Пінчук, затрыманы пасьля «маршу недармаедаў», адсудзіў грошы ў міліцыі. Але заплаціць бюджэт

Андрэй Вабішчэвіч

Андрэя Вабішчэвіча судзілі за ўдзел у вясновай акцыі недармаедаў і прызналі невінаватым, бо яго на той акцыі не было. Цяпер пінскі суд пастанавіў, каб актывісту былі кампэнсаваныя судовыя выдаткі.

Акцыя адбылася 26 сакавіка ў Пінску. У той дзень Андрэя Вабішчэвіча затрымала міліцыя і склала пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Аднак пазьней у судзе ён даказаў, што на плошчы, дзе адбываўся пратэст, ён ня быў, а затрымалі яго ўвогуле ў іншым месцы. Гэта пацьвердзілі і запісы з камэраў відэаназіраньня.

Суд спыніў справу супраць Андрэя Вабішчэвіча з прычыны адсутнасьці складу правапарушэньня.

Аднак Вабішчэвіч патраціўся на судовыя выдаткі і на адваката, таму падаў у суд на міліцыянтаў, якія затрымлівалі яго і складалі пратакол, каб гэтыя грошы яму вярнулі.

30 кастрычніка пінскі суд цалкам задаволіў гэты пазоў Андрэя Вабішчэвіча і пастанавіў сплаціць зь бюджэту Беларусі 378 рублёў на карысьць актывіста.

Спадар Вабішчэвіч кажа, што задаволены прысудам, «бо гэта рэдкі выпадак, калі ўдалося адсудзіць грошы за неправамерныя дзеяньні міліцыянтаў».