Дайце мне ня бачыць гэтага

Алена Германовіч

Баляць мае раны, баляць мае вочы. Пілігрымка да Белых Халатаў пачалася яшчэ вясной, але пакуль сьвету божага праз страчаны зрок не відаць. Можа, яно было б і таньней, і хутчэй — абмінуць пасярэднікаў розных і адразу да Хрыста, каб плюнуў, перацёр бруд са сьлінай, памазаў — і пашыбаваў, відушчы, з крыкамі «Гасана!». Але і суайчыньнікаў, якія пяць гадоў рэзалі мышэй і прэпарыравалі жабаў, калупаліся ў кішках мерцьвякоў, таксама шкада: калі так усе адмовяцца ад іх паслуг? Куды ім тады? У біёлягі? Жабаў на ўсіх ня хопіць.

я дзэн не спасьцігла, таму павалаклася на платны прыём

Усе яны, зь Белых Халатаў, прызнавалі як адзін: парушэньні па вачах ёсьць. Але якія? На такія пытаньні не адказвалі, надта злаваліся, і накіроўвалі «па месцы жыхарства». Па месцы жыхарства сказалі — запісацца можна праз тыдзень на прыём, які будзе ў наступным годзе. «Я памру!», — пагрозьліва паабяцала ім. Тыя, на рэгістрацыі, здавалася, спасьціглі дзэн, і разумелі, што паміж жывымі і нябожчыкамі розьніца невялікая, і што сьмерць — гэта разбурэньне муроў, вызваленьне з турмы ўласнага цела, а пакутніцкая гібель можа дапамагчы выскачыць з бясконцага кола нараджэньня і сьмерці, наканаванасьці і праклёну.
Я дзэн не спасьцігла, таму павалаклася на платны прыём. Лекарка мне спадабалася зь першага позірку. Маладая, жвавая, энэргічная, вочы гараць. Ці гэта лінзы? Ат, я ўсё роўна ня бачу праз гэты туман. Яна тузала мяне так і гэтак, сьвяціла ў вочы ліхтарыкам, патрабавала прызнацца — што я рабіла, што так хутка і якасна сапсавала зрок? Паказвала мне здалёк літары, Ш, Б, далей ня бачу. Яна ўстаўляла ў мэталічныя акуляры розныя шкельцы: «А так?» Во, так бачу. «Віншую! Вы зусім сапсавалі свой зрок. Вам патрэбныя акуляры, і ня мінус адзін і пяць, як вам тут нехта напісаў (тут яна грэбліва хмыкнула, і шпурнула мне праз стол рэцэпт ад той, іншай, веснавой лекаркі), а мінус два і пяць, во! А калі такі прагрэс будзе і надалей, то вельмі хутка вы зусім асьлепнеце!», — уручыла яна мне новы рэцэпт і параіла тут жа бегчы ў оптыку — раз, і потым — да другога доктара — два.

Вось ён, новы чароўны сьвет, — думала я, круцячыся перад люстэркам ў жалязячцы са шкельцамі. Вось яны — шыбкі, за якімі новае-нязьведанае. Вось ён, момант выйсьця з туману!

гэта нейкае «ідзі і глядзі» проста, аж фізычна балюча

На вуліцы быў жах. Маці мая Бэнэдысьён Альварада [маці дыктатара ў рамане «Восень патрыярха» Габрыэля Гарсія Маркеса — РС]… Гэта апраметная. А казалі, Гомель займае першае месца па добраўпарадкаваньні! Які падман, якія фальсыфікацыі… Страшэнныя будынкі. Выбоіны на дарозе, шчыліны, зарослыя мохам, у раней прыгожай плітцы. Усё — абшарпанае, аблезлае. Яшчэ ўчора я з замілаваньнем глядзела на ўсё гэта, на ўсіх гэтых. Страх. Вось на супрацьлеглым баку ідзе хлопец. Яшчэ ўчора ён быў прыгожы. Сёньня ён выглядае так, нібыта выпадкова саскочыў з гэтага бясконцага кола нараджэньня і сьмерці, з таго боку, куды яго ўжо завёў Харон за абол, і завітаў у гэты сьвет. А жанчыны, жанчыны… Я ішла і ціха жахалася і жагналася. Учора па гэтай жа вуліцы ішлі насустрач фіфы, а зараз нейкія вядзьмаркі, страшна глядзець, наколькі чалавечыя твары недасканалыя. Хачу назад даць нырца ў туман. Гэта нейкае «ідзі і глядзі» проста, аж фізычна балюча. Мозг сарваўся з ланцуга, як шчанюк да году, як згаладалы мядзьведзь пасьля зімовага сну пачаў сканаваць усё вакол, намагаючыся запомніць нумары аўтамабіляў на паркоўцы на супрацьлеглым баку за 300 мэтраў, назвы вуліц, пра якія я нават не здагадвалася, бо даўно ўсе літары і лічбы пераўтварыліся ў суцэльныя цьмяныя лініі, шыльды на крамах, абвесткі на слупах «Пазычым грошы!», «Згубілася кацяня!». Учытвалася ў гэта ўсё, запамінала прыкметы катоў, сабак, нумары тэлефонаў пазычальнікаў, шавяліла вуснамі, чытаючы ўсё пра шлюбныя сукенкі і каштоўныя камяні, кошты на залатыя пярсьцёнкі і курсы аўташколы. «Мне ня трэба ўсё гэта, спыніся, тэрмінова!», — спрабавала закрычаць на сваю галаву, але галодны мозг, які стаміўся за гэтыя месяцы ад бясконцых аднастайных думак «Хто я, навошта гэта ўсё» няспынна сканаваў і сканаваў, рупліва раскладаў па паліцах усе лічбы, літары, словы, прапановы, складаў лягічныя сувязі паміж пустымі кішэнямі і коштамі на ювэлірныя вырабы, паміж алергіяй на поўсьць і прапановамі аддаць катоў і сабак у добрыя рукі.

