Рассельгаснагляд заявіў, што беларускі бок не дапусьціў яго прадстаўнікоў на сем прадпрыемстваў для правядзеньня праверак.
Гэта вытворцы плодаагародніннай прадукцыі:
- СУП «АзотСэрвіс» (таматы),
- СВК імя Крамко (яблыкі),
- фэрмэрская гаспадарка «СОВ Агра-прадукт» (грыбы),
- фэрмэрская гаспадарка «Гедэон» (яблыкі, таматы),
- ІП Мартыненка Ю. А. (грыбы),
- ТАА «Брэнд Капрыз» (грыбы),
- СФ «Клецкі» (яблыкі).
Рассельгаснагляд зьвярнуўся да беларускай дзяржаўнай інспэкцыі, каб яна не выдавала гэтым прадпрыемствам сэртыфікаты на пастаўкі ў Расею, пакуль не адбудуцца праверкі.
Захады прынятыя, каб не дапусьціць увозу санкцыйнай прадукцыі на расейскую тэрыторыю.
Як паведамляецца на сайце расейскага ведамства, праз павелічэньне паставак на тэрыторыю Расеі таматаў, яблыкаў і грыбоў беларускага паходжаньня, спэцыялісты Рассельгаснагляду прыехалі ў Беларусь, каб праверыць шэраг прадпрыемстваў.
Расейскі бок адзначае павелічэньне паставак гэтай прадукцыі ў пэрыяд з 23 па 28 кастрычніка.
Экспэрты Рассельгаснагляду наведалі больш за 30 прадпрыемстваў, якія вырабляюць, захоўваюць і рэалізуюць таматы, грыбы і яблыкі ў Беларусі. Аднак беларускі бок адмовіўся дапусьціць расейцаў на 7 прадпрыемстваў.