Віталь Гуркоў абвясьціў аўкцыён, каб дапамагчы сабраць грошы на помнік Касьцюшку

Беларускі тайбаксэр і ўдзельнік гурту Brutto Віталь Гуркоў выставіў свой «пераможны» шалік на аўкцыён, каб сабраць на першы беларускі помнік Тадэвушу Касьцюшку. Пра гэта ў сваім фэйсбуку паведаміў Глеб Лабадзенка.

5 лістапада Віталь Гуркоў стаў пераможцам прадстаўнічага міжнароднага турніру ў вагавай катэгорыі да 75 кіляграмаў паводле адной з самых прэстыжных арганізацыяў кікбоксінгу Kunlun Fight. Перамогу ён сьвяткаваў з накінутым на плечы шалікам з выявай Пагоні і Калюмнаў.

Гэты шалік Віталь Гуркоў перадасьць таму, хто ахвяруе найбольшую суму на помнік Касьцюшку. Грошы на помнік зьбіраюць талакой. На момант абʼяўленьня аўкцыёну да неабходнай сумы бракавала каля 2400 рублёў.

10 лістапада Віталь Гуркоў падвядзе вынікі кампаніі збору сродкаў на помнік і абвесьціць новага ўладальніка свайго шаліка.

Тадэвуш Касьцюшка — нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі, лічыцца адным з самых вядомых у сьвеце беларусаў. У 1794 годзе Касьцюшка ўзначаліў паўстаньне супраць Расейскай імпэрыі. У Беларусі няма ніводнага помніка Тадэвушу Касьцюшку. У 2005 годзе бюст Касьцюшку быў усталяваны на тэрыторыі амбасады ЗША ў Менску. У 2006 годзе ў вёсцы Мерачоўшчына Івацэвіцкага раёну, дзе нарадзіўся і жыў Касьцюшка, быў пастаўлены валун з шыльдай.