Імёны нашых вуліц будуць комам у горле ўсім

Дзьмітры Гурневіч

Уявіце, што пачнецца, калі ў будучай Беларусі пачнуць пераназываць вуліцы і плошчы, як на Захадзе, у гонар тых, хто спрычыніўся да дзяржаўнасьці. Бамбане па поўнай.

Нехта ў нас быў чыноўнікам у пэрыяд царызму. Другі пісаў ліст кайзэру ці паверыў Пілсудзкаму і расчараваўся. Трэці заігрываў з камуністамі. Чацьвёрты пайшоў у нямецкую адміністрацыю. Пяты скакаў з парашутам ад ЦРУ над Налібацкай пушчай. Шосты «калябараваў» з КПСС пасьля вайны. Але ніхто зь іх ня быў, па-сутнасьці, калябарантам, бо не было каму здраджваць, не было сваёй дзяржавы. Але былі проста мышкі-кар’ерысты, а былі валуны, на якіх збудавалася дзяржава.

Былі проста мышкі-кар’ерысты, а былі валуны, на якіх збудавалася дзяржава.

Бяз Вацлава Іваноўскага, на мой погляд, Беларусі магло б проста ня быць. Гэта ён пачаў кнігадрукаваньне ў пачатку XX ст., якое стала сьнежным комам і згуртавала будучую беларускую эліту. Але ж ён быў бургамістрам Менску за немцамі. Ластоўскі быў у складзе Літоўскай Тарыбы. Жылуновіч і Чарвякоў, якія выхадзілі БССР, былі камуністамі. Беларускіх хадэкаў «пад Польшчай» беларускія левыя называлі фашыстамі, але яны, як і левыя, цярпелі перасьлед ад палякаў. Саветы потым стралялі і першых, і другіх. Многія ў вайну пайшлі да немцаў. Ксёндз Гадлеўскі разьлічваў праводзіць хоць нейкую прабеларускую палітыку і быў закатаваны ў Трасьцянцы. І Танк, і Бураўкін былі ў партыі. Дубянецкі быў у партыі, Быкаў быў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР, потым яны стваралі БНФ.

Выбары нашых дзядоў былі драматычнымі.

Калі б мы мелі сваю дзяржаву хаця б 10 гадоў пасьля Першай Сусьветнай, то гэта быў бы зыходны пункт. Але яе не было. А ўмовы барацьбы за беларускую дзяржаву заўсёды былі драматычнымі. І выбары нашых дзядоў былі драматычнымі. А бязгрэшных не бывае ў прынцыпе.

Некаторыя рэчы адбываюцца праз гістарычны лёс. Наш лёс пасьля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай да 1991 году быў такі — існаваньне ў розных дзяржавах. І ніводная зь іх ня дбала пра інтарэсы беларусаў. Беларусь была калёніяй у іх складзе. І гэта наш зыходны пункт.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.