Што зьмянілася ў войску пасьля сьмерці Аляксандра Коржыча

20 лістапада кіраўнік краіны прапанаваў вызваліць ад прызыву адзінага сына ў сям’і.

З дня гібелі Аляксандра Коржыча неўзабаве пройдзе два месяцы. Пра ход расьсьледаваньня сьмерці вайскоўца інфармацыі вобмаль. Па-ранейшаму вядома, што затрыманыя 15 чалавек, падрабязнасьці не разгалошваюцца. Аднак справа Коржыча ўжо стала падставай для пераменаў у барысаўскіх Печах, дзе служыў Коржыч, і нават магчымых рэформаў ва ўсім беларускім войску.

Лукашэнка сам прапануе рэформы

Пра тое, што адзіны сын у сям’і можа быць вызвалены ад тэрміновай службы, Аляксандар Лукашэнка сказаў на сустрэчы з кіраўніцтвам Мінабароны.

«Трэба прааналізаваць гэтую практыку. Гэта адзіны сын, адзіная апора, надзея», — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі параіў вайскоўцам перагледзець парадак знаходжаньня новапрызваных салдатаў у так званых «вучэбках». На яго думку, можна дазволіць ім часьцей бачыцца з роднымі і нават адпускаць іх дадому на некалькі дзён.

«Ня трэба баяцца, каб лішні раз бацькі прыехалі, асабліва ў гэты пэрыяд, калі яны знаходзяцца ў „вучэбцы“. Можа, нават часьцей іх адпускаць. Што здарыцца, калі ён раз на месяц на дзень-два паедзе і дома пабудзе?», — сказаў Лукашэнка.

Пакуль невядома, ці будуць улічаныя прапановы кіраўніка краіны (і, адначасова, галоўнакамандуючага) і калі можна чакаць зьменаў у парадку прызыву на тэрміновую службу і знаходжаньня навабранцаў у так званых «вучэбках».

Аляксандар Коржыч

У вайсковых частках усталявалі відэаназіраньне

Пра тое, што на тэрыторыі Печаў будуць усталяваныя камэры відэаназіраньня, 5 лістапада сказаў міністар абароны Андрэй Раўкоў.

«Гэта дапаможа дзяжурным па школах у поўным аб’ёме кантраляваць сытуацыю. Ужо ня будзе такіх месцаў, якія дазволяць стараслужачым салдатам нешта там нядобрае рабіць. У нас у многіх вайсковых частках відэаназіраньне ўжо ўсталяванае, вядзецца ў плянавым парадку», — сказаў Раўкоў.

Аднак суразмоўцы Свабоды зь ліку служачых вучэбкі ў Печах ацэньваюць такую меру скептычна. Маўляў, камэры паўсюль усё адно ўсталяваць немагчыма, і няма гарантыі, што асобы, якія будуць праглядаць відэазапісы, стануць апэратыўна дакладваць кіраўніцтву пра ўсе заўважаныя парушэньні статуту.

У сярэдзіне лістапада ў Печы прыбылі навабранцы, большасьць «старых» вайскоўцаў (у тым ліку і Коржычавы таварышы па службе) разьехаліся па новых частках.

Салдатам дазволілі мабільныя тэлефоны без інтэрнэту і камэры

Аднак толькі самых простых мадэляў (кнопачныя, бяз доступу ў інтэрнэт і фатакамэры) і выключна ў адведзены для гэтага час.

Раней карыстацца мабільнікамі вайскоўцы таксама маглі, у тым ліку навабранцы з «вучэбкі». Аднак усе тэлефоны мусілі захоўвацца ў адмысловым месцы, салдатам іх выдаваў звычайна сяржант.

Новаўвядзеньне можна патлумачыць ня толькі жаданьнем кіраўніцтва часткі спрасьціць для вайскоўцаў камунікацыю з роднымі і сябрамі. Родныя загінулых у войску салдат ня раз казалі, што мабільны тэлефон у арміі часта станавіўся прадметам гандлю і вымагальніцтва з боку стараслужачых. Ім дазвалялі карыстацца толькі за грошы.

Некаторыя вайскоўцы, якія прайшлі праз «вучэбку» ў Печах, згадваюць пра «выкупляньне» ўласных тэлефонаў у сяржантаў.

Печы

У Печах зьявіліся новыя сяржанты

Пра гэта стала вядома ў сярэдзіне лістапада. Родныя загінулых вайскоўцаў ня раз сьведчылі, што сыстэма нестатутных адносінаў трымаецца акурат на паводзінах сяржантаў.

Большасьць з 15 затрыманых па справе Аляксандра Коржыча — акурат сяржанты. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, усе яны служылі ў 3-й і 307-й школе, а затрыманьні адбываліся на працягу некалькіх тыдняў пасьля сьмерці вайскоўца.

Тым часам сама менш аднаго з затрыманых па справе аб гібелі Коржыча звольнілі з Узброеных сіл. Гаворка пра Артура Вірбала, абвінавачанага ў махлярстве (у яго знайшлі картку Коржыча). Як стала вядома Свабодзе, ён быў звольнены з арміі ў запас 9 кастрычніка, яшчэ да затрыманьня і зьмяшчэньня пад варту.

Сьледчы камітэт распачаў дадатковую праверку ўсіх няшчасных выпадкаў у войску за апошнія 6 гадоў

«Не выключаю, што ў некаторых выпадках рашэньні адмовіць у завядзеньні крымінальнай справы або спыніць заведзеныя справы будуць скасаваныя, каб іначай паглядзець на тую ці іншую сытуацыю», — сказаў старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч.

Як сказала Свабодзе маці Арцёма Басьцюка, знойдзенага павешаным у барысаўскай вайсковай частцы за 6 месяцаў да сьмерці Коржыча, расьсьледаваньне справы аб сьмерці сына насамрэч аднавілі.

Сям’я Басьцюка ўжо сустракалася з новым сьледчым. Аднак на пэрспэктывы расьсьледаваньня Басьцюкі глядзяць скептычна.

«Мы бачыліся зь ім адзін раз за месяц, які прайшоў з моманту аднаўленьня справы. І, ведаеце, вялікіх надзей сустрэча не прынесла», — кажа Тацяна Басьцюк.

Па яе словах, новае расьсьледаваньне працягнецца да канца студзеня. Калі ня будзе знойдзена новых доказаў, што сьмерць Арцёма Басьцюка мела гвалтоўны характар, справу зноў могуць закрыць.

Паводле інфармацыі Свабоды, сваякі Коржыча на мінулым тыдні прыяжджалі ў Менск, дзе знаёміліся з матэрыяламі справы і вынікамі мэдычнай экспэртызы. Ёсьць інфармацыя, што Сьвятлана Коржыч сустракалася са старшынём КДБ і генэральным пракурорам, на пажаданьне Аляксандра Лукашэнкіяе яе павінны дапусьціць да ўдзелу ў сьледчых дзеяньнях.

«Яна павінна быць дапушчана да сьледчых дзеяньняў. Хай гэта ў законе не прадугледжана — ня важна, — сказаў Лукашэнка. — Гэта надзвычайны выпадак, гэта маё асабістае рашэньне... Які б ні быў вынік расьсьледаваньня, усё павінна быць сумленна, справядліва, каб мама была ў курсе справы».

Родныя Аляксандра Коржыча свой удзел у расьсьледаваньні ягонай сьмерці ніяк не камэнтуюць.

Цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі 3 кастрычніка ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стала самагубства. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве. 13 кастрычніка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы. Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, цела Коржыча каля 17 гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю падвала, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».