Барысаўскім пікетоўцам за адстаўку міністра абароны Раўкова далі штрафы

Ілюстрацыйнае фота. 21-гадовы Аляксандр Коржыч зь Пінску загінуў у войску.

Праваабаронцу «Вясны» Алега Мацкевіча і актывіста Алеся Абрамовіча з Барысава пакаралі штрафамі за пікет з патрабаваньнем адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова.

Іх зьвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Пікет адбыўся 30 кастрычніка ў цэнтры гораду, насупраць будынку Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня. Яго ўдзельнікі патрабавалі таксама прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці ўсіх вінаватых у сьмерці салдата Аляксандра Коржыча.

«У 12 гадзін мы выйшлі на плошчу, але прастаяць з плякатам „Міністру — адстаўка! Злачынцам — турма!“ супрацоўнікі міліцыі далі хвілін 5. Потым усіх затрымалі. З пастарунку павезьлі ў суд, дзе мне далі 30 базавых (690 рублёў), і 50 базавых (1150 рублёў) Абрамовічу», — сказаў Алег Мацкевіч карэспандэнту Свабоды.

Пасьля суду Алегу Мацкевічу дазволілі прывезьці плякат дадому.

Затрыманых журналістаў Анатоля Букаса і Паўла Сьляпухіна адпусьцілі без складаньня пратаколаў.

13 кастрычніка Алег Мацкевіч падаў у Барысаўскі гарвыканкам заяўку на правядзеньне 30 кастрычніка пікету на цэнтральнай плошчы гораду. Нагодай стала трагічная гібель салдата ў барысаўскіх Печах. Аднак Барысаўскі выканкам ня даў Алегу Мацкевічу дазволу на правядзеньне акцыі.