Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўторны суд апраўдаў лельчыцкіх гастарбайтэраў, якія атрымалі заробак расейскімі грашыма


Гастарбайтары зь Лельчыцаў Руслан Грэська і Аляксандар Буцько, архіўнае фота
Гастарбайтары зь Лельчыцаў Руслан Грэська і Аляксандар Буцько, архіўнае фота

Намесьніца старшыні суду Калінкавіцкага раёну Галіна Загвозьдзіна 10 кастрычніка спыніла адміністрацыйную справу супраць лельчыцкіх гастарбайтэраў Аляксандра Буцька й Руслана Грэські нібыта за парушэньне ўказу № 49 пры ажыцьцяўленьні валютных апэрацый.

Лельчукі працавалі ў Расеі. Тамтэйшы наймальнік Анатоль Сныцараў, які раней жыў у Мазыры, а цяпер мае расейскае грамадзянства, не разьлічыўся зь беларусамі ў Маскве, а прывёз заробак у расейскіх рублях у Калінкавічы. Перадача заробку адбылася ўлетку ў прыдарожнай кавярні «Лукоморье». Тут гастарбайтэраў і засьпелі супрацоўнік АБЭП зь Лельчыцаў Валянцін Хомчыц разам з начальнікам ізалятара тамтэйшага райаддзелу міліцыі Віктарам Навіцкім. Будаўнікоў абвінавацілі ў незаконнай валютнай апэрацыі.

На падставе міліцэйскіх пратаколаў аб затрыманьні Калінкавіцкая раённая інспэкцыя па падатках і зборах склала супраць Аляксандра Буцька й Руслана Грэські адміністрацыйныя пратаколы аб парушэньні ўказу № 49, а судзьдзя Сьвятлана Кугейка ў жніўні аштрафавала маладых сямейных лельчукоў — кожнага на 1380 рублёў — і пастанавіла канфіскаваць заробленыя імі ў Маскве грошы (па 100 тысяч расейскіх рублёў).

Лельчыцкія гастарбайтэры былі перакананыя, што расейскі наймальнік Сныцараў наўмысна іх падставіў. Проста помсьціў з дапамогай міліцыі. Таму што былі праблемы з выплатай заробку, і ў выніку лельчукі разарвалі са Сныцаравым працоўныя адносіны.

Не пагадзіўшыся з пакараньнем, Буцько й Грэська падалі скаргу ў Гомельскі абласны суд, які ў верасьні прыйшоў да высновы, што справа была разгледжана неабʼектыўна — адмяніў лельчукам буйныя штрафы й канфіскацыю ў даход дзяржавы заробленых у Расеі грошай. Адміністрацыйную справу вярнулі ў Калінкавічы на новы разгляд іншым складам суду.

Не пакінуў абласны суд без увагі і таго факту, што старшы опэрупаўнаважаны АБЭП Лельчыцкага РАУС, маёр міліцыі Валянцін Хомчыц з жонкаю адпачываў на Чорным моры на лецішчы расейскага прадпрымальніка Сныцарава. Фота ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» выклала жонка Хомчыца. Здымкі тыя жыхары Лельчыц раздрукавалі, адразу пазнаўшы «прычарнаморскае лукаморʼе» Анатоля Сныцарава, бо раней самі яго будавалі. Судзьдзя першай інстанцыі адмовілася прызнаць здымкі сьведчаньнем змовы і далучыць іх да справы.

Абласны суд, наадварот, зьвярнуў на гэта ўвагу і нават вынес на адрас Лельчыцкага РАУС прыватнае вызначэньне, абавязаўшы правесьці службовую праверку ў дачыненьні да Валянціна Хомчыца, які арганізаваў затрыманьне гастарбайтэраў пры перадачы ім заробку расейскімі грашыма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG