Саюз журналістаў Украіны патрабуе ад Беларусі неадкладнага вызваленьня журналіста Шаройкі

Кіраўнік Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны Сяргей Таміленка

Нацыянальны саюз журналістаў Украіны (НСЖУ) патрабуе неадкладна вызваліць ўласнага карэспандэнта Нацыянальнага радыё Ўкраіны Паўла Шаройка, якога затрымалі ў Беларусі 25 кастрычніка.

«Афіцыйныя запыты зараз накіроўваем ў Пасольства Беларусі ва Ўкраіне і Пасольства Украіны ў Беларусі. Інфармуем Міжнародную Федэрацыю журналістаў, Эўрапейскую Федэрацыю журналістаў і Прадстаўніка АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ», — заявіў кіраўнік НСЖУ Сяргей Таміленка.

Кіраўнік НСЖУ таксама паведаміў, што Паўло Шаройка быў затрыманы ў Менску 25 кастрычніка.

У Менску арыштаваны карэспандэнт «Украінскага радыё» Паўло Шаройка. Абнаўляецца

«У той жа дзень у кватэры, дзе Павал жыве зь сям’ёй быў праведзены ператрус. Затрыманьне (арышт) праводзіў КДБ Беларусі. Павал мае толькі дзяржаўнага адваката. Гэта значыць — прадастаўленага беларускімі ўладамі! Аб залучэньні іншага адваката Пасольствам Украіны ў Беларусі нічога не вядома. Павал падтрымлівае кантакты зь сям’ёй праз ліставаньне. Першы ліст ягоная жонка атрымала па пошце толькі праз паўтара тыдня», — дадаў Сяргей Таміленка.

НСЖУ таксама прапануе аб’яднаць намаганьні Нацыянальнага радыё (НСТУ), дзе Павал працуе штатным карэспандэнтам, і МЗС Украіны для залучэньня незалежнага кваліфікаванага адваката.