Ірына Кабасакал: «Мая мэта ў сацсетках — выключна камэрцыйная. Я ніколі гэта не хавала»
Доктар-дыетоляг, а раней выдавец моднага часопісу Pingоuin Ірына Кабасакал кажа, што ёй няма часу сачыць за рэйтынгамі, бо мае шмат працы.
— Цяпер восень, вельмі шмат пацыентаў. У мяне сэмінары, прэзэнтацыі, нядаўна здала сваю кулінарную кнігу «Ад перца да сэрца» у друк. Гэты рэйтынг выйшаў у той пэрыяд, калі я засяродзілася на працы з поўнай сілай і не паглыблялася ў дыскусіі. Прызнаюся шчыра, я стужку ў Фэйсбуку не гартала больш за месяц, таму нічога не чытала і ня ведаю, хто і што абмяркоўваў і пра што размова.
— Але ж вы штодня рэгулярна посьціце ў Фэйсбуку свае фотаздымкі і допісы. Я так разумею, што толькі публікуеце, а іншых не чытаеце?
— Так, цягам гэтага часу пэрыядычна нешта разьмяшчала — рэцэпты справаў з падлікам калёрый, пэрыядычна разьмяшчаю пасты, якія нясуць дыеталягічны характар. На ўсё астатняе мне проста не хапае часу...
— Ірына, а як бы вы апісалі сваю аўдыторыю ў сацыяльных сетках, тых людзей, для каго вы посьціце і пішыце?
— Я вяду статыстыку. У Інстаграме ў мяне 33 тысячы 700 чалавек, гэта людзі ад 25 да 34 гадоў, 44% мужчын, 56% жанчын. У Фэйсбуку ў мяне 5 тысяч сяброў і амаль 11 тысяч падпісчыкаў. Гэта аўдыторыя больш старэйшая. Калі ў Інстаграме гэта ў асноўным маці ў дэкрэце і больш моладзевая аўдыторыя, як і ва ўсіх у Інстаграме, то магу з гонарам сказаць, што самая ўнікальная, самая найлепшая аўдыторыя — менавіта ў Фэйсбуку. Яна стваралася на працягу 8 гадоў, яшчэ калі я займалася бізнэсам і выдавецкай справай. Гэта мае кліенты, мае дзелавыя партнэры ня толькі зь Беларусі, але і з усіх куткоў сьвету. Гэта людзі бізнэсу, вельмі багатыя людзі, якім няма калі асабліва сядзець і посьціць нешта, але яны ўважліва чытаюць тое, што пішу я, прытрымліваюцца маіх парадаў і рэкамэндацый.
Я часта разьмяшчаю рэклямныя пасты, і яны карыстаюцца таварамі і паслугамі, якія я рэклямую на сваёй старонцы, таму што ведаюць, што мне можна давяраць, што я ніколі не разьмяшчу нешта дрэннай якасьці альбо недакладную інфармацыю. Я заўсёды прытрымліваюся і прапагандую здаровы лад жыцьця, і раю гэта людзям, таму мне давяраюць. Аўдыторыя ў Фэйсбуку ў мяне больш старэйшая, вельмі шмат бінэсоўцаў мужчын.
— Што дае вам папулярнасьць у сацсетках акрамя ўласна папулярнасьці? Ці вы зарабляеце грошы з дапамогай сацсетак? Ці спрыяе гэта вам у працы, у бізнэсе?
— Я скажу шчыра, што заўсёды ў мяне была адзіная мэта — папулярызацыя сябе ў сацсетках, папулярызацыя свайго бізнэсу, прасоўваньне тавараў і паслугаў, якія я прапаноўваю. Толькі праз сацыяльныя сеткі да мяне запісваюцца людзі на кансультацыі, толькі праз сацыяльныя сеткі людзі мяне наймаюць для правядзеньня сэмінараў і кулінарных майстар-клясаў для сваіх арганізацый. Я ж нідзе не разьмяшчаю абвестак — ані на плоце, ані ў газэтах, ані на сайтах, каб прыходзілі да мяне на кансультацыі. Толькі праз сацыяльныя сеткі.
