Der Spiegel: Расея мае намер праводзіць вучэньні «Захад» часьцей

Аляксандар Лукашэнка на вучэньнях "Захад-2017"

Паводле нямецкага выданьняת прадстаўнік прэзыдэнта Пуціна заявіў пра тое, што надалей Расея будзе праводзіць буйнамаштабныя вайсковыя вучэньні непасрэдна ля межаў NATO раз на два гады.

Часопіс паведамляе пра канфідэнцыйны брыфінг расейскага вайсковага аташэ, які адбываўся ў Бэрліне 19 верасьня, у перадапошні дзень вучэньняў «Захад-2017». Вайскоўцы і дыпляматы, якія прысутнічалі на брыфінгу, «чакалі пачуць падрабязнасьці аб вучэньнях "Захад-2017". Аднак замест гэтага расейскі вайсковы аташэ заявіў аб тым, што вялікія манэўры, якія выклікалі рэзананс, будуць праводзіцца часьцей, чым было дагэтуль», — піша часопіс.

Паводле афіцыйных дадзеных, у манэўрах удзельнічала 12,7 тыс. вайскоўцаў — пры такой колькасьці запрашэньне заходніх назіральнікаў было неабавязковым.

Аднак паводле зьвестак выданьня, у NATO гэтыя дадзеныя выклікаюць сумневы. Дарэчы, сёньня генэральны сакратар альянсу Енс Столтэнбэрг публічна абвінаваціў Расею ў перавышэньні колькасьці ўдзельнікаў вучэньняў у параўнаньні з афіцыйна абвешчанай.

Der Spiegel спасылаецца на сакрэтны аналіз, згодна зь якім у трэніровачных мерапрыемствах, якія папярэднічалі вучэньням і праводзіліся ў некаторых абласьцях Беларусі, было задзейнічана, якнайменей, 60 тысячаў вайскоўцаў. «Дакумэнт абапіраецца перадусім на даволі дакладныя здымкі са спадарожнікаў, якія часткова былі прадстаўленыя бундэсвэрам», — гаворыцца ў артыкуле.

«Прыкладна праз два тыдні ў Бруселі зьбяруцца міністры замежных справаў краінаў NATO — і там тэмай абмеркаваньня зноў будзе стаўленьне да Расеі. Падставай паслужыў яшчэ адзін сакрэтны даклад пра абароназдольнасьць альянсу ў выпадку сапраўднай канфрантацыі з Расеяй, у якім ідзе гаворка пра значныя прабелы і неабходнасьць фармаваньня новай каманднай структуры ў Эўропе», — заключае Der Spiegel.