Нашы мёртвыя нас не пакінуць у бядзе…

Курапаты. Ноч расстраляных паэтаў

Ішоў уначы на імпрэзу «(не)расстралянай паэзіі» на курапацкую гару. Ішоў па размоклай глебе, ногі сьлізгалі, ліў дождж. Ішоў і думаў, што восемдзесят гадоў таму сюды йшлі тыя, чые вершы сёньня будуць дэклямаваць.

Напэўна, тады таксама ліў дождж, і ногі сьлізгалі па курапацкай намоклай глебе. Толькі па бакох былі не крыжы са зьнічамі, а кáты НКВД з наганамі й вінтоўкамі Мосіна, ды йшлі вядомыя не сваёй воляй.

Беларусы вялі на кару беларусаў...

Калі толькі пад'ехалі да Курапатаў, я выйшаў спытаць, дзе адбудзецца імпрэза. Каля падземнага пераходу заўважыў купку людзей. Пытаюся, маўляў, дзе адбудзецца сама дзея.

Чую адказ:

— Вось ідзіце па дарозе ўгару. Там зьбіраюцца.

Сказаў «дзякуй» і толькі тады пабачыў, што пытаўся ў амонаўскага патруля.

Спатрэбілася восемдзесят гадоў часу, распад СССР, тры канфлікты за Курапаты 1988, 2001 і 2017 гадоў, каб яны проста падказвалі дарогу, а ня йшлі па бакох.

Пакуль яны толькі стаяць і падказваюць дарогу, і як мне здалося, падказваюць безь нянавісьці. Але ці было б так, калі б Беларусь ня мела статусу незалежнай дзяржавы?..

Хоча таго гэтая ўлада ці не, але яна вымушаная жыць у тым ліку паводле правілаў незалежнай дзяржавы, якія ня могуць супадаць з правіламі іншай дзяржавы, і гэтая схема на дадзены момант стрымлівае адных беларусаў ад таго, каб весьці на Галгофу беларусаў іншых.

Курапаты сядзяць у нашай агульнай памяці, і над выдатным кліпам на гэтую тэму ёсьць што падумаць і адчуць што актывісту, што амонаўцу.

Мне здаецца, менавіта таму гэты народны мэмарыял і вытрымаў усе напады.

Ёсьць шмат месцаў, дзе распавядаецца пра масавыя рэпрэсіі сталінскіх часоў, напрыклад, музэй КГБ у Вільні, але нічога падобнага да Курапатаў па меры эмацыйнага ўзьдзеяньня ня бачыў і не адчуваў ні ў воднай сумежнай з намі краіне, якія таксама перажылі энкавэдэшнае шаленства.

Справа ня толькі ў тым, што Курапаты «свае». Не. Думаю, рэч у тым, што гэты мэмарыял, створаны без удзелу дзяржавы, без грантаў, бяз хітрыкаў. Створаны самімі людзьмі, іхнай чыстай энэргіяй, якую цяжка перамагчы бульдозэрамі і амонам.

У глыбінях паміж жыцьцём і сьмерцю фальшы няма месца. Курапаты дапамагаюць шчырым пачуцьцям, шчырым дзеяньням і шчырым людзям.

«Нашы мёртвые нас не оставят в беде. Нашы павшие, как часовые. Отражается небо в лесу, как в воде и деревья стоят голубые», сьпяваў калісьці Ўладзімер Высоцкі. Гэтая ягоная песьня і пра Курапаты таксама.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.