Той жа мой краўдфандынг... Дзякуючы Фэйсбуку адбыліся 70% прадажаў маёй кнігі «Ад перца да сэрца», усе пераходы і пакупкі былі практычна праз Фэйсбук. Мне ўдалося прадаць амаль 1000 кніг праз сацсеткі. Мая мэта ў сацсетках — выключна камэрцыйная. Я ніколі ні ад каго гэта не хавала. І я думаю, што сакрэт маёй папулярнасьці ў тым, што я вельмі шчыра пішу і не хаваю гэта. Сапраўды я такім чынам зарабляю грошы.
— За 8 гадоў у Фэйсбуку ці шмат было тых, каго вы забанілі, каго ня хочаце чытаць, чые камэнтары вам непрыемныя?
— Раней напэўна чалавек 200 забаніла. Цяпер шкадую, бо мне бязь іх сумна. Ёсьць цяпер некалькі троляў, і я іх берагу, таму што гэта — бясцэнны матэрыял. Дзякуючы іх камэнтарам мае публікацыі падымаюцца ў стужцы і дзякуючы ім узьнікаюць розныя дыскусіі. Яны мне робяць папулярнасьць. Хай будуць, я нават думаю пра тое, каб астатніх разблякаваць. Хай пішуць што заўгодна, толькі б прозьвішча правільна называлі. Я не дапускаю абразаў і нецэнзурных выразаў на мой адрас, за такое блякую. А калі людзі выказваюць сваё меркаваньне, адрознае ад майго, то яно мае права быць, таму што гэта іх меркаваньне. Няважна, што яны пішуць, хай пішуць.
— Ірына, вы кажаце, што былі шмат занятыя апошнія месяцы, і практычна не пракручвалі стужку Фэйсбуку. А каго вы ўсё ж рэгулярна чытаеце? Хто для вас ікона стылю ў блогінгу?
— Я найбольш чытаю Сьвятлану Зарэ. Гэта для мяне блогер нумар адзін. Адна нясе пазытыўны прамень у нашае грамадзтва, дапамагае многім жанчынам у многіх пытаньнях. У яе вельмі цікавыя, разумныя, асэнсаваныя пасты. Сьвятлана Зарэ — гэта самы эфэктыўны коўч у Беларусі, вам варта на яе падпісацца. 10 гадоў яна была кіраўніком LADY.TUT.BY, але ўжо ім не зьяўляецца. Яна — стваральніца праекту Леді Босс у Беларусі.
— Калі параўнаць блогераў у Беларусі, у Расеі і ва Ўкраіане, то на якія адрозьненьні вы бы зьвярнулі ўвагу?
— Вы ведаеце, чым я адрозьніваюся ад усіх іншых людзей? Тым, што я сябе ні зь кім не параўноўваю. Няважна, як жывуць блогеры ў Беларусі, Расеі і Ўкраіне. У кожнага свая разынка, кожны чымсьці адметны. Я сябе ні зь кім не параўноўваю. Я лічу, што я — унікальная і непаўторная, як і ўсе астатнія. У мяне такі ж падыход і да іншых людзей. У кожнага ёсьць свая аўдыторыя, і пытаньне ня ў колькасьці лайкаў, адзін можа вялікі ахоп атрымаць, а другі меншы. Усё залежыць ад людзей, якія цябе чытаюць, і ад іх рэакцыі.
— Вы казалі пра камэрцыйную мэту, якую ставіце для сябе ў сацсетках. А якую найвялікшую мэту вы ставіце цяпер?
— А я яе ўжо дасягнула, але я пра гэта не скажу, бо гэта вельмі асабістае.
