Мы ўвесь час ігнаруем свае траўмы. Думаем, што калі памаўчым, то будзем разумнейшымі. Але маўчаньне не дае нам зрабіць мэнтальны рывок і стаць свабоднымі людзьмі.
Рух за перамены, дэмакратыю і адраджэньне ў канцы 1980-ых пачаўся ў Беларусі з праўды пра камуністычныя злачынствы. Першая вялікая антысавецкая дэманстрацыя ў БССР адбылася на «Дзяды». Рабочыя не пратэставалі каля Дому Ўраду, а ішлі ў Курапаты. Людзей на барыкады клікаў ня голад, а пачуцьцё несправядлівасьці, прага праўды.
Так пачынаўся працэс аздараўленьня. Бо свабодным чалавекам можа стаць толькі той, хто пераасэнсаваў і зразумеў. Але працэс гэты быў перапынены. Сёньняшняе цемрашальства і невуцтва — ня новая зьява, гэта шлейф пачатку 90-ых, які перадаўся новаму пакаленьню.
У маёй сям’і былі рэпрэсаваныя два прадзеды. На першага данос напісаў сябар, які абвінаваціў прадзеда ў працы на палякаў. На другога напісаў знаёмы, абражаны тым, што дачка прадзеда, мая бабуля, не прыняла яго прапановы пабрацца шлюбам. Брата майго прадзеда выслалі ў лягер, бо ён быў баптыстам. Брата другога прадзеда адправілі на расейскую Поўнач, бо ён не хацеў ісьці ў савецкае войска. Сястру маёй бабулі расстралялі савецкія партызаны. Гэты сьпіс ня скончаны.
Гэтыя гісторыі тлумачылі мне, у якой дзяржаве я нарадзіўся. У дзяржаве, якая і праз паўстагодзьдзя хавае праўду, прымушае пакланяцца помнікам, якія ўвасабляюць зло. Такая дзяржава не паважае людзей, бо ня лічыць іх годнымі ведаць праўду. Якіх грамадзянаў яна выгадуе? Пасіўных, абыякавых «пафігістаў». Усе гэтыя савецкія якасьці перадаваліся наступным пакаленьням, нашым бацькам і нарэшце нам.
Маладыя сёньня ня маюць паняцьця, што такое Курапаты. Сталін для некаторых зь іх — мудры правадыр, які перамог фашызм. Яны глядзяць сэрыялы пра добрых НКВДыстаў, салютуюць у піянэрыі пад помнікам Леніну і езьдзяць на экскурсіі ў Дзяржынава. Менавіта гэтыя людзі маўчаць, калі ў Беларусі зьяўляюцца палітвязьні. Менавіта такія людзі здольныя знайсьці сто апраўданьняў аўтарытарызму.
Не было добрага камунізму і слушных ахвяраў, якія аплацілі будучае багацьце савецкай краіны. Не было ніякай багатай краіны. Былі злачынцы і іх ахвяры. Трэба казаць пра гэта ўголас, каб не размываць мяжу паміж дабром і злом. Калі мы будзем маўчаць, то «а можа так і трэба» застанецца назаўсёды часткай нашага Я.
І не кажыце, што гэта ўжо толькі мінулае, або што нам гэта ўдасца пераскочыць і чысьценькімі глядзець толькі ў сьветлае будучае. Датычнасьць да Галакосту літоўцы пачынаюць асэнсоўваць толькі цяпер. Палякі за амаль 30 гадоў незалежнасьці не завяршылі зводзіць рахункі са спадчынай камунізму. Яны з болем, але ідуць наперад.
Казаць пра свае трагедыі і траўмы — гэта ня значыць быць ныцікамі, якія хочуць, каб яго ўсе пашкадавалі. Мы ня робім гэта для кагосьці. Давайце казаць пра гэта, каб быць здаровым народам і скінуць саўковы баласт. Распавядайце гісторыі сваіх сваякоў, знаёмых, якіх спрабавалі сьцерці з нашай памяці. Пазначайце гэтыя гісторыі тэгам #памятаем1937 і #remember1937. Мы павінны гэта рабіць для сябе, для ўмацаваньня імунітэту, калі мы ня хочам, каб нас ізноў забівалі.