Гермянчук быў у 1990-х рэдактарам праслаўленай газэты «Свабода», стварыў выдатнага ўзроўню часопіс «Кур’ер» (2000), грамадзка-палітычны. Быў адным з тых у парлямэнце, хто змагаўся ў 1991-м, каб Беларусь стала самастойнай, пад дзяржаўнымі бел-чырвона-белым сьцягам і рыцарскім гербам Пагоня.
Закончыўшы факультэт журналістыкі, Ігар працаваў у «Голасе Радзімы», тады папулярнай газэце сярод адраджэнскага асяродзьдзя. Рэдакцыя была ў выдатным месцы — на скрыжаваньні праспэкту з Казлова, у адметным будынку. Пісаў пра раскопкі, пра замкі, пра культуру і пра сучаснае ў БССР жыцьцё. Выданьне было скіраванае на эміграцыю.
Празь нейкі час яго запрасілі ў АПН («Агенство печати «Новости»). Гэта быў крок наперад у журналісцкай кар’еры. АПН — агенцтва, мала што «ўсесаюзнае», маскоўскае, дык яшчэ мела карпункты па ўсім сьвеце. У Менску была, зразумела, рэспубліканская філія. Другое: АПН азначала іншы, больш высокі ўзровень журналістыкі, зусім ня той, што была нават у «вяршыні» рэспубліканскага друку «Советской Белоруссии». Ніякай голай прапаганды! Толькі сапраўды цікавыя, чытабэльныя тэксты.
Газэта «Голас Радзімы» была на праспэкце Леніна, 44, АПН — на тым жа праспэкце (цяпер — Незалежнасьці) ў доме 55. Непадалёк. Таксама ў выдатным, як на Менск, месцы. 1987 год. «Перабудова». Гарбачоў. Новыя магчымасьці для журналістаў пісаць так і аб тым, аб чым раней было нельга ці — ня проста.
Аднак у адраджэнскім асяродзьдзі насьцярожана ўспрынялі пераход Герменчука ў АПН. Ну, ведаеце: гэта ж пад каўпаком у «канторы» фірма, гаварылі паміж сабой. І так у людзей у памяці і засталося дагэтуль. Што фірма падазроная была, і што Гермянчук адышоў ад беларушчыны, пачаў пісаць па-расейску, працаваць для Масквы.
У памяці тых, хто яго ведаў, гэты час ператварыўся ў нейкае «сярэднявечча», у «цёмныя вякі» ў ягонай біяграфіі. А чым ён там займаўся насамрэч у тым АПН-е, аб чым пісаў? Ніхто не ўнікаў. Дый ня мог. Публікацыі, падрыхтаваныя ім, сапраўды выходзілі звычайна не ў беларускіх выданьнях, не для іх пісаліся.
Але каб ён сапраўды адмовіўся ад сваіх ідэалаў, адышоў убок, у Вярхоўным Савеце не паявіўся б у 1990-м адзін з самых маладых дэпутатаў, які стаяў на дэмакратычных пазыцыях і далучыўся да фракцыі БНФ. Каб змагацца за беларускую Беларусь.
У мяне журналісцкі нататнік Герменчука, распачаты ім у АПН, у 1987-м. У ім, як можна сказаць, творчая лябараторыя Ігара. Новыя тэмы. Уражаньні групы менчукоў ад паездкі ў Фінляндыю. «Як толькі перасеклі мяжу: акуратнасьць, чысьціня, пабудовы». «Мы зьдзівіліся, калі нам сказалі, што нельга ў возеры мыць рэчы з парашком (толькі з мылам), а галаву шампунем». «Нас зьдзівіла: калі чалавек частуецца ў кагосьці цыгарэтай, ён працягвае манэту». І гэтак далей. Шчырыя ўражаньні людзей з савецкай краіны, дзе ўсё інакш.
Падрыхтоўка матэрыялу пра ўплыў радыяцыі ў глебе на збожжавыя. Няхай ня так цікава, але актуальна. І ён спрабуе разабрацца карпатліва ў праблеме. Накіды для тэмы пра першых каапэратараў: «гадамі ў нас выхоўвалі насьцярожанае стаўленьне да чалавека, які займаецца індывідуальнай працай, ён «лявак», «зашыбае дзяньгу». Усе запісы сапраўды зробленыя па-расейску.
А вось падрыхтаваны да друку тэкст інтэрвію зь Пятром Садоўскім, як зазначана, сябрам Сойму Беларускага народнага фронту «Адраджэньне». Без рашэньня нацыянальнага пытаньня (як?! Яно ж яшчэ пры Леніне было вырашанае! — маглі парыраваць афіцыйныя рупары) ня можа быць ніякай перабудовы, бярэ быка за рогі Садоўскі. І тлумачыць, што трэба ўмацаваць сувэрэнітэт саюзных рэспублік і распавядае — як. І гэта ў 1989 годзе…
Такой працай займаўся ў АПН Ігар Гермянчук.