Чарняўская: Фэйсбук даў мне літаратурны клюб «GRAPHO». Я магу праз Фэйсбук арганізаваць дапамогу
Культуроляг, пісьменьніца і выкладчыца Юлія Чарняўская, даведаўшыся пра тое, што трапіла ў сьпіс найбольш вядомых блогераў у Беларусі, зьдзівілася:
— Ніколі ня ведала, што я — блогер. Ведала, што я — выкладчык, літаратар... А што блогер — не.
— Як бы вы ахарактарызавалі сваю аўдыторыю ў Фэйсбуку? Для каго вы пішыце?
— Каля 5 тысяч фрэндаў і некалькі тысяч падпісчыкаў. Гэта абсалютна розныя людзі. Жанчын удвая болей за мужчын, ці ў паўтары разы прынамсі. Гэта людзі, як правіла, з вышэйшай адукацыяй, якія альбо ў мяне вучыліся, альбо глядзелі мае перадачы, альбо слухалі мае публічныя лекцыі, альбо чыталі мае кніжныя рэцэнзіі, ці чытаюць мяне на tut.by ці ў вас, калі вы да мяне зьвяртаецеся, ці дзесьці яшчэ. Узрост самы розны. Даволі шмат маіх былых студэнтаў, якім ужо за 40 гадоў, іх я дакладна памятаю. Справа ў тым, што ў мяне дзіўны ёсьць пункцік. Я толькі чалавек 20 за гэты час сама зафрэндзіла. Я не падаю запытаў. Гэта выключныя выпадкі. Таму гэта тыя людзі, якія выбралі мяне.
— Што вам дае папулярнасьць у сеціве, што дае кантакт з даволі шырокай аўдыторыяй? Што вы атрымліваеце ад гэтага акрамя ўласна папулярнасьці?
— Уласна папулярнасьць мяне мала хвалюе, я лайкі не лічу. Я не гляджу, хто мяне лайкнуў, хто мяне ня лайкнуў. На самым пачатку адзін ваш калега, журналіст, калі я толькі-толькі пачала выходзіць на Фэйсбук, сказаў: «Яны ж у цябе размаўляюць!». Я сказала: «А што, неяк інакш бывае?» «Ну так, у мяне не размаўляюць, у мяне лайкаюць». Я кажу: «Таму што я зь імі размаўляю, паспрабуй ты пагавары, можа, што і атрымаецца». Мая аўдыторыя — гэта людзі, якія імкнуцца да інтэлігентнасьці. Гэта і беларускамоўныя людзі, і расейскамоўныя, зь Беларусі, Расеі, Украіны, Казахстану, Швэцыі, Даніі... Гэта людзі, якіх узрушае культура і соцыюм. Што мне даў Фэйсбук? Па-першае, ён мне даў літаратурны клюб «GRAPHO» Гэта быў самы буйны літаратурны клюб у Беларусі, дзьвюхмоўны. Мы стараліся знайсьці агульнае, адзін аднаго перакладалі. Тры гады ён праіснаваў, ён будзе існаваць яшчэ, толькі ня зараз, таму што я ўзяла тайм-аўт. Я на Фэйсбуку стварыла «GRAPHO», а потым мы перайшлі ў рэальнасьць.
Я магу праз Фэйсбук арганізаваць дапамогу. Я ня раз арганізоўвала дапамогу альбо пэўнаму інтэрнату для сталых людзей, альбо псыханэўралягічнага інтэрнату. Нядаўна мы зьбіралі грошы на вазок цудоўнай журналістцы і чалавеку Дашы Ліс, якую я асабіста ведаю і люблю вельмі. Мне гэта дае магчымасьць сацыяльнай актыўнасьці і сабраць людзей дзеля якойсьці добрай справы.
— Наколькі памятаю, вы дасьледаваньні праводзілі праз Фэйсбук, апытваючы сваю аўдыторыю?