Узіралася шалёнымі вачамі ў мінакоў. Ніводнага прыгожага чалавека. Што з імі зрабілася за суткі? Столькі чырвоных плямаў на твары, прышчоў, зморшчын… Валасы! Я бачу гэты пушок на твары ў хлопца, які яшчэ не дайшоў па перакрыжаваньня, паміж намі — 170 мэтраў! Гары яго гарам усё, гары гарам. Нарэшце перад іншай лякарняй я зьняла тыя шайтан-шкельцы і нырнула ў малако. Авой ты мне. Як добра ў тумане. І гардэробшчыца якая прыгожая, і нават прадстаўнікі Белых Халатаў. І такое ўсё чысьценькае, дасканалае.

чаму вы няправільна называеце літары?

Новая лекарка была не такая энэргічная, як тая. Зноў пачала мне паказваць Ш, Б. «Я ўчора ўжо правярала зрок, во паперкі», — спрабавала яе спыніць. Тая паглядзела на дакумэнты з пячаткамі грэбліва. «Чаму вы няправільна называеце літары? Вы што — чытаць ня ўмееце?», — злавалася мэдсястра. «Відаць, блага кеміць», — пераглянуліся яны з лекаркай. Яны мяне таксама, як і тая, павіншавалі — аказалася, зрок ня ўпаў, па іх словах, гэта тая першая лекарка няправільна вымерала яго. І акуляры я набывала дарма. І сьвет не такі выродлівы, якім мне яго паказалі акуляры. А рэцэпт ад першай доктаркі яна схапіла за рог і доўга трэсла над сталом, нібыта хацела душу з паперкі вытрасьці. «Лекар ёй выпісаў, ой, падумаеш!», — ледзь не плявалася яна.

Тая, з Белых Халатаў круціла асадку, і задумліва пыталася: «А што вы самі думаеце наконт гэтага ўсяго?». «Каб нешта думаць, трэба мець хоць сярэднюю мэдычную адукацыю, але, на жаль, я яе ня маю», — апраўдвалася я. «Вось! Я казала — ня цяміць! А то пішуць — зрок, зрок!», — абрадавалася мэдсястра. «Ага, ага… Дык вочы так і баляць? А пакажыце, як яны вам баляць?», — лекарка нахілілася да мяне, вельмі блізка, і нечага чакала. «Можа, я ня вельмі цямлю, і праўда… Але што вы маеце на ўвазе?», — спалохана спыталася ў яе. «А што незразумелага? Пакажыце свой боль!», — капрызна працягнула яна. Канечне, хацелася ўпасьці на падлогу, дрыгаць нагамі і лямантаваць «Ай, ай, ай!», але пад дзьвярамі сядзелі дзеці, а гэта наша будучыня, і калі яна будзе перапалоханая — нічога добрага ня будзе з такой краіны. Таму я стрымалася, але лекарка настойвала. Яна нават прадэманстравала мне свой боль — сказала, што ёй баліць галава, схапілася далонямі за лоб і пачала раскачвацца на крэсьле і стагнаць. Вось як трэба паказваць боль! Мусіць, мэдсястра мае рацыю. Я сапраўды не цямлю ў сучаснай мэдыцыне.

і аналізы вашы мне не падабаюцца!

Потым яна зацікавілася маімі вуснамі. «Нешта мне колер вашых вуснаў не падабаецца!», — зьбянтэжыла яна мяне. Яна, як на прыёме ў псыхааналітыка, пачала выгаворваць усё, што ёй не падабаецца — вусны, форма чэрапа, лекарка, якая дала мне няправільны рэцэпт, палі зроку, якія зрабілі ў іншым мэдычным цэнтры… Сьпіс скончыўся, таму яна пачала перачытваць тое, што напісана ў мэдычнай картачцы. «І аналізы вашы мне не падабаюцца! Што гэта за аналізы такія? Хто ім вам рабіў, дзе?!», — шпурнула на стол картку. «Тут рабілі, у вашым цэнтры…», — прашаптала я. «А-ха-ха! У нашым цэнтры!», — засьмяялася яна, і некалькі разоў правяла далоньню па аналізах, нібыта чарвякоў са стала скідала.

«Доктар, дык якія мне ўсё-ткі акуляры насіць? І ці магчыма боль суцішыць?», — было адчуваньне, што гэтыя пытаньні яе абразілі. Можа, у яе была нейкая траўма, зьвязаная з акулярамі. А боль, магчыма, па дасьледаваньнях сучасных навукоўцаў — не перашкода, а наадварот — дабраслаўленьне для чалавека. Цярпеньнем вашым ратуйце душы вашыя.

Яна параіла праверыць іншыя органы, схадзіць пакланіцца да іншых санктуарыяў ордэну Белага Халатаў.

ходзіш на сваіх нагах, то і радуйся

Але знаёмы, які недзе прыслужвае ў адным з Храмаў, ня раіў гэтага рабіць. «Не гняві Бога! Ходзіш на сваіх нагах, то і радуйся. Ты гора яшчэ ня ведаеш. Вось трапіла б у стацыянар, тады б я на цябе паглядзеў!», — выгаворваў ён мне.

А можа і праўда, я проста ня кемлю? Добра, што зараз, без акуляраў, у тумане, я магу бясконца разважаць над важнымі пытаньнямі, а не сканаваць нумары аўтамабіляў і абвесткі пра зьніклых катоў. Галоўнае — ня трапіць у стацыянар.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.