актыўных рэпрэсавалі і прыслалі б з РСФСР сваіх начальнікаў». Гэта пра пасьляваенную сытуацыю і да канца СССР.
Колішнюю размову я ўзгадаў, калі прачытаў у артыкуле Вінцука Вячоркі пра адрозьненьні ў польскім і ўкраінскім «законах пра дэкамунізацыю». Галоўнае ў тым, што ў польскім прапісаныя абстрактныя «сымбалі камунізму», якія мусяць быць прыбранымі з публічнай прасторы. Неакрэсьленасьць дае шырокую магчымасьць для інтэрпрэтацый.
А ва ўкраінскім законе «пра дэкамунізацыю» больш канкрэтна пазначаныя крытэры: непрымальна ўшаноўваць імёны супрацоўнікаў савецкіх спэцслужбаў і партыйных босаў ад раённага і вышэй узроўняў. Але сам факт прыналежнасьці да кампартыі не асуджаецца. Думаю, як у Літве, так і ва Ўкраіне было багата людзей, якія ў першую чаргу былі ўкраінцамі, а пасьля камуністамі.
Якім шляхам пазбаўляцца ад варожых беларускай ідэі наагул і беларускай дзяржаўнасьці ў прыватнасьці пэрсанажаў у публічных назвах і выявах?
Вось, напрыклад, вуліца паэта Максіма Танка, які быў да таго ж «з 1961 па 1966 — кандыдатам у члены ЦК КПБ, з 1966 па 1990 — член ЦК КПБ. З 1947 па 1971 — дэпутат Вярхоўнага Савету БССР, з 1969 па 1989 — дэпутат Вярхоўнага Савету СССР. З 1963 па 1971 — старшыня Вярхоўнага Савету БССР».
Як быць? А можа ўсе гэтыя пасады дапамагалі бараніць беларушчыну, якая па вайне вынішчалася з асяродкаў культуры і адукацыі? Мяркую — так, дапамагалі. Мяркую, у першую чаргу Танк быў беларусам, пісьменьнікам, а пасьля ўжо ўсе вышэйпералічаныя рэгаліі.
Мой варыянт прынцыпаў праграмы дэсаветызацыі/дэкалянізацыі назваў у публічнай прасторы Беларусі.
1. Вяртаньне гістарычных назваў. Максымальна справядлівы і прымальны для большасьці падыход. Аўтаматычна з цэнтраў беларускіх гарадоў і вёсак зьнікаюць усе вуліцы Савецкія, Леніна, Камуністычныя і д.п. Бо падобныя знакавыя для бальшавікоў назвы даваліся вуліцам найперш у цэнтрах. Тое самае тычыцца і назваў раёнаў горада.
2. Дэзлачынізацыя. Палітычнае рашэньне: Ленін зь Дзяржынскім каты ці не каты? Факты па арганізацыі забойстваў мільёнаў мірных жыхароў вядомыя ўсяму сьвету. Проста даць ацэнку.
Больш складана з савецкімі партызанамі. Вось вуліца імя камандзіра партызанскага атраду. Бярэцца архіў КГБ і спраўджваецца, ці не спрычасны атрад да карных дзеяньняў супраць мірнага насельніцтва.
3. Уласна дэкалянізацыя, часткамі якой ёсьць першыя два пункты. Ня можа быць Сувораў пазытыўным пэрсанажам гісторыі Беларусі. Сучасныя беларускія землі не «ўзьядналася» з Расеяй, а былі захопленыя. Тут усё проста. Сувораву адводзіцца экспазыцыя ў краязнаўчым музэі Кобрына, на гэтым усё.
Складана будзе зь перайменаваньнем менскага праспэкту Дзяржынскага, які будаваўся з нуля і арыгінальнай назвы ня мае. Даць яму імя Гедыміна, Вітаўта, Сапегі, Касьцюшкі? А можа Васіля Быкава?
Як выбудоўваць ерархію важнасьці гістарычных пэрсанажаў? Арыентавацца на далёкую ці бліжэйшую Мінуўшчыну? На палітыкаў ці на дзеячоў культуры? Чыя скульптура стане галоўным сымбалем сталіцы?
Зразумела, за ўсім стаіць палітычны выбар кіраўніцтва краіны, калі не цяперашняга, дык наступнага. Але варта думаць ужо цяпер. Зьмены заўжды прыходзяць раптам.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.