— Не зусім так. У мяне была праграма «Савецкая Атлянтыда», потым яна перайшла ў лічбавы фармат. Тэкст ужо напісаны, кніга-«доўгабуд» пра савецкую паўсядзённасьць ляжыць. Я здагадалася, што можна гэта ўсё крыху спрасьціць, таму што там усё ж была навуковая мова, і выдаць на шырокую аўдыторыю. І вось тады я зьвярнулася да сяброў з Фэйсбуку як да рэспандэнтаў. У мяне ў кнізе былі рэспандэнты, якіх я асабіста апытвала, асабіста ведала. А тут атрымалася, што я магу прыцягнуць да гэтага фрэндаў. І аказалася цудоўна, таму што людзі расказвалі пра сябе вельмі многае. Ім было цікава ўспомніць, нехта крытыкуе, нехта хваліць, у кагосьці настальгія, а ў кагосьці ўсё разам! Мне гэта сапраўды дапамагло.
Я зьвяртаюся так: «Дарагія сябры і фрэнды». Ёсьць людзі, зь якімі я пазнаёміліся праз Фэйсбук, некаторыя сталі мне сябрамі, нават калі мы ніколі не сустрэнемся. Нехта застаўся фрэндам. Мая аўдыторыя — гэта інтэлігенцыя найперш, прычым арыентаваная на нейкія літаратурныя алюзіі, на жыцьцё соцыюму, на нейкія балючыя праблемы соцыюму. Часьцей за ўсё гэта людзі з пачуцьцём гумару. Мне яны вельмі падабаюцца! Яны добрыя сябры і добрыя фрэнды...
— А ці можна сказаць, што ваша актыўнасьць у Фэйсбуку — патрэба душы? Ня толькі прафэсійная, але тое, без чаго вы ўжо ня можаце жыць? Ці лёгка без Фэйсбуку пражыць тыдзень, напрыклад?
— Я не спрабавала. Справа ў тым, што Фэйсбук у мяне не адымае шмат часу. Я кідаю туды тое, што зьяўляецца фігурнымі адкідамі. Памятаеце, як мы сьняжынкі ў дзіцячым садку рабілі да Новага году, каб потым на акенцы іх прыклеіць. З сурвэтак выразалі. І вось часам фігурныя адкіды былі значна прыгажэйшымі за самі сьняжынкі. І вось тое, што ў мяне не пайшло ў прозу, у драматургію, у выкладаньне — тое я кідаю на Фэйсбук. Часам бывае, што не магу маўчаць. Тады я пішу артыкул і проста публікую на Фэйсбуку пасьля таго, як яго апублікавалі дзесьці.
— А ці вялікі ў вас бан-ліст?
— Дзясятка два з паловай. Прычым я падазраю, што адзін дзясятак — гэта адзін і той жа чалавек пад рознымі імёнамі. У мяне ёсьць правілы гульні ў сваёй прасторы, у сваім доме. І тыя, хто да гэтых правілаў гульні ня хоча прывыкаць... Каб я забаніла, трэба быць апошнім хамам! Каб адфрэндзіла — могуць быць розныя прычыны. Часам проста чалавек піша нешта не маючае дачыненьня да справы, ці пастаянна троліць. Гэта сумна, калі чалавек чапляецца да нейкага слова па-за сутнасьцю і пачынае дзяўбсьці нейкую абсалютна іншую тэму. Але такіх людзей забаненых, менавіта забаненых, чалавек 30. У мяне людзі часьцей за ўсё разумеюць правілы гульні. Гэта ж мой дом, праўда? Я — гаспадыня, я іх усталёўваю. Я забараняю людзям абражаць адзін аднаго. Я вельмі ветліва пішу. Вось могуць спрачацца прафэсар і студэнт, і я магу ветліва ўказаць прафэсару, што ня трэба папраўляць памылкі свайго апанэнта, артаграфічныя і іншыя, ня трэба зь іх сьмяяцца. Часьцей за ўсё людзі разумеюць. Калі ім сумна ў такіх умовах, яны проста сыходзяць і перастаюць да мяне хадзіць.
