У Беларусі вуліцы Леніна расьцягнуліся на 440 кілямэтраў. А Каліноўскага — на 33 кілямэтры

Помнік Леніну ў Талачыне

Большасьць вуліц у гарадах Беларусі дагэтуль носяць савецкія назвы. Цяпер гэта можна пацьвердзіць канкрэтнымі дадзенымі. Як даведалася Свабода, толькі вуліц з назвай «Савецкая» ў Беларусі 698 км. Гэта больш, чым працягласьць усёй тэрыторыі краіны з усходу на захад.

Вуліц з нацыянальнымі назвамі ў 20 разоў менш, чым з савецкімі

Як даведалася Свабода, даўжыня ўсіх вуліц Леніна ў краіне складае 440 км, Кастрычніцкіх — 382, Савецкіх — 698. Такую інфармацыю далі ў кампаніі «Яндекс». Для ўяўленьня, працягласьць усёй тэрыторыі Беларусі з усходу на захад складае 650 км.

У той жа час вуліц з нацыянальнымі назвамі ў Беларусі ў 10-20 разоў меней, чым з савецкімі. Даўжыня ўсіх вуліц Каліноўскага складае 33 км, Скарыны — 49, Незалежнасьці — 40.

Разьмеркаваньне вуліц з савецкімі назвамі па абласьцях прыкладна аднолькавае. А вось нацыянальныя назвы прадстаўленыя ў большасьці выпадкаў у заходняй і цэнтральнай Беларусі. Напрыклад, вуліц Каліноўскага больш за ўсё у Берасьцейскай вобласьці (19 гарадоў і вёсак), Гарадзенскай і Менскай (па 12). У астатніх абласьцях — па 4 у кожнай. Вуліц і праспэктаў Незалежнасьці на Гомельшчыне і Магілёўшчыне зусім няма.

У «Яндексе» адзначылі, што зьвесткі могуць быць няпоўнымі. Падлічаныя толькі вуліцы, праспэкты, завулкі, праезды і іншыя падобныя аб’екты, занесеныя на «Яндекс.Карты».

«Суадносна, калі ў нас няма падрабязнай мапы нейкага зусім невялікага сяла, яго вуліцы ўлічаныя ня будуць», — удакладнілі Свабодзе ў прэс-службе кампаніі.


Праз 20 гадоў савецкія назвы ў Маладэчне практычна ніхто ня памятае

Амаль ва ўсіх гарадах Беларусі тапаніміка спрэс складаецца з назваў у гонар савецкіх дзеячоў. Дэсаветызацыя пачалася ў пачатку 1990-х. Але прайшла яна ў лічаных гарадах і вельмі абмежавана. Шэраг вуліц перайменавалі ў Менску, у тым ліку цэнтральныя праспэкт Леніна і плошчу Леніна. Замест іх зьвіўся праспэкт Скарыны (з 2007 году — Незалежнасьці), і плошча Незалежнасьці. А вось вуліца Леніна ў сталіцы засталася. Некалькі вуліц пасьпелі перайменаваць у Горадні, Слоніме і некаторых іншых гарадах.

Назвы вуліц у цэнтры Маладэчна

Адзіным горадам, дзе адбылася масавая дэсаветызацыя, застаецца Маладэчна. Свабода падрабязна пісала, як у пачатку 1990-х, калі горадам кіраваў Генадзь Карпенка, савецкія назвы вуліц тут амаль цалкам зьніклі. Хоць у Маладэчне засталіся вуліцы Першамайская, Чарняхоўскага, Чкалава, назвы большасьці дарог тут ня маюць дачыненьня да савецкай і расейскай гісторыі.

Як расказаў Свабодзе Алесь Капуцкі, маладэчанскі краязнаўца, вернутыя гістарычныя і новыя нацыянальныя назвы ў Маладэчне прыжыліся. Больш як праз дваццаць гадоў пасьля перайменаваньня толькі некаторыя вуліцы часам могуць назваць на стары лад. Вялікі Гасьцінец, бывае, называюць «праспэктам», бо гэта былы праспэкт Леніна, Цэнтральную плошчу — плошчай Леніна, бо помнік Уладзіміру Леніну дагэтуль там стаіць, а замест плошчы Старое Места часам кажуць «плошча Свабоды» або «старая плошча».

«Практычна ніхто ўжо ня памятае старых назваў, апроч, можа, самых знакавых», — кажа Капуцкі.

