Я сам быў перакананы што Горват будзе як мінімум на трэцім месцы. Бо літаратурная прэмія ў існым варыянце — папулярны фармат, і арганізатары мусяць прыслухоўвацца да чытачоў.
Але тут жа я прачытаў, што мой калега і сябра Зьміцер Бартосік, за якога я так радаваўся ў момант яго перамогі ў «Гедройці», «напісаў не мастацкую літаратуру», таму яго перамога сумнеўная.
А яшчэ мне цэлую раніцу ў фэйсбуку траплялася адна асоба, якая пырскала нелюбоўю да «эліты». «Эліта», маўляў, сама сабе, а на меркаваньне «плебсу» плюе.
А яшчэ ў названым кантэксьце ўзгадалі Віктара Марціновіча, які пазалетась са сваім раманам «Мова» ня трапіў нават у шорт-ліст «Гедройця». Хоць кніга моцна прагучала ў шырокіх чытацкіх колах.
Я разумею чытача. Вось кніга, якая спадабалася, прагучала і яе няма сярод прызёраў. Рэакцыя — абурэньне і недавер да прэміі.
Я разумею сябра журы, які кіруецца прафэсійнымі крытэрамі і яму ўсё роўна, што кажуць маркетолягі пра папулярнасьць аўтара.
Як прэмія можа абараніцца ад нэгатыву сецявых ср@чаў і захаваць прафэсійны падыход у ацэнцы твораў?
Калі задача прэміі — прамоцыя сучаснай беларускай літаратуры, то варыянт можа быць наступны. Спалучаем тры ў адным:
1. Выбар прафэсійнага журы;
2. Выбар калег-літаратараў;
3. Выбар публікі (колькасьць продажаў плюс аўтарызаванае галасаваньне).
Такім чынам робіцца тры «Гедройці», тры прэміі пад адным брэндам.
«Гедройць» прэстыжу, «Гедройць» павагі, «Гедройць» любові.
Што да народнай любові, цікавым мог бы быць экспэрымэнт з краўндфандынгавым спосабам збору сродкаў на прэмію — «пералічы два рублі любімаму аўтару». Ці перабольшыць сума памер «прэміі прэстыжу» — ад прафэсійнага журы?
У кожным разе па такой схеме і прафэсіяналы і аматары задавальняюцца.
«Хопіць нам завумных кніжак, дайце проста пачытаць!»; «Гэта літаратура толькі для чытаньня ў электрычцы, нічога значнага»; «Ура, нарэшце лёгкая сучасная літаратура для чытаньня ў электрычцы!».
Працытаваныя меркаваньні раней былі часткай сваркі, у новай сытуацыі яны ня будуць перакрыжоўваюцца. Аматары простага і аматары «завумнага» атрымаюць сваё.
Прамоцыя сучаснай беларускай літаратуры будзе адбывацца ў канкрэтных мэтавых аўдыторыях.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.