Мэталічны крыж устаноўлены на ўскрайку лесу каля вёскі Хайсы, дзе роўна тры гады таму былі знойдзеныя чалавечыя парэшткі ў невядомых масавых пахаваньнях.
Вышыня крыжа — больш за 4 мэтры, і яго добра відаць з шашы Віцебск — Гарадок, а таксама ад чыгункі, якая ідзе ўздоўж лесу. Мэмарыяльны крыж, пастаўлены 12-га лістапада, зьяўляецца пачаткам маршруту, адзначанага паказальнікамі: кіруючыся імі, кожны ахвотны можа самастойна наведаць мэмарыял.
З 2014 году ў «расстрэльным лесе» актывісты ініцыятывы «Хайсы» паставілі 34 крыжы. Першыя пяць былі зьнішчаныя невядомымі вандаламі, але потым адноўленыя.
27 крыжоў было пастаўленыя каля вялікіх ямін, дзе на працягу трох гадоў знаходзілі парэшткі — косьці і чарапы з кулявымі адтулінамі, а таксама фрагмэнты вопраткі і абутку.
Яшчэ 7 крыжоў сымбалічныя, іх паставілі на ўваходзе ў «расстрэльны» лес з розных бакоў.
Неабыякавым грамадзянам удалося вызначыць імёны дзьвюх імаверных ахвяраў, расстраляных у гэтых мясьцінах. Паводле сьведчаньняў старажылаў, расстрэлы ў лесе каля вёсак Хайсы і Дрыкольле адбываліся рэгулярна на працягу 1937-38 гадоў. Актывісты сабралі каля 40 сьведчаньняў пра сталінскія расстрэлы ў гэтых мясьцінах. Але мясцовыя ўлады не бяруць іх пад увагу і адмаўляюцца ўшаноўваць памяць ахвяраў.
Памінальныя імпрэзы, а таксама рэгулярныя ўпарадкаваньні гэтых мясьцінаў ладзяць толькі віцебскія актывісты.