Цэнтральную плошчу ў Маладэчне часам называюць на стары лад "Леніна", бо помнік Леніну адсюль не прыбралі

Пасьля масавага перайменаваньня ў пачатку 1990-х мясцовыя камуністы спрабавалі вярнуць некаторыя савецкія назвы. Асабліва ім карціў Вялікі Гасьцінец — праспэкт Леніна за савецкім часам.

«Колькі камуністы не стараліся перайменаваць Вялікі Гасьцінец, прычым прапаноўваліся такія назвы, як праспэкт Скарыны, ужо нічога ў іх не атрымалася нават пры гэтай уладзе», — кажа Алесь Капуцкі.


Вуліцы Каліноўскага і Льва Сапегі мусяць быць у цэнтры, а не на ўскраінах

Сёньня перайменаваньні даюцца цяжка. Часьцей за ўсё іх праводзяць не з ініцыятывы жыхароў гораду, а па волі ўладаў. У Полацку крок за крокам прыбіралі савецкія назвы з цэнтру гораду. Замест праспэкту Леніна там зьявіўся праспэкт Скарыны, вуліцу Энгельса зрабілі Ніжне-Пакроўскай. У Мсьціславе летась вуліцам Урыцкага, Першамайскай і Цэнтральнай плошчы далі назвы Пірагоўская, Кармеліцкая, Пятра Мсьціслаўца суадносна. Тыя перайменаваньні прымеркавалі да Дня беларускага пісьменства.

Праспэкт і плошчу Леніна ў Менску перайменавалі, а вуліца Леніна ў цэнтры засталася

Але найчасьцей назвы ў гонар нацыянальных герояў даюць не замест савецкіх, а новым вуліцам. Гэта значыць, у мікрараёнах на ўскраінах гарадоў, у прыватным сэктары. Самы яскравы прыклад — гэта Менск. У той час, як у цэнтры застаюцца вуліцы Леніна, Энгельса, Карла Маркса, на ўскраінах зьяўляюцца вуліцы Льва Сапегі, Напалеона Орды, Яна Чачота, Астроскіх і Тышкевічаў.

На думку гісторыка тапаніміі Івана Сацукевіча, вуліцы ў гонар нацыянальных герояў мусяць быць акурат у цэнтры гораду, а не на ўскрайку.

Нельга падыходзіць да тапанімікі з пункту гледжаньня палітыкі. Палітыкі ў сваёй большасьці вельмі дрэнна ведаюць гісторыю сваіх гарадоў.

«Гэта іміджастваральны праект, — сказаў Сацукевіч Свабодзе. — Безумоўна, у цэнтры павінны быць нацыянальныя героі. Але першасная задача, я лічу, — гэта вяртаньне гістарычных назваў».

Паводле Івана Сацукевіча, неабавязкова пераймяноўваць усе савецкія назвы. Калі вуліца названая ў гонар мясцовых камуністаў, як Чарвякова, Жылуновіча, Шаранговіча ці Галадзеда, і яна пры гэтым не закрыла ўнікальную гістарычную назву, то яе можна пакідаць без перайменаваньня.

«Я катэгарычна супраць, каб усё агулам замянялі альбо перайменавалі, — сказаў Сацукевіч. — Нельга падыходзіць да тапанімікі з пункту гледжаньня палітыкі. Палітыкі ў сваёй большасьці вельмі дрэнна ведаюць гісторыю сваіх гарадоў».

У Мсьціславе цэнтральным вуліцам летась вярнулі гістарычныя назвы

Іван Сацукевіч кажа, што назвы ў гонар Валадарскага, Урыцкага, Бэрсана, Сьвярдлова з часам мусяць зьнікнуць. Бо гэтыя людзі ніколі ня мелі дачыненьня да Беларусі і не зрабілі ніякага ўнёску для краіны.

Як мусіць праходзіць дэсаветызацыя? Гісторык лічыць, што яна не павінна праводзіцца на загад зьверху. Наадварот, мясцовыя жыхары павінны вызначыцца, ці падабаецца ім чалавек, у гонар якога названая іхняя вуліца.

«Людзі спачатку маюць зразумець, ці станоўчы ягоны ўнёсак у гісторыю нашай краіны, — кажа Сацукевіч. — У такім разе, я ня думаю, што ў нашых гарадах будуць адначасова вуліцы Суворава і Касьцюшкі, Ігнатоўскага і Валадарскага. Гэта культуралягічны нонсэнс».