У Нью-Ёрку адзначылі 60-годзьдзе першага беларускага набажэнства ў саборы Кірылы Тураўскага. ФОТА

3 лістапада споўнілася 60 гадоў з дня першай царкоўнай службы ў саборы Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Кірылы Тураўскага ў Брукліне. З гэтай нагоды ў нядзелю, 5 лістапада, адбылася сьвяточная архірэйская багаслужба з удзелам архіяпіскапа Святаслава Логіна.

Як паведаміў нашаму радыё Віктар Дудараў, пасля багаслужбы прыхаджане сабраліся ў грамадзкай залі сабору. Пра гісторыю парафіі і набыцьця будынку царквы расказаў старшыня парафіяльнай рады Расьціслаў Гарошка.

Пра больш далёкую гісторыю беларускай царквы за часамі ВКЛ расказаў кіруючы япіскап БАПЦ Святаслаў Логін. Таксама былі зачытаныя віншавальныя лісты ад Івонкі Сурвілы, Зянона Пазьняка, сьвятара зь Беларусі айца Леаніда Акаловіча.

Удзельнікі сьвяткаваньня праслухалі аўдыёзапіс той самай першай багаслужбы, зроблены радыё «Вызваленьне» (Радыё Свабода). Усе прысутныя засьпявалі гімн «Магутны Божа» разам з царкоўным хорам, у якім удзельнічалі бацькі і дзеды шмат каго з сёньняшніх прыхаджан.

Напрыканцы сьвяточнай сустрэчы перад прысутнымі выступілі беларускія выканаўцы Валянціна Пархоменка і Алесь Казак.

Пад канец набажэнства

У грамадзкай залі падчас паседжаньня

Ала Орса-Рамана і архіяпіскап Сьвятаслаў Логін

Выступае Расьціслаў Гарошка

Выступае кіраўнік БАПЦ архіяпіскап Сьвятаслаў Логін

Выступаюць Алесь Казак і Валянціна Пархоменка