— А хто для вас зьяўляецца іконамі стылю ў блогінгу? Каго вы чытаеце з задавальненьнем?
— Адагамава, Драгунскага чытаю, калі казаць пра Расею. Жадана чытаю, калі казаць пра Ўкраіну. Вольгу Бяшлей чытаю, гэта абсалютна цудоўная фігура. Гэта па-за Беларусьсю. А ў Беларусі я чытаю ўсіх цікавых мне людзей — Фядуту, Класкоўскага, Яніну Мельнікаву. Я не магу сказаць што гэта іконы! Я чытаю Юрыя Дракахруста, я вас чытаю. Мне цяжка сказаць, таму што я пакрыўджу тых, каго я чытаю, не ўспомніўшы зараз. Зьміцер Бейнар-Саладуха мне цікавы. Стась Карпаў, зь якім я ў Фэйсбуку амаль ні з чым ня згодная, але вельмі пяшчотна яго люблю, і ён таленавіты. Гэта не іконы. Зараз я разумею, што я ўпускаю пэўныя імёны. Тыя, каго я не назвала, майце на ўвазе, што я вас таксама чытаю!
Арына Лісецкая: «Блог даў мне працу на тэлебачаньні, паездку ў ЗША і некалькі кнігаў»
Фуд-блогерка, а ў мінулым абаронца Курапатаў падчас кругласутачнай вахты 2001-2002 году Арына Лісецкая не сумнявалася, што трапіць у сьпіс найбольш папулярных блогераў.
— Я вельмі рада. Я даўно сышла з арэны скандалістаў, і тыя, хто накідвае на вэнтылятар, у мяне даўно забаненыя. Таму ў маёй фэйсбучнай стужцы ўсё спакойна.
— Як вы лічыце, ці адпавядае гэты рэйтынг стану беларускага грамадзтва?
— Я ж не ведаю ўсіх, каго там запытвалі. Я ня ведаю ўвесь сьпіс, які зачытвалі людзям. Але ён, мне падаецца, вельмі блізкі да рэчаіснасьці. Я даўно супраць таго, калі блогеры пачынаюць накруткі, укладаюць у SMM, падаюць кліенту, што быццам бы, іх па 400 тысяч людзей чытае. Гэта няпраўда! У нас няма такой аўдыторыі. Ніводная тэма ў грамадзтве не зьбірае 400 тысяч праглядаў. Вось фішка ў чым. Нават калі ты самы скандальны чалавек на сьвеце, паўмільёна на дзень ты не назьбіраеш. Шмат людзей называюць сябе фуд-хантэрамі, фуд-блогерамі і кім заўгодна, але яны туды не патрапілі, і зараз я разумею чаму.
— Чаму?
— Таму што яны накручвалі, вялі несумленную гульню. Таму што ў іх рэальнасьці іх знакамітасьць куды большая, чым у рэальнасьці жыхароў Беларусі.
— А маглі б вы апісаць сваю аўдыторыю, хто тыя, хто вас чытае, хто тыя, для каго вы пішаце? Чыё меркаваньне для вас важнае?
— Ёсьць Google Analytics, які паказвае, колькі цябе праглядаюць у месяц, які менавіта матэрыял і гэтак далей. Самыя крутыя матэрыялы назьбіралі 18 тысяч. Самы круты матэрыял у мяне быў некалькі гадоў таму, калі я распавяла гісторыю пра тое, калі мы з мужам прайшлі складаныя часы. Там было 33 тысячы праглядаў. Так звычайна 18-23, бывае 15, бывае 13 тысяч за месяц — праглядаў менавіта блогу ў LiveJournal. У Фэйсбуку такой няма статыстыкі, толькі на старонцы.
Самая дарагая аўдыторыя — людзі ад 28 да 43, бо гэта тая аўдыторыя, якая здольная нешта купляць. Мая аўдыторыя — 18-65, таму што культура ежы ня мае ўзросту. 43% — жанчыны, мужчыны чытаюць мяне болей, але камэнтуюць болей жанчыны.
— Што вам дае папулярнасьць у сеціве акрамя ўласна папулярнасьці? Грошы, спрыяньне ў працы і бізнэсе, важныя ці цікавыя знаёмыя?
— Я б не сказала, што мяне шмат чытаюць. Мне падаецца, ў мяне дастаткова вузкая тэма, праўда. Я пішу пра рэстарацыі. Ёсьць такая філязофія, што яібыта ты ўжо ўсяму народу здрадзіў, нам жа так дрэнна жывецца, а ты тут пра рэстарацыі пішаш. Мне падабаецца тая тэма, якой я займаюся. Проста ёсьць блогі лайфстайл, блогі хайпавыя, людзі-скандалы, людзі-падзеі, якія проста ня могуць ніводнага дня пражыць, каб не "накідаць на вэнтылятар". Зразумела, нэгатыў заўжды прываблівае больш і зьвяртае на сябе ўвагу. А я стаю на нэўтралачцы, бо я распавядаю пра рэстарацыі, пра культуру, пра ежу, і проста гэтую тэму крок за крокам разьвіваю. Таму мая радасьць не ад таго, што ў мяне шмат ёсьць чытачоў, а проста ад таго, чым я займаюся. Мне гэта кайфова, я гэта люблю.
І нават калі глядзець на тую ж статыстыку, хто набраў першае месца, ці як я 1% і г.д., то мы можам адразу бачыць, што менавіта скандальныя рэчы маюць большы працэнт, але ці маюць яны столькі ж павагі па адсотках, вось цікава. Ці паважаюць таго чалавека толькі таму, што ён знакаміты? Ці проста можна чытаць і сьцябацца? Наколькі колькасьць праглядаў залежыць ад таго, колькі насамрэч людзей да цябе добра ставяцца? Мы ня можам гэтую псыхалягічна-філязофскую статыстыку даць. Таму ўсе гэтыя адсоткі гэта хутчэй для рэклямы. А што мы адчуваем, якім чынам мы жывем, гэта ўжо іншая рэч.
Мой блог, ён усё ж вузкі, але ён для таго, каб разьвівацца. Што мне даў блог? Ён даў мне працу на тэлебачаньні, паездку ў ЗША, некалькі кнігаў, дастаткова файныя прафэсійныя рэчы.
— Вы сказалі, што забанілі людзей, каб не ўдзельнічаць у скандалах...
— Іх менш за 100. Можа, 27 чалавек дакладна, зь якімі я нават не вітаюся. Я лічу іх сацыяпатамі і ня бачу сэнсу далей нам быць знаёмымі. Хворыя людзі. Але гэта не мая хвароба, я не магу зь імі падзяліць яе, таму абыходжу.
— А хто для вас зьяўляецца іконамі стылю ў блогінгу?
— З тых, хто менавіта па маёй тэме — гэта больш блогеры ва Ўкраіне, крышачку ў Расеі. Потым ужо з Польшчы, Амэрыцы. Але тыя, на каго я арыентуюся, за кім я іду, за кім мне цікава сачыць — гэта не наша краіна. Я наогул лічу, што па краінам пачынаюць дзяліць аўдыторыю толькі тады, калі трэба штосьці прадаваць. Калі ж мы кажам пра нейкае разьвіцьцё культурнае, то тут межы ня маюць значэньня. Мне падабаюцца некаторыя беларускія блогі, але гэта ня значыць, што я хацела б быць як яны, пісаць як яны, жыць як яны. Прафэсійна, на жаль, у беларускім кулінарным, фуд-блогінгу, на дадзены момант я не знайшла чалавека, на каго я б хацела быць